Рус | Бел

Бліскучы фінал года

11.02.2016      911
Бліскучы фінал года

Летась Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” споўнілася 15 гадоў — юбілею і прысвячаўся шэраг мерапрыемстваў. А яшчэ і 70-годдзю Перамогі. Мы расказвалі пра вялікі фестываль “Жывем і памятаем”, яго ініцыявалі нашы супляменнікі (“Удзячная памяць нашчадкаў”, 21.01.2016). “Год быў насычаны: каб адзначаць падзеі, патрэбныя былі крэатыўныя ідэі, мы нямала цікавага прыдумалі ды правялі, — гаворыць прэзідэнт суполкі Ірына Глуская. — І што б грамадска важнага ні рабілі, а ўсё паслужыць захаванню і развіццю беларускай культуры, мовы, народных традыцый, звычаяў на самарскай зямлі. Сімвалічна, што ў юбілейны год Юлія Цяплянская і Георгій Курмакоў, лідэры моладзевага крыла суполкі, стварылі сям’ю, прытым мы згадалі традыцыі беларускага вяселля. Дарэчы, такога ў Самарскай вобласці даўно не было”.

З песнямі, танцамі святкавалі ў Самары летась Каляды, Грамніцы, Масленіцу... Увесну ладзілі фэст руска-беларускага мастацтва “Адзінства”: да Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі. Увесь год беларускі вакальны ансамбль “Каданс” даваў дабрачынныя канцэрты, на Волзе сустракалі гасцей з Беларусі: з мінскім гуртом “Спадчына” ў Дзень горада дзяўчаты спявалі разам на святочнай сцэне.

Грандыёзным фінальным акордам напрыканцы года, у снежні стаў Гала-канцэрт XI Абласнога беларускага дзіцяча-юнацкага фестывалю-конкурсу мастацтваў “Беларусь — мая песня!” Гэта быў сапраўдны парад талентаў. А спачатку госці знаёміліся з выставай работ выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — усё там было з беларускім нацыянальным каларытам. “Гала-канцэрт — гэта вяршыня фестывалю, — удакладніла Ірына Глуская, яго заснавальніца і старшыня журы. — Паўдзельнічаць запрасілі лепшых выканаўцаў беларускіх песень і танцаў”. З кожным годам павышаецца майстэрства юных выканаўцаў, прадаўжае яна. У тым вялікая заслуга педагогаў: гэта мастацкі кіраўнік “Каданса” Іна Сухачэўская, а таксама Ірына Ключнікава, Наталля Ганчарова, Наталля Меліхава з Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчасць”, Маргарыта Варанецкая і Кацярына Стрынакова з 36-й і 80-й школ, многія іншыя.

Беларуская музыка, песні, танцы — усё гэта аб’яднаў Гала-канцэрт. Часам здавалася, што і гледачы, і госці, і нават самі яго ўдзельнікі, акунуўшыся ў атмасферу беларускага мастацтва, чароўным чынам перамясціліся ў Беларусь, прытым кожны атрымаў феерверк станоўчых эмоцый. Са мной пагодзіцца кожны, хто хоць раз быў у Самары на падобных імпрэзах. Як хораша, напрыклад, спяваў жартоўную песню “Гэй, у лесе пры даліне” беларуска-армянскі дуэт: Крысціна Сухачэўская ды Ілона Далуханян! Ну так дасціпна яны паказвалі таго камара, які “з дуба ды зваліўся”, і “пабіў камар бакі аб дубовыя сукі/ Ды пабіў камар калені аб дубовыя карэнні”… Своеасаблівым майстар-класам для ўдзельнікаў Гала-канцэрта стала выступленне ансамбля “Каданс”: гучалі песні “Бераг родны”, “Люблю цябе, Белая Русь”, “Сэрца Беларусі” ды іншыя. Цудоўныя галасы, разнажанравыя кампазіцыі на беларускай мове. Некаторыя гледачы перагаворваліся: з якога гэта горада Беларусі прыехалі дзяўчаты? А яны — самарскія.

Паспяхова дэбютавала на фестывалі з песняй “Матуля-Беларусь” шасцігадовая Ірышка Сакалова: яна з цэнтра “Творчасць”, педагог Іна Сухачэўская. Юная артыстка надоўга запомніць бурныя апладысменты. Артыстызм, шчырая любоў да беларускай культуры — гэта было ў аснове кожнага нумара Гала-канцэрта. У праграму журы адабрала 27 нумароў. Усе ўдзельнікі фестывалю-конкурсу адзначаны дыпломамі, атрымалі памятныя падарункі. А ўручалі іх юным артыстам Ірына Глуская, яе намеснік Мікалай Чырко ды Юлія Цяплянская.

Фэстам і завяршылі супляменнікі ў Самары Год літаратуры ў Расіі ды Год моладзі ў Беларусі. Цяпер у іх шмат новых планаў, бо 2016-ы ў Беларусі — Год культуры, у Расіі — Год расійскага кіно, а ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў — Год адукацыі. Так што будуць новыя праекты, сустрэчы, канцэрты.

У рэдакцыю нядаўна прыйшло паведамленне з Самары: у конкурсе “Лепшае нацыянальна-культурнае аб’яднанне гарадской акругі Самара 2015 года” суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000” прызнана лепшаю ў намінацыі “Лепшае мерапрыемства”. Ёй уручаны Дыплом за 1 месца і каштоўны падарунак.

Віншуем самарскіх беларусаў з заслужанай узнагародай! Спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар