Алесь Камоцкі
Дата нараджэння: 09.06.1958
Месца нараджэння: Барысаў
Беларускі паэт, выканаўца ўласных песень, нарадзіўся 09.06.1958 ў Барысаве. У 1975-1976 навучаўся ў музычнай вучэльні па класе кларнета (Маладзечна). У 1977-1979 гадах служыў у войску. У 1986 годзе скончыў філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Жыве ў Мінску.
Песьні з альбома "З бацькоўскай кружэлкі" – папулярныя за савецкім часам песьні, пераствораныя і выкананыя па-беларуску Алесем і ягонымі музыкамі https://kamunikat.org/kamocki-ales
Ляцяць птушкі, музыка Матвея Блантэра, словы: Міхаіла Ісакоўскага,
пераклад Алеся Камоцкага
Блакітам нябёсаў асеньніх, паветрам празрыстага дня
Лятуць пералётныя птушкі цяплейшага сонца дагнаць.
А я на зямлі застаюся чакаць маразы і сьнягі
У роднай сваёй Беларусі, дзе кожны куток дарагі.
Растане ільдзінка расстаньня, развеецца смутак стары,
Стагоддзі лічыць не прыстане зязюля ў зялёным бары.
Мая маладзея надзея і робіць салодкім палын.
Тут нават, калі захварэю, ніколі ня буду адзін.
Калі яшчэ вернуцца гусі, калі яшчэ прыйдзе вясна,
Да печы пакуль прытулюся, зріну на падворак з вакна.
Цяплее пятля сьнегавею, што вывесіў студзень на тын,
Ці ж гэтак душу мне пагрэюць спякотныя сонцы чужын!
Стары клён, музыка Аляксандры Пахмутавай, словы Міхаіла Матукоўскага, пераклад Алеся Камоцкага
Клён стары у двары шыбу мацае лістом,
Запрашае перайсціся надвячоркам.
Як у сьне сэрца мне агарнула хараством
Ад таго, што ты ўжо блізка, мая зорка.
Сьнегапад, сьнегапад, сьнегапад згубіў свой сьнег,
Сьвет, мінаючы зіму, ў вясну імкнецца.
А чаму, а чаму, а чаму так лёгка мне,
А таму, што ты мне хутка усьміхнешся.
Небасхіл, небасхіл прыглушыў вагні свае,
Таямніцу пахаваўшы ў небе чыстым.
І калі на зямлі сьпеў гармонік раздае,
Справа ў тым што пакахалі гарманіста.
Самотны гарманіст, музыка Барыса Макравусава, словы Міхаіла Матусоўскага, пераклад Алеся Камоцкага
Навакольле, нарэшце, заснула,
Подых цемры згасае ў цішы.
Ды дрымотны спакой вузкіх вулак
Сьпеў гармоніка разварушыў.
То як быццам, за вёску выходзіць,
То здаецца, – вярнуўся дамоў.
Штосьці ў прыцемках ён не знаходзіць
І шукае, шукае ізноў…
Сьвежы повеў начной прахалоды
Кветкі з яблынь страсае у двор,
Гарманіст, не губляючы сподзеў,
Выглядае кагосьці між зор…
Ды ці трэба шукаць так далёка,
Калі шчасьце ў суседнім двары.
Павярніся, зрабіўшы два крокі,
І яго да сябе забяры…
Журавы, аўтар музыкі ня вызначаны, першапачатковыя словы Аляксея Жамчужнікава, пераклад Алеся Камоцкага
Я пад небам чужым быццам госьць нежаданы,
Чую крык журавоў, што маркоцяць абсяг.
Сэрцу цесна ў грудзях, рвецца за журавамі,
Іх пад небам чужым я праводжу адзін.
Праімчацца яны і па небе радзімы,
Я б хацеў з вышыні іх вычыма зірнуць,
Я хацеў бы адчуць, як пяшчотна абдымуць
Дарагой стараны успаміны і сны.
Сівізна туманоў, слота і навальніцы,
Вочы смутных людзей, сонныя паплавы.
Ах, як сэрца баліць, як заплакаць баіцца,
Перайміце свой крык нада мной, журавы…
А яны ўсё бліжэй, я ў палоне адчаю,
Быццам вестку журбы тоіць сум мой жывы,
Дык скажыце, адкуль, і з якога вы краю
Прыляцелі сюды на начлег, журавы.
Ды, на жаль, у жыцьці не бывае дзівосаў,
Мне ня стаць журавом тут, пад небам чужым.
Тут, пад небам чужым і у гэтую восень
Застаюся я жыць, застаюся тужыць.
Сонца, музыка Ежы Пецярсбургскага, словы Іосіфа Альвека,
пераклад Алеся Камоцкага
Так натомлена сонца развіталася з морам,
Ты сказала з дакорам: “Каханьне – зман”.
Ахінутыя сумам, бяз тугі, без адчаю
Твае словы гучалі… Гусьцеў туман.
Развітаньня не шукаю сэрцу,
Развітаньне проста настае.
Так натомлена сонца развіталася з морам,
Ні цябе, ні дакору няма ў мяне.
Так натомлена сонца развіталася з морам,
Ні цябе, ні дакору няма ў мяне.
Сяброўства, музыка Поля Марсэля (Леапольд Іасялевіч), словы Андрэя Шмульяна, пераклад Алеся Камоцкага
Як толькі ты з усёй пяшчотай
У сэрца мне зірнеш наўпрост –
Душа пакіне сваю самоту,
Каб не забыць ніколі пра мілосьць.
Сьвятло сустрэч і боль расстаньняў
Хачу дзяліць з табой заўжды,
Ў руцэ рука, ў душы каханьне
І доўгі шлях праз дні і гарады…
Мы марных слоў казаць ня хочам,
Усё бяз іх вядома нам,
Да сэрца праўду даносяць вочы,
І мы удзячны сэрцу і вачам.
Сьвятло сустрэч і боль расстаньняў
Хачу дзяліць з табой заўжды,
Ў руцэ рука, ў душы каханьне
І доўгі шлях праз дні і гарады.
Ноч ня сьпіць (Вспомни ты обо мне), аўтарамі музыкі лічаць Якава Прыгожава ды Міхаіла Шышкіна, аўтарамі слоў — паэтаў Леаніда Гравэ ды Міхаіла Языкава, пераклад Алеся Камоцкага
Ноч ня сьпіць. Над ракой поўня шырыць прастор.
Чыстым срэбрам зьвініць хваля цемры ў дакор.
Ноч ня сьпіць. Над ракой поўня шырыць прасор
Чыстым срэбрам зьвініць хваля цемры ў дакор.
Лес заціх, цень галін тоіць рэшткі вагней,
Звонкіх песень сваіх не пяе салавей.
Расцвілі ў снах нябёс кветкі новай вясны
Мроі ў сэрцы ізноў абудзілі яны.
Сьветлым імем тваім я пярэчу журбе
Ты пяшчота мая, сумна мне без цябе.
Ноч ня сьпіць. Над ракой поўня шырыць прасор
Чыстым срэбрам зьвініць хваля цемры ў дакор.
Гэтай ноччу у сьне у чужой старане
Ты, пяшчота мая, ўспамінай пра мяне.