Рус | Бел
«Звязда» пачынае праект у падтрымку стварэння музея Алеся Адамовіча

«Звязда» пачынае праект у падтрымку стварэння музея Алеся Адамовіча

01.02.2016      2035

«Звязда» ўжо звярталася да балючай тэмы адкрыцця музея выдатнага беларускага класіка Алеся Адамовіча на яго малой радзіме ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна (нумары ад 28.10.15, 6.01.16). Менавіта там прайшло ваеннае дзяцінства пісьменніка, якое потым стала лейтматывам яго твораў.

Вайна і дзеці — што можа быць больш агідным і пачварным, чым гэтае спалучэнне? Толік Корзун з рамана «Вайна пад стрэхамі», Флёра з «Хатынскай аповесці», Паліна і Франц — героі аповесці «Нямко», расказчык, ад імя якога ідзе аповед у кнізе «Венера, або як я быў прыгоннікам», — Адамовіч глядзіць на тыя жахлівыя гады вачыма падлеткаў. І ад гэтага яшчэ болей баліць сэрца.

Ён і сваё не шкадаваў, бо заўсёды пісаў толькі пра тое, што балела. Таму і заўчасна пайшоў з жыцця. Яго не стала 26 студзеня 1994 года. Ён мог быць пахаваны ў Маскве або Мінску, на Усходніх могілках, дзе ляжыць шмат вядомых людзей і яго сяброў, але нават у вечнасці не хацеў разлучацца з роднай Глушай. Вялікі валун на пасялковых могілках з выбітым на ім крыжам Еўфрасінні Полацкай нагадвае пра тое, што тут ляжыць цалкам адданы сваёй радзіме сын.

Менавіта тут, над яго магілай, 22 гады таму ўпершыню прагучала ідэя стварэння ў Глушы музея. І нават названа канкрэтнае месца — аптэка! А як жа інакш? У час вайны яна стала цэнтрам падполля, праз якое трымалася сувязь з партызанамі, акрыляліся духам фізічна зломленыя палонныя.

Як мы ўжо пісалі, будынак былой аптэкі знаходзіцца на балансе Бабруйскага райвыканкама, але грошай на яго рэканструкцыю ў бюджэце няма. Музей можа з'явіцца дзякуючы фінансавай падтрымцы неабыякавых людзей. Раённыя ўлады са свайго боку абяцаюць пасля рэканструкцыі будынка і напаўнення экспанатамі зрабіць яго філіялам раённага музея і ўвесці стаўку навуковага супрацоўніка. Засталося толькі скрануцца з месца і пачаць нешта рабіць. «Звязда» распачынае праект у падтрымку будучага музея. У яго рамках мы будзем інфармаваць чытачоў, што робіцца для таго, каб гэтая добрая і патрэбная і для беларусаў, і для ўсяго свету (бо творы Адамовіча сёння зноў актуальныя) задума ажыццявілася. Сімвалічна, што стартуе наш праект у дзень памяці Алеся Адамовіча. Так склалася, але нічога, кажуць, на гэтым свеце няма выпадковага. Сёння ў нас дадатковая нагода ўспомніць пра тое, якога маштабу была гэта асоба.

Не забыцца б і не страціць

Кажуць, калі пра вайну забыць, яна зноў можа вярнуцца. Пра гэта нагадваў і Уладзімір Высоцкі ў сваёй «Баладзе аб новым часе», калі пісаў яе да кінастужкі «Вайна пад стрэхамі». Па дылогіі Алеся Адамовіча Віктар Тураў зняў два фільмы — «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Абодва творы цалкам аўтабіяграфічныя — пра ваенныя падзеі на прыкладзе маленькай Глушы.

Пасёлак, які ўсяго на кіламетр працягнуўся ўздоўж «варшаўкі» — аўтатрасы, па якой у 1941-м фашысты рушылі на Маскву, стаў вядомы на ўвесь свет. Як і подзвіг яго жыхароў, якія сталі прататыпамі герояў рамана. Кожнаму, хто праязджае па гэтай трасе сёння, адразу кідаецца ў вочы сіні з завалай на дзвярах дом. Гэта былая аптэка, галоўнае дзеючае месца раманаў Адамовіча. Пісьменнік так падрабязна апісаў у сваёй дылогіі звязаныя з ёй падзеі, што, здаецца, толькі адчыні дзверы будынка — і трапіш у іншую рэальнасць, якая панавала тут болей за 70 гадоў таму, адчуеш ледзяны подых вайны. Сёння, калі свет быццам бы перавярнуўся з ног на галаву, калі на арэну выходзяць сілы, якія спрабуюць пераасэнсаваць значэнне Другой сусветнай вайны, калі краіны небяспечна бразгаюць адна перад адной смертаноснай зброяй, такія месцы асабліва важныя. Каб «не забыцца і не страціць», як пісаў Уладзімір Высоцкі.

Пераклады для Францыі і Англіі

Музей Алеся Адамовіча ў Глушы — пакуль што мара. Патрэбна рэканструкцыя будынка, а гэта, як сведчаць у Бабруйскім райвыканкаме, не адна сотня мільёнаў. Такія выдаткі не па сілах мясцоваму бюджэту. Раённыя ўлады турбуюцца, што справа не акупіцца. Але каштоўнасць гэтага аб'екта ў ідэалагічным плане нельга пераацаніць.

Дзякуючы раману Глуша ўжо атрымала статус музея. Калі ажыве будынак аптэкі, увесь пасёлак стане часткай вялікай экспазіцыі. Да той самай шашы, па якой рухалася жалезная нямецкая армада, ад аптэкі — толькі некалькі метраў. Гэтага факта дастаткова, каб ацаніць мужнасць людзей, якія, рызыкуючы жыццём, пад носам ворага вялі «вайну пад стрэхамі». Сёння ў краіне ідзе актыўнае развіццё ўязнога турызму, а гэты аб'ект можа стаць адным з самых запатрабаваных у еўрапейцаў.

Амаль 3 гады таму ў Англіі выйшла «Хатынская аповесць». Цікавасць да твора Адамовіча падагрэла і тое, што ў прэстыжным брытанскім інтэлектуальным часопісе Tіmes Lіterary Supplement была апублікавана рэцэнзія на англамоўную версію «Хатынскай аповесці» амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра, аднаго з вядучых амерыканскіх спецыялістаў па гісторыі Усходняй Еўропы.

А летась «Хатынская аповесць» пад назвай «Ідзі і глядзі» была выдадзена ў Францыі.  Фільм «Ідзі і глядзі» англічане прызналі адным з самых моцных па сваім уздзеянні з ваенных фільмаў. А Снайдэр наогул раіць «Хатынскую аповесць» унесці ў шорт-ліст найлепшых твораў свету XX стагоддзя.

Можна лічыць, што ўсё гэта добрая рэклама будучаму музею Адамовіча ў Глушы. І будзе неразумна, калі мы не выкарыстаем гэтую цікавасць. Яшчэ адзін плюс у тым, што ў адкрыцці музея зацікаўлена дачка Алеся Адамовіча — Наталля. А гэта добры шанц стварыць у вобласці аб'ект рэспубліканскага значэння.

Раман напісаны жыццём

25 кіламетраў па «варшаўцы» ад Бабруйска — і ты ўжо ў Глушы. У рамане «Вайна пад стрэхамі» няма нічога прыдуманага, акрамя назваў. Але жыхарам пасёлка не трэба тлумачыць, што Лясная Сяліба — гэта і ёсць Глуша, аптэкарка Ганна Корзун — маці пісьменніка Ганна Адамовіч, а падлетак Толя Корзун — ён сам, Алесь Адамовіч.

Яго бацьку, медыка, да вайны адправілі ў Глушу па размеркаванні, куды ён і прыехаў разам з сям'ёй. У доме насупраць гэтай аптэкі яны здымалі пакоі. А побач была бальніца. Там працаваў бацька, а аптэкай загадвала маці пісьменніка Ганна Мітрафанаўна.

— Бабуля пакінула свае ўспаміны, дакументальныя запісы пра вайну, — расказвае Наталля Адамовіч. — Яны былі надрукаваны ў часопісе «Нёман» у 1999 годзе. Бацька заўсёды казаў, што спачатку раман «Вайна пад стрэхамі» маці напісала сваім жыццём.

Наталля лічыць, што і музей трэба было б назваць «Вайна пад стрэхамі», бо ён будзе прысвечаны не толькі Алесю Адамовічу і яго гераічным бацькам, але і ўсёй Глушы.

— Бабуля ў сваіх успамінах называе рэальныя прозвішчы тых, хто прыходзіў у гэтую аптэку, — кажа Наталля. — Я хацела б усіх іх назваць і зрабіць нешта накшталт альбома — фота, сапраўднае прозвішча і тое, якое было ў рамане ў таты. Іншымі словамі, спалучыць рэальнага героя з кніжным. А яшчэ ў гэтым музеі можна было б рабіць часовыя экспазіцыі: «Чарнобыль», «Блакадная кніга», «Ідзі і глядзі», «Я з вогненнай вёскі» і іншыя — да кожнага блока ў мяне ёсць алічбаваныя фота, дакументы, рэчы.

Па сутнасці, экспазіцыя ўжо існуе. Яна была створана ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры 15 гадоў таму, да 75-годдзя пісьменніка, потым на працягу некалькіх гадоў дэманстравалася ў іншых гарадах, у тым ліку Маскве і Бабруйску. Матэрыялу столькі, што яго хопіць на некалькі такіх вось аптэк, як глушанская. Канцэпцыя перасоўнай выстаўкі належыць загадчыцы сектара музейнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Таццяне Захаравай (на той час супрацоўніцы Музея гісторыі беларускай літаратуры), а аформіў яе вядомы ў Беларусі музейны мастак-экспазіцыянер Генадзь Чысты. Наталля кажа, што для стварэння экспазіцыі ў Глушы таксама магла б запрасіць найлепшых прафесіяналаў.

У наступным выпуску праекта «Глуша Адамовіча» газета больш падрабязна раскажа пра тое, якім сабе ўяўляе музей у Глушы Наталля Адамовіч.

Аўтар: Нэлі Зігуля
Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар