Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.
Беларускую дыяспару ў Карэліі вывучаюць навукоўцы

Беларускую дыяспару ў Карэліі вывучаюць навукоўцы

24.06.2016 1048

Нядаўна ў Петразаводску прайшла навуковая канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю Карэльскага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі навук. Пад час яе працавала секцыя “Беларуская дыяспара Карэліі. Гісторыя і сучаснасць”. Было прадстаўлена 11 дакладаў навукоўцаў з Петразаводска, Мінска і Магілёва. 

Беларусы — гэта сёння трэцяя па велічыні этнічная група Карэліі. Найбольш інтэнсіўна яна пашыралася ў 1940-60-я гады, калі рабочых вербавалі на лесанарыхтоўкі ў Карэлію. З пачатку 60-х беларусы Карэліі не раз аказваліся пад увагай вучоных. За апошнія 20 гадоў выйшаў шэраг прац, у якіх прама ці ўскосна рабіліся навуковыя замеры таго, як жывецца беларусам на новым месцы. У прыватнасці, вялося параўнальнае вывучэнне шлюбу і сям’і ў асноўных этнагрупах Карэліі. Выходзілі кнігі, грунтоўны артыкул Я. Кляменцьева, А. Кожанава і У. Бірына “Беларусы ў Карэліі” змясціў “Веснік Акадэміі навук Беларусі”(1992). Даследчыкі адзначаюць у беларусаў 60-х высокія паказчыкі змешаных шлюбаў і ўстойлівую тэндэнцыю моўнай асіміляцыі з арыентацыяй на рускую мову. Паводле вынікаў даследаванняў сацыяльных з’яў ды іх спецыфікі, у 2007 годзе ў серыі “Вусная гісторыя ў Карэліі” выйшаў зборнік “Карэлія і Беларусь: штодзённае жыццё і культурныя практыкі насельніцтва ў 1930-50-я гг.” Гэта ў асноўным інтэрв’ю, сабраныя беларускімі ды расійскімі даследчыкамі. Аўтары робяць выснову: у Карэліі хутка ідзе працэс узаемапранікнення культур. 

На канферэнцыі падведзены вынікі анкетавання 40 удзельнікаў Першага з’езда беларусаў Карэліі: ён прайшоў у сакавіку 2015 года па ініцыятыве Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Белая Русь” пры арганізацыйнай падтрымцы органаў дзяржулады рэспублікі. Апытанне паказала поўную адаптацыю беларусаў у соцыум Карэліі. На канферэнцыі прыводзілася інфармацыя аб асноўных дакументах па гісторыі дыяспары — гэта матэрыялы перасяленчых і статупраўленняў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Карэліі (Л. Вавулінская, Петразаводск). Работу пра этнакультурныя працэсы ў беларускай сям’і ў Беларусі і за яе межамі зрабіла Л. Калачова (Мінск). Некалькі дакладаў прысвячаліся праблемам беларускіх перасяленцаў у Карэлію: як тых, што засталіся ў ёй жыць, так і тых, што вярнуліся дадому. Звярталася ўвага: у гісторыі Карэліі, Беларусі як рэгіёнаў паміж Захадам і Усходам шмат агульнага. 

Даклады канферэнцыі — даступныя: выйшаў іх электронны зборнік, які ёсць на сайце Інстытута мовы, літаратуры і гісторыі Карэльскага навуковага цэнтра illhportal.krc.karelia.ru. А праз год, ёсць такія планы, на аснове дакладаў секцыі “Беларуская дыяспара Карэліі. Гісторыя і сучаснасць” выйдзе і асобны зборнік “Фарміраванне беларускай дыяспары Карэліі”.

Аўтар: Наталля Прушынская, г. Петразаводск