Рус | Бел

Кіцель з Патсдамскай канферэнцыі?

03.07.2016      2131

Унікальны экспанат папоўніў калекцыю Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі.

І гэта кіцель Іосіфа Сталіна. Не выключана, што менавіта ў ім Генералісімус Савецкага Саюза адлюстраваны на фотаздымку, зробленым падчас Патсдамскай канферэнцыі летам 1945 года.

Артэфакт у экспазіцыю музея перадаў старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч. Менавіта ў яго таварыша і саслужыўца — Леаніда Ціміна — да апошняга часу знаходзіўся гістарычны экспанат.

— Даволі працяглы час кіцель экспанаваўся ў прыватным музеі Львова, — расказвае старшыня аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей КАНДЫБОВІЧ. — Калі яго заснавальнік пайшоў з жыцця, не стала і музея. Леанід Цімін, які закончыў службу ў Афганістане намеснікам галоўнага ваеннага саветніка, сённяшні старшыня клуба генералаў Львова (менавіта яму дагэтуль належаў экспанат), пабаяўся за лёс артэфакта. Кіцель з пагонамі, на якіх — герб Савецкага Саюза, мог стаць вялікай спакусай для некаторых грамадзян Украіны. Хвалюючыся за захаванасць экспаната, Леанід Васілевіч адразу пагадзіўся перадаць кіцель на беларускую зямлю.

Як дадае Сяргей Кандыбовіч, Іосіф Сталін знаходзіўся на чале савецкай дзяржавы, па сутнасці, на многіх яе этапах. Таму, па яго словах, даволі сімвалічна, што профіль гэтага чалавека змешчаны на такіх узнагародах, як медаль «Партызану Айчыннай вайны» і на 15 мільёнах медалёў, на якіх напісана «Наша справа правая. Мы перамаглі» (медаль «За Перамогу над Германіяй»).

Дык як жа кіцель Вярхоўнага Галоўнакамандуючага з'явіўся ў былога вайскоўца са Львова? Аказваецца, уласны кіроўца Іосіфа Вісарыёнавіча даводзіўся Ціміным ці то далёкім сваяком, ці то знаёмым. Ён у свой час і перадаў сям'і асабістую рэч Сталіна. Толькі якім чынам вопратка трапіла да кіроўцы, гісторыя замоўчвае. Магчыма, Сталін пакінуў яе ў машыне, а можа, падарыў свайму падначаленаму за добрую службу. Але тое, што гэты чалавек быў кіроўцам генералісімуса, — факт, які не патрабуе пацвярджэння.

Не выключана, што ў Іосіфа Сталіна было шмат кіцеляў. Як той казаў, на ўсе выпадкі жыцця. Магчыма, нават адных і тых жа. Але хто яго ведае, можа, менавіта ў гэтым — летнім, белым — Вярхоўны Галоўнакамандуючы адлюстраваны на славутых сёння фотаздымках, зробленых падчас Патсдамскай канферэнцыі.

Ёсць і яшчэ адна цікавая дэталь. Пагоны, прышытыя да кіцеля, ніколі не належалі Сталіну. Але іх уладальнікам у свой час быў не менш вядомы чалавек — народны артыст СССР Міхаіл Гелавані. Менавіта ў гэтых пагонах вядомы акцёр здымаўся ў ролі Генералісімуса Савецкага Саюза ў фільме «Падзенне Берліна». Таму новыя экспанаты, якія папоўнілі музейную калекцыю, маюць не столькі гістарычную, колькі мастацкую каштоўнасць.

— Для нас яны сапраўды ўнікальныя, хоць бы таму, што, наколькі мне вядома, у музеях краіны няма ніводнай такой рэліквіі, — перакананы дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі Сяргей АЗАРОНАК. — Гэта звязана з тым, што многія асабістыя рэчы Іосіфа Сталіна былі знішчаны ў перыяд, калі вялася барацьба з культам асобы. І гэта тычыцца не толькі музейнай сферы. Якое значэнне гэтая фігура мае для нас? Акрамя таго, што Сталін быў Вярхоўным Галоўнакамандуючым, ён даў беларусам, як і ўкраінцам, вялікае права стаць краінамі-заснавальніцамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Многія марылі аб гэтым. Сталін мае непасрэднае дачыненне і да стварэння Узброеных Сіл нашай краіны, бо ў першым урадзе ён быў наркамам па справах нацыянальнасцяў. Ён добра разумеў, што асноўнай нацыянальнай рысай любой суверэннай дзяржавы, нават у складзе Савецкага Саюза, з'яўляюцца Узброеныя Сілы.

Як лічыць старшыня грамадскай арганізацыі «Нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Масквы», намеснік дэкана, вучоны сакратар гістарычнага факультэта МДУ імя Ламаносава Аксана СОЛАПАВА, выключна сімвалічна, што дадзены артэфакт апынуўся ў музеі ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь. «Гэта частка нашай агульнай гісторыі, сувязь часоў і пакаленняў, — пераканана яна. — Фігура Сталіна — і гэта відавочна ўсім — складаная, супярэчлівая, яна атрымлівае самыя розныя ацэнкі гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў. Гэта імя, якое і па сённяшні дзень выкарыстоўваецца ў розных сітуацыях. Тым не менш, мы не можам адмаўляць той факт, што менавіта гэты чалавек стаяў на чале Чырвонай Арміі, якая перамагла фашызм. І менавіта з гэтага пункту гледжання фігура Сталіна аб'ядноўвае расійскую і беларускую гісторыю ў пэўны гістарычны перыяд. Таму і гістарычная важнасць, і каштоўнасць артэфакта бясспрэчныя. І гісторыя Узброеных Сіл Беларусі — у тым ліку тая частка гісторыі, калі беларуская армія ў межах агульнай савецкай дзяржавы падпарадкоўваліся рашэнням Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Давайце не будзем забываць таксама, што Беларусь і Расія з'яўляюцца часткай адзінай Саюзнай дзяржавы. І з гэтага пункту гледжання падобныя факты агульнай гісторыі таксама падкрэсліваюць сённяшняе наша адзінства, нягледзячы на тое, што гэта дзве розныя дзяржавы».

Падобныя факты яшчэ раз пацвярджаюць і тое, што гісторыя Вялікай Перамогі аб'ядноўвае народы, якія разам змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І як доказ — тры экзэмпляры акта аб перадачы экспаната, кожны з якіх будзе захоўвацца ў Беларусі, Расіі і Украіне.

Аўтар: Вераніка Канюта

Яшчэ фота

Кіцель з Патсдамскай канферэнцыі?

Каментар да фатаграфіі

Дырэктар Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Беларусі Сяргей АЗАРОНАК і старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей КАНДЫБОВІЧ падпісваюць акт аб перадачы экспаната. (першае фота)

Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар