Рус | Бел

Спажыва для розуму і душы

28.04.2016      1852

Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пефціеў перадалі свае кнігі ў прыходскую бібліятэку барысаўскага Свята-Уваскрэсенскага кафедральнага сабора.

Свята-Уваскрэсенскі сабор, што ў Барысаве, сёння пазіцыянуе сябе не толькі як установа рэлігійная, але і як культурны цэнтр. Зусім нядаўна тут пачала збірацца прыходская бібліятэка, дзе можна ўзяць як выданні праваслаўнай тэматыкі, кнігі для дзяцей, так і класічную мастацкую літаратуру. Крыніцы папаўнення бібліятэкі — падарункі прыхаджан, аўтараў. Апякуецца кніжніцай і епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін. Ён выдзяляе сродкі на набыццё новых кніг, перадае ў фонды асобнікі са сваёй прыватнай калекцыі.

— Перадача гэтых цікавых кніг у нашу бібліятэку — яркае завяршэнне Тыдня праваслаўнай кнігі, што праходзіў у прыходзе, — падкрэсліў ён. — Такія выданні — спажыва для розуму і душы. Распавядаючы пра гісторыю нашага краю, кнігі не толькі развіваюць чалавека інтэлектуальна, але і ўзбагачаюць яго духоўна.

Адно з выданняў, што папоўніла бібліятэку, — альбом «Святы роўнаапостальны князь Уладзімір». Ён пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда» ў межах сумеснай з газетай «СБ. Беларусь сегодня» серыі «У пошуках страчанага». Прэзентуючы кнігу ў бібліятэцы, гісторык, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў расказаў:

— Гэты альбом унікальны, тут аб'яднаныя дзве калекцыі — мая і Уладзіміра Пефціева. На старонках выдання мы вырашылі паказаць усё, што звязана з іменем і асобай святога Уладзіміра. Кніга апавядае і пра жыццёвы шлях, і пра ўшанаванне святога. Тут і каталог праваслаўных храмаў, пабудаваных у імя князя, і выявы помнікаў, пастаўленых у яго гонар, і вуліцы, якія носяць яго імя. Адметна, што ў кнізе можна пабачыць менавіта старыя фотаздымкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У працы над тэкстам, які суправаджае альбом, дапамагаў гісторык, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, айцец Гардзей (Шчаглоў).

Яшчэ адным выданнем, што заняло месца на паліцы прыходскай бібліятэкі ў Барысаве, стаў двухтомнік «1812 год» з серыі «У пошуках страчанага» . Ён будзе асабліва цікавы барысаўчанам, бо многія старонкі праекта распавядаюць менавіта гісторыю гэтых мясцін.

— Першая кніга змяшчае храналогію падзей вайны 1812 года, а другая — паказвае помнікі, звязаныя з вайной, тыя, што ёсць сёння, і тыя, якія не захаваліся да нашых дзён, — падкрэсліў Уладзімір Ліхадзедаў. — У працы над гэтым выданнем дапамагаў адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў у галіне даследаванняў вайны 1812 года Кірыл Сокал. Думаецца, кнігі будуць цікавыя і для дзяцей, бо ўся гісторыя нападзення Напалеона і паражэння яго войска прадстаўлена ў выявах — на старых фотаздымках і карцінах.

Адметна, што ў планах прыходскай бібліятэкі барысаўскага Свята-Уваскрэсенскага сабора — стварэнне музея кнігі, дзе будуць выданні сярэдзіны і канца ХІХ стагоддзя, а таксама самыя каштоўныя сучасныя кнігі. Вольга Голуб, якая апякуецца кніжніцай, упэўнена, што і для альбомаў, перададзеных Уладзімірам Ліхадзедавым і Уладзімірам Пефціевым, знойдзецца месца ў музеі, бо гэтыя кнігі датычацца мінуўшчыны Барысаўшчыны, а іх асобныя старонкі прысвечаны непасрэдна гісторыі Свята-Уваскрэсенскага сабора.

Аўтар: Марына Весялуха

Каментар да фатаграфіі

Таму невыпадкова пры перадачы кніжных падарункаў ад Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева ўладыка Веньямін прысутнічаў асабіста.

Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар