Форум “Гісторыя, якую мы ствараем разам”
15-26 верасня 2024 года ў сталіцы Расіі прайшоў Форум “Гісторыя, якую мы ствараем разам”, прымеркаваны да 25-годдзя ўтварэння грамадскай арганізацыі “Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі”. Імпрэза аб’яднала шырокае кола беларусаў Масквы, Маскоўшчыны ды дэлегатаў з 27 рэгіёнаў Расіі, што дало магчымасць дэталёва абмеркаваць надзённыя пытанні захавання нашае культурнае спадчыны.
Перш за ўсё ўдзельнікі форуму сустрэліся ў скверы на Кутузаўскім праспекце ля помніка выбітнаму беларускаму паэту, драматургу, публіцысту Янку Купалу. Менавіта тут адбылося афіцыйнае адкрыццё форуму і прагучалі першыя выступленні яго ўдзельнікаў.
Урачыстую цырымонію форуму адкрыў у Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў старшыня ФНКА беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч. У Расійскай Федэрацыі склалася шматузроўневая структура беларускай дыяспары, што ўключае ў сябе больш за 80 грамадскіх аб’яднанняў беларусаў: 15 рэгіянальных і 35 мясцовых нацыянальна-культурных аўтаноміяў, культурна-асветніцкія таварыствы, культурныя цэнтры, клубы і зямляцтвы. Буйнейшая з іх – створаная дваццаць пяць гадоў таму Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі. Галоўная мэта аўтаноміі – садзейнічаць вырашэнню пытанняў міжэтнічнага і міжканфесійнага жыцця расійскай супольнасці разам з захаваннем самабытнасці беларусаў, развіццём беларускай мовы, адукацыі, беларускае культуры і элементаў беларускага нацыянальнага ўкладу жыцця.
У сучасных геапалітычных умовах актуальным з'яўляецца падтрымка доўгатэрміновага, рознабаковага супрацоўніцтва з дружалюбнымі супольнасцямі і краінамі. Рада Аўтаноміі і яе актыў накікоўваюць свае намаганні на ўмацаванне расійска-беларускага ўзаемадзеяння, якое ў межах развіцця Саюзнай дзяржавы стала авангардам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Наспела неабходнасць далейшага развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння грамадства дзвюх краін, фарміравання агульнай культурнай, навуковай, адукацыйнай прасторы. Таму мелася абмеркаваць пытанні ўклада нацыянальна-культурных грамадскіх арганізацый у міжнацыянальнае адзінства народаў Расіі і вызначыць асноўныя напрамкі сумеснай дзейнасці па гарманізацыі міжэтнічных адносін, развіццю міжнацыянальнага ўзаемадзеяння, умацаванню грамадзянскага адзінства і самасвядомасці, абмяняцца практычным вопытам і выпрацаваць агульныя падыходы дзеля працягу гэтага супрацоўніцтва.
У рабоце форуму прынялі ўдзел, акрамя чальцоў Рады федэральнай, рэгіянальных і мясцовых аўтаноміяў беларусаў Расіі, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, Камітэта Дзяржаўнай Думы па справах нацыянальнасцяў, Федэральнага агенцтва па справах нацыянальнасцяў Расійскай Федэрацыі, Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі, Урада Масквы, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі «Асамблея народаў Расіі», госці з Рэспублікі Беларусь…
У Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў прайшоў Дзень беларускай культуры. Праграма мерапрыемства ўключала ў сябе круглы стол “Асветнікі зямлі беларускай”, работу майстар-класаў, выступленне ганаровых гасцей, канцэртную праграму.
Перад удзельнікамі Форуму выступілі артысты і творчыя калектывы Расіі і Беларусі – Ансамбль Мажарэтак-барабаншчыц, Ансамбль народнага танца “Расіяначка”, татарскі ансамбль “Ілхас”, народны фальклорны калектыў “Медуніца”; саліст Маскоўскага тэатра аперэты Леанід Бахталін, эстрадны спявак Леанід Лютвінскі, заслужаны работнік культуры РФ чалец Рады ФНКА Беларусаў Расіі Сяргей Костачка.
У межах праграмы былі прадстаўлены выставачны праект “Беларусь i беларусы” і “Упэўненая Беларусь”. Вялікую цікавасць у прысутных выклікала таксама арганізаваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь выстава “Дакрануцца душой да спадчыны”, дзе дэманстраваліся ўзоры прыкладнога мастацтва і беларускія нацыянальныя касцюмы. Быў прадэманстраваны дакументальны фільм пра дзейнасць ФНКА Беларусаў Расіі, адбылася прэзентацыя Вучэбнага дапаможніка “Гісторыя Саюзнай дзяржавы” з матэрыяламі навукова-практычнай канферэнцыі “Беларуская дыяспара Расіі ў гісторыі Саюзнай дзяржавы”.
З удзельнікамі форуму сустрэўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Аляксандр Рагожнік, уручыў ФНКА беларусаў Расіі Падзяку Міністэрства замежных справаў Беларусі за шматгадовую плённую працу па папулярызацыі і захаванні духоўнай і матэрыяльнай гісторыка-культурнае спадчыны беларусаў, што пражываюць на тэрыторыі Расіі, а старшыні ФНКА – Сяргею Кандыбовічу – нагрудны Знак выдатнасці ворганаў дыпламатычнай службы Беларусі “Партнёрства” – за значны асабісты ўнёсак у развіццё дружбы і супрацоўніцтва народаў Беларусі і Расіі, умацаванне міжнароднага аўтарытэту Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі форуму былі запрошаныя ў Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі на ўрачысты прыём з нагоды Дня народнага адзінства Рэспублікі Беларусь. У праграму мерапрыемства ўвайшло знаёмства з выставай “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці” і канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі імя Міхаіла Фінберга.
26 верасня 2024 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыя, якую мы ствараем разам”, арганізаваная Радай ФНКА Беларусаў Расіі і Гістарычным факультэтам МДУ імя М.В. Ламаносава. З паведамленнямі выступілі чальцы Рады ФНКА Беларусаў Расіі і кіраўнікі рэгіянальных і мясцовых нацыянальна-культурных аўтаноміяў і грамадскіх арганізацыяў беларускай дыяспары з розных рэгіёнаў Расіі. Канферэнцыя ажыццяўлялася ў змешаным афлайн-анлайн фармаце.
Дэлегацыя беларусаў Расіі ўсклала кветкі да Магілы невядомага салдата ля Крамлёўскай сцяны, стэлаў гораду-герою Мінску і крэпасці-герою Брэст, пасля чаго наведала з экскурсіяй Алмазны фонд Маскоўскага Крамля.
Уся работа форуму аператыўна і падрабязна адлюстроўвалася на чаце “ФОРУМ” месэнджэра WhatsApp.
Поўны фотасправаздача
Форум ФНКА Белорусов России "История, которую мы создаем вместе"