Рус | Бел
Супрацоўніцтва
з Выдавецкім домам «Звязда»
  Анонс падзей

З юбілеем, Ваўкавыск!

19.08.2015      1247
З юбілеем, Ваўкавыск!

Яшчэ ў лютым суполка “Нёман” атрымала запрашэнне ад партнёраў і сяброў прыехаць на святкаванне юбілею горада. Вырашылі: у Ваўкавыск едзем з ансамблем беларускай песні “Купалiнка”, паднавіўшы яго склад, з новым рэпертуарам. У паездку я запрасіла і даўніх сяброў — харэаграфічны ансамбль народнага танца “Лицей” з Ліцэя мастацтваў. Хацелася пазнаёміць навучэнцаў з Беларуссю, а жыхарам горада-юбіляра ў чарговы раз прывезці музычна-спеўна-харэаграфічныя падарункі. Рэпетыцыі праходзілі штодня: вакал, харэаграфія, сцэнічная мова.

Наш творчы дэсант праводзілі ў дарогу бацькі і сваякі. У Маскве сустракаў супрацоўнік Пасольства Юры Суханосік — з аўтобусам: нас перавезлі з Казанскага на Беларускі вакзал. Дзякуй! Яшчэ ноч у дарозе — і станцыя Масты Гродзенскай вобласці. Сустракала Святлана Вараніца з Таццянай Сяргеевай ды шафёр Аркадзь. Дзякуючы Святлане Уладзіміраўне ў 2010-м пачалося наша сяброўства з Ваўкавыскам і раёнам. Цяпер яна працуе ў Гродне, але ж сябруем!

Першы прыпынак — у мемарыяльным комплексе вёскі Шавулічы: у вайну карнікі спалілі яе разам з жыхарамі. Як і Хатынь, месца трагедыі далёка ад населеных пунктаў, але там чыста, дагледжана. Зрубы хат, звон, вельмі шмат жывых кветак. Беларусы заўсёды памятаюць жахі вайны, цану Перамогі — і гэта бачна. 

У Ваўкавыску для нас усё падрыхтавалі: утульнае жыллё, смачнае харчаванне, транспарт. Прыемна! 18 ліпеня — сустрэча прадстаўнікоў дэлегацый з Расіі, Літвы, Польшчы, Беларусі са старшынёй райвыканкама. Міхаіл Сіцько ветліва сустракае гасцей. Я трэці раз у горадзе, зачытала Прывітальны адрас кіраўніку горада ад мэра Тальяці, спікера тальяцінскай Думы. Міхаіл Міхайлавіч удзячны за віншаванні, увагу. Абмяняліся сувенірамі. Хвалюючы момант гісторыі фіксуе на фота, відэа Віталь Шылкін, мой унук. 

Свята пачалося з мітынгу, ён прысвячаўся 71-й гадавіне вызвалення Ваўкавыскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Потым — шэсце па вуліцах горада. Ішлі з намі і вайскоўцы, і аркестр, і кіраўніцтва раёна, дэлегацыі гарадоў-партнёраў… На плошчы Леніна — прадукцыя, тавары мясцовых вытворцаў. Багатая экспазіцыя! Жыхароў і гасцей горада парадавалі выступамі Хор імя Цітовіча, хор святароў Гродзенскай епархіі, выступалі і гурты з Тальяці. На новай вялікай сцэне! І нашы гурты былі на вышыні. Позна ўвечары — музычны фэст EDM Explosion, лазернае фаер-шоу. Феерверк! 

Начальнік аддзела па культуры ды ідэалогіі Дзмітры Зязюля расказаў: горад рыхтаваўся да свята. Напярэдадні ў Ваўкавыску перад райвыканкамам усталявалі знак у гонар атрымання горадам Магдэбургскага права. Вялікі валун, на ім выбіты гістарычны герб горада ў выглядзе галавы ваўка. У скверы воінаў-інтэрнацыяналістаў адкрыты манумент: даніна павагі мужнасці ўдзельнікаў баявых падзей і лакальных войнаў ХХ стагоддзя.

На наступны дзень паехалі выступаць у аграгарадок Вярэйкі: запрасілі мясцовыя жыхары. Гурт “Купалінка” і раней бываў там. Мясцовы Дом культуры не пазнаць: выдатны рамонт, глядзельная зала, бібліятэка, зала для рэгістрацыі маладых і нованароджаных. Пляцоўка вакол ДК — у розных колерах. Душа радуецца! Значыць, ёсць гаспадары, ёсць прыбыткі, каб ствараць прыгажосць. А для нас які падарунак: поўная зала людзей! Вярэйкаўцы ведалі пра наш прыезд. Кіраўнік гаспадаркі “Ваўкавыскае” С. Н. Сідаровіч, старшыня Вярэйкаўскага сельвыканкама А. М. Стасюкевіч і Дзмітры Зязюля расказалі пра новаўвядзенні ў аграгарадку. А потым мы паказвалі ўсю сваю праграму, якую старанна рыхтавалі. Канцэрт усім вельмі спадабаўся, апладзіравалі стоячы. Дарылі букеты. Пакармілі смачным абедам, ды яшчэ цэлы кошык марожанага з сабою далі. Урэшце адпусцілі з сяброўскіх абдымкаў, і аўтобус павёз гурты ў санаторый “Пралеска”. Там сустракалі артыстаў нашы даўнія сябры: галоўурач В. І. Кухарчык, яго намесніца Г. Р . Найдзюк. Колькі ж падзячных слоў мы пачулі пасля канцэрта! Гледачам спадабаліся песні ў выкананні Веранікі Нікулінай, Аліны Паўлавай, Яны Звяздзілінай, Сафіі Дуюн, Вольгі Мачалавай. Я спявала новыя песні, а “Ой, бабы, бабы” выканалі па просьбе гледачоў з Верай Скібінскай.

Ну ўмеюць у Беларусі шанаваць мастацтва! На ўсіх трох канцэртах апладзіравалі нам стоячы. Шмат добрых слоў пачулі: і пра рэпертуар, і пра таленавітую моладзь. Танцоркі з “Лицея”, і сапраўды, нібы лёталі над сцэнай. На наступны год, дарэчы, Міхаіл Сіцько, пэўна, бачачы такія таленты, запрасіў нас у моладзевы летнік: на два тыдні! Так што мы яшчэ сустрэнемся.

З Ваўкавыска “Лицей” праводзілі ў Тальяці, а “Купалінка” скіравалася ў Мінск. Там, як і планавалі, сустрэліся з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаілам Рыбаковым. Ён падарыў ноты, сувеніры, кнігі, сцяжкі, беларускі флаг — шмат усяго для нас каштоўнага. Наведалі Музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку з яе агляднай пляцоўкай, Музей Уладзіміра Мулявіна. Сустракаліся з паэтам Кастусём Цыбульскім, з кіраўніком ансамбля са Смалявіч “Пліса”. Яшчэ проста гулялі па горадзе, любаваліся прыгажосцю сталіцы. З намі былі яшчэ і педагогі-парнёры з мастацкіх школ Тальяці: Дзіцячай музычнай імя Балакірава і спецыялізаванай 46-й. Пры падтрымцы суполкі “Нёман” яны наладжваюць кантакты з Беларуссю, плануюць стварыць куткі, музеі, прысвечаныя беларускай гісторыі, культуры. А можа і завязаць сяброўства з падобнымі навучальнымі ўстановамі Мінска.

І яшчэ прыемная навіна: я купіла цымбалы! Спачатку асвою сама, а потым, можа, навучу граць і ўнучку Машаньку. Яна сёлета паступіла ў музычную школу. Трэба ж рыхтаваць змену… 

Ад імя ўсяго тальяцінскага творчага дэсанта кажу яшчэ раз: з юбілеем цябе, наш родны Ваўкавыск! І вялікі дзякуй усім, хто дапамог ажыццявіць незабыўную паездку, хто душэўна прымаў нас у Ваўкавыску, Ваўкавыскім раёне і ў Мінску.

Аўтар: Людміла Дзёміна, кіраўніца суполкі “Нёман”, г. Тальяці

Каментар да фатаграфіі

Госці з Тальяці з поспехам выступалі і ў аграгарадку Вярэйкі Ваўкавыскага раёна

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар