24 травня — Дзень славянскага пісьменства і культуры.
24 травня — 120 гадоў з дня нараджэння Адама Русака (1904 – 1987), беларускага паэта.
Каляндар памятных датМіжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго» сёлета прайшоў у Жыровіцах і сабраў паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў і выкладчыкаў з розных рэгіёнаў Беларусі і больш чым дзесяці краін свету.
«Мы часта спрачаліся, дзе варта збірацца: у Мінску ці ў тых гарадах, дзе праводзіцца свята, і выбралі ўсё ж другі варыянт. Для вас гэта магчымасць лепш пазнаёміцца з нашай краінай, убачыць на свае вочы тыя ўнікальныя краявіды і памятныя мясціны, якімі ганарыцца канкрэтная мясцовасць», — зазначыў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, вітаючы ўдзельнікаў круглага стала. Сапраўды, кампліментаў на адрас Беларусі з боку замежных гасцей гучала нямала, але перадусім літаратары прадстаўлялі свае новыя творы і даследаванні, абмяркоўвалі існуючыя літаратурныя сувязі і будучыя сумесныя праекты.
Як нават адзінкавы факт з біяграфіі пісьменніка можа выліцца ў цікавае міжнароднае супрацоўніцтва, расказаў намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», літаратуразнаўца Мікола Трус. Ён згадаў, што ў 1935 годзе пасля заключэння паміж СССР і Чэхаславакіяй дагавора аб узаемадапамозе адбыўся абмен дэлегацыямі культурных дзеячаў. У склад савецкай дэлегацыі разам з Аляксеем Талстым, Аляксандрам Фадзеевым, Іванам Мікітэнкам і іншымі пісьменнікамі і журналістамі ўвайшоў беларускі паэт Янка Купала. Кожны крок дэлегацыі СССР абмяркоўваўся ў славацкай прэсе — ад ухвальных справаздач да крытычных артыкулаў і фельетонаў, давалася нават падрабязнае апісанне знешнасці літаратараў, але таксама ў гутарках з савецкімі дэлегатамі ўздымаліся і сур'ёзныя тэмы — праблемы малых народаў, фашысцкай пагрозы і г. д. Адносна нядаўна землякам удалося знайсці кнігі з аўтографамі Янкі Купалы і невядомыя здымкі савецкай дэлегацыі. «Праведзеныя даследаванні сталі асновай маёй манаграфіі «Янка Купала ў Славакіі», якая выйшла ў 2012 годзе, а ў 2015-м пры падтрымцы дыпламатычнага корпуса абедзвюх краін быў зладжаны міжнародны культурны праект «Славацкімі шляхамі Купалы», удзельнікі якога, сучасныя беларускія пісьменнікі, журналісты і навукоўцы, паўтарылі шлях савецкай дэлегацыі. Падчас гэтага праекта былі дасягнутыя дамоўленасці аб ушанаванні ў гарадах Славакіі памяці паэта і ўстанаўленні памятных знакаў», — сказаў Мікола Трус.
У ролі не толькі дыпламата, але і пісьменніка ўдзельнічала ў рабоце круглага стала Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Індыі ў Беларусі Сагніта Бахадур. «На маю думку, літаратура — сапраўды тое, што аб'ядноўвае ўсіх людзей, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, дапамагае кожнаму з нас раскрыць у сабе найлепшыя якасці. І перадусім гэта датычыцца майго любімага жанру фэнтэзі. Ён старажытны, і ўсе мы яго добра ведаем, бо раслі на казках і паданнях народаў свету. А сёння фэнтэзі як ніякі іншы жанр дазваляе знайсці ў сабе нешта падобнае да герояў, а разам з тым ненавязліва, мякка прадстаўляе чытачу іншыя сусветы, не падобныя на звыклае атачэнне кожнага з нас», расказала яна.
Вядомы польскі пісьменнік і рэпарцёр, член Рускага геаграфічнага таварыства і Каралеўскага геаграфічнага таварыства ў Лондане Яцэк Палкевіч, за плячыма якога больш чым паўвека падарожжаў па ўсім свеце, ад экзатычных выспаў да залатых руднікоў Ганы, ад пустыні Гобі да полюса холаду ў Аймяконе, перакананы, што нацыянальныя культуры і літаратуры — ледзь не галоўны сродак супрацьстаяння працэсам глабалізацыі і ўніфікаванага ладу жыцця. «Падчас сваіх вандровак я не толькі вывучаў культурны досвед высокацывілізаваных нацый, але і многаму навучыўся ў далёкіх карэнных плямёнаў, і адна з важных мудрасцяў, якую я пачуў у падарожжах, нагадвае пра тое, што суседзі цераз блізкую мяжу важнейшыя за брата за гарой. Нашы краіны звязаныя не толькі суседствам, але і гістарычным лёсам, а таму, на мой погляд, мусяць наладжваць больш шчыльнае партнёрства — у тым ліку літаратурнае».
Філолаг, краязнаўца, публіцыст і выкладчык Глеб Кудрашоў якраз прывёз з Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта сведчанне такога партнёрства: томік «Энеіды» Івана Катлярэўскага ў перакладзе на беларускую Аркадзя Куляшова з аўтографам народнага паэта Беларусі. У гэтай літаратурнай знаходцы, можна сказаць, сышліся зоркі і сімвалічныя лічбы: пераклад паэмы-бурлеска, які быў выдадзены ў 1969-м у Мінску — да 200-годдзя з дня нараджэння Катлярэўскага, адшукалі ў Палтаве праз 50 гадоў — акурат на 105-ю гадавіну з дня нараджэння Куляшова. «Мне вельмі сумна, што сёння Саматэвічы, родная вёска Аркадзя Куляшова, знаходзіцца ў зоне адсялення пасля аварыі на ЧАЭС, але разам з тым радасна, што цяпер мы маем яшчэ адзін агульны пункт судатыкнення ў літаратурнай сістэме каардынат і што сумесныя праекты ў гэтай сферы безумоўна будуць працягвацца», — падзяліўся эмоцыямі ўкраінскі даследчык.
Лінію мінуўшчыны і сучаснасці злучыў таксама госць з Санкт-Пецярбурга Аляксандр Карскі — праўнук акадэміка Пецярбургскай і Чэшскай акадэмій навук Яўхіма Карскага, філолага, палеографа і этнографа, праца якога (у прыватнасці, трохтомнае выданне «Беларусы») заклала фундамент айчыннага навуковага мова- і літаратуразнаўства. Нашчадак знакамітага вучонага прысвяціў 17 гадоў жыцця складанню двухтомніка, у якім падрабязна разглядаюцца біяграфія Яўхіма Карскага і яго роля ў папулярызацыі беларускага фальклору, мовы і літаратуры.
Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана Мінхажыдзін Хаджыматаў нагадаў, што культурныя сувязі паміж нашымі краінамі маюць плён: узаемныя пераклады класічных твораў літаратуры, адкрыццё помніка Якубу Коласу ў Ташкенце і Алішэру Наваі ў Мінску, правядзенне сёлета Дзён культуры Узбекістана ў Беларусі... А зусім нядаўна ў Ташкенце пры падтрымцы грамадскага фонду «Творчасць» убачыў свет зборнік беларускіх паэтаў у перакладзе на ўзбекскую.
Таксама неўзабаве выйдзе з друку першы літаратурны альманах «Казастан—Беларусь», куды ўключаны творы аўтараў пачатку ХХІ стагоддзя. «Супрацоўніцтва ў гэтай сферы не толькі збліжае нашы народы, але таксама ўбудоўвае нашы літаратуры ў сусветны культурны працэс», — адзначыла загадчык аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязяў Інстытута літаратуры і мастацтва Мінадукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан Святлана Ананьева.
«Размежаванне, раз'яднанне — прамы шлях да варожасці, — перакананы паэт, эсэіст, перакладчык і публіцыст з Расіі Уладзімір Беразеў, які больш за дзесяць гадоў узначальваў літаратурны часопіс «Сібірскія агні», — а таму мы робім усё магчымае, каб наноў аб'яднаць пісьменнікаў нашых краін. З 2003 да 2014 года на старонках «Сібірскіх агнёў» былі апублікаваны больш чым два дзясяткі беларускіх аўтараў, а ў канцы 2009-га адзін з нумароў быў цалкам прысвечаны беларускай паэзіі і адкрыў для расійскага чытача мноства цікавых, раней не вядомых аўтараў...»
Адзін з выдатных спосабаў зберагчы родную мову і літаратуру — папулярызаваць яе за мяжой, мяркуе прафесар гісторыі Рымскага ўніверсітэта Lа Sаріеnzа Франчэска Гуі. Ён прывёў у прыклад Святлану Алексіевіч — пасля атрымання беларускай пісьменніцай Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў Італіі вельмі зацікавіліся не толькі яе творчасцю, але і іншымі беларускімі аўтарамі, таму варта разгледзець перспектывы іх перакладу на італьянскую.
Гэтую ж думку падтрымаў член Саюза пісьменнікаў Грузіі, паэт і перакладчык Аляксандр Элердашвілі, які займаўся перакладамі санетаў Янкі Купалы: «У мяне ёсць жаданне выдаць на грузінскай анталогію беларускай паэзіі, а на беларускую, у сваю чаргу, перакласці шэдэўры сусветнай літаратуры — у прыватнасці, я даўно рэалізую праект па перакладзе вершаў Амара Хаяма на розныя мовы свету».
«Я згодны з калегамі, што на шляху адно да аднаго вельмі важна мець правадніка — у літаратуры гэта перакладчык, — дадаў празаік, эсэіст і драматург з Малдовы Мікалай Русу. — Неабходна запоўніць той вакуум, які ўтварыўся паміж нашымі краінамі пасля распаду СССР, якаснымі перакладамі класічных і сучасных твораў». Сваё перакананне літаратар падмацаваў лічбамі: вывучыўшы бібліятэчныя фонды ў адным з найбуйнейшых кнігасховішчаў Малдовы, ён падлічыў, што ў перыяд 1965—1990 гадоў у краіне было выдадзена 17 кніг беларускіх пісьменнікаў, а таксама 19 зборнікаў паэзіі і анталогія прозы «Вяснянка», у якую ўвайшлі 42 аўтары, а з пачатку ХХІ стагоддзя ў Бухарэсце былі надрукаваныя толькі тры кнігі беларускіх пісьменнікаў...
Усе ўдзельнікі круглага стала пагадзіліся, што сітуацыю трэба змяняць да лепшага — тым больш творчых ідэй і імпэту для гэтага хапае. Абмеркаванне кірункаў літаратурнага супрацоўніцтва працягнецца ўжо гэтай восенню — 3-4 кастрычніка ў Магілёве пройдзе пленум пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.
Падчас Дня беларускага пісьменства ў Слонімскім драматычным тэатры прайшоў фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».
Сёлета ўдзел у творчым спаборніцтве бралі амаль 13 тысяч школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а ў фінале выступілі 15 найлепшых чытальнікаў з Брэста, Гомеля, Докшыц, Мінска, Петрыкава, Магілёва, Віцебска, іншых гарадоў і вёсак.
Шукаючы блізкія ім па духу творы, асаблівую ўвагу дэкламатары і іх настаўнікі аддалі тэме любові да малой радзімы, а таксама 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пераможцаў конкурсу ў чатырох узроставых катэгорыях (1—4 класы, 5—6, 7—8 і 9—10) вызначала прафесійнае журы на чале з міністрам інфармацыі Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам.
Першымі сярод найлепшых пасля гарачых спрэчак суддзі назвалі 8-гадовую вучаніцу петрыкаўскай гімназіі Паліну Пінчук, без пяці хвілін выпускніка, валанцёра ЮНІСЕФ і дзеючага тэлевядучага Мікіту Шпілеўскага з Гомеля, а таксама адразу дзвюх прадстаўніц Докшыц: шасцікласніцу Тумілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Марыю Наско і вучаніцу гарадской СШ № 2 Віялету Будзько, якая дайшла да фіналу «Жывой класікі» ўжо трэці раз і нарэшце перамагла. Зрэшты, дыпломы Міністэрства адукацыі, заахвочвальныя прызы і падарункі ад партнёраў праекта атрымалі ўсе фіналісты конкурсу.