Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Усе чытаюць М. Багдановіча!

10.09.2015 1595

Акцыя «Усе чытаюць М. Багдановіча!» завяршылася ў яраслаўскім мемарыяльным доме-музеі Максіма Багдановіча. 

Удзельнікам акцыі было прапанавана запісаць відэа з чытаннем вершаў Максіма Багдановіча і даслаць на электронную пошту музея. Такі незвычайны фармат папулярызацыі творчасці паэта выклікаў шырокі водгук у моладзі, якая цяпер актыўна выкладвае ў інтэрнэце відэаролікі са сваім удзелам. Арганізатары атрымалі каля 50-ці відэа ад яраслаўцаў. Самаму малодшаму ўдзельніку акцыі Рыгору Лабюку споўнілася 6 гадоў, а самай старэйшай – Ліліі Праскурынай – 75. 

Сярод дасланых відэа-ролікаў былі цэлыя тэатральныя пастаноўкі, напрыклад, верш «Ноч» у выкананні вучаніц 3 класа школы № 16 Яраслаўля Паліны і Алёны Мадэнавых. Прыемным сюрпрызам для музейных супрацоўнікаў стала відэа Вусала Насірава, які прачытаў верш Багдановіча «Дзед» з перакладам на яго родную азербайджанскую мову. 

Самыя арыгінальныя ролікі былі апублікаваныя ў сацыяльных сецівах на старонках у Кантакце і Facbook музея Максіма Багдановіча і нашых партнёраў Літаратурнага музея М. Багдановіча ў Мінску. Ніхто з удзельнікаў акцыі не застаўся незаўважаным: усе атрымалі Падзячныя лісты на рускай і беларускай мовах і памятныя сувеніры.

Дзед
Так цёпла цэлы дзень было,
Што дзед — і той сцягнуўся з печы,
Ля рэчкі сеў, дзе больш пякло,
І грэў пад старай сьвіткай плечы.
Сінеўся бор, цякла вада,
Скрозь пахла мёдам і травою…
А дзеду нат і не шкада,
Што хутка будзе ён зямлёю.
(1913)

* * *
Ізноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сьцены мохам парасьлі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усе ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс «Вэраніка»,
Па ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расьці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумэнт жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы сьпева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.
(1913)

Аўтар: Наталля Прохарава, Музей М. Багдановіча ў Яраслаўлі

Яшчэ фота

Каментары да фатаграфій

  1. Багдановіча можна спяваць
  2. Дыплом з Беларусі