Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Вянок яго лёсу

16.06.2016 1230

Да юбілею класіка беларускай літаратуры, значная частка жыцця якога праходзіла ў Паволжы, рыхтуецца шэраг імпрэзаў у Яраслаўлі. Як вядома, у нашым горадзе Максім Багдановіч жыў найдаўжэй: з 1908-га да ад’езду ў Мінск восенню 1916-га. У 1911-м, закончыўшы гімназію, паступіў у Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Па сутнасці, у яраслаўскі перыяд раскрываўся ягоны паэтычны, пісьменніцкі талент. І гістарычна цалкам апраўдана, што нядаўна ў Яраслаўскім мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча ладзіўся літаратурна-музычны салон “Вечар у Багдановіча” — у плыні міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”.

Музей наш — гэта драўляны дом у цэнтры Яраслаўля. Госці, наведаўшы яго, акунуліся ў атмасферу музычна-літаратурнага салона мінулых часоў, пазнаёміліся з гаспадаром салона Максімам Багдановічам і ягонай музай — гэта была Ганна Какуева, яго першае каханне (на здымку побач). Паэт прысвяціў ёй нямала вершаў. Ганна была піяністкай, роднаю сястрой Рафаіла Какуева, гімназічнага сябра Максіма. Вучылася ў кансерваторыі ў Санкт-Пецярбурзе, прыязджала ў Яраслаўль, дзе жылі Багдановічы, на лета. Лічыцца, што знакаміты верш “Зорка Венера” Максім прысвяціў Ганне. Пэўна, радкі “Але расстацца нам час наступае:/ Пэўна, ўжо доля такая у нас...” — гэта якраз пра тыя сустрэчы. Аднак пачуцці паэта Ганна не падзяліла, у маі 1914-га выйшла замуж за яго гімназічнага сябра Івана Лілеева (1892—1966).

У інтэрнэце знаходзім: іхні сын Мікалай Лілееў (1921—31.08.2011) жыў і вучыўся ў Ленінградзе, быў на фронце, трапіў у палон, прайшоў праз лагеры — як фашысцкія, так і савецкія… Напісаў мемуары “Не повезет — не выживешь”: ёсць у нэце. Сябраваў з мінскім Літмузеем Максіма Багдановіча, падарыў туды нямала рэчаў маці. Ганна Рафаілаўна (1890—1961) зберагала адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў паэта “Вянок”, які Максім падпісаў, праўда, сябру, брату Ганны Мікалаю Какуеву. А Ганне паэт хацеў прысвяціць зборнік “Палын-трава” — бо гэта паэтычны аповед пра ягонае горкае, неўзаемнае пачуццё…

На “Вечары ў Багдановіча” гучалі рамансы ў выкананні капэлы Яраслаўскага дзяржуніверсітэта імя П. Р. Дзямідава, вершы сучаснікаў Багдановіча — паэтаў Сярэбранага веку. Танцы з мінулай эпохі выконвалі ўдзельнікі Клуба старадаўняга танца і ролевага ўзаемадзеяння “Зазеркалье”, можна было і пагуляць у традыцыйныя салонныя гульні. Займальную пастаноўку паказаў Клуб ролевага, гістарычнага і арт-фехтавання “Альянс”. У аснове дзеі была “Скандынаўская песня” Лявона Вольскага, напісаная ім на аднайменны верш класіка.

І яшчэ адна падзея — таксама са згадкаю пра Багдановіча. 28 мая, у Дзень горада Яраслаўля, наш музей прыняў удзел у рабоце творчай пляцоўкі АртБульвар. Жыхары і госці горада мелі магчымасць наведаць музей бясплатна, даведацца пра жыццё і творчасць беларускага паэта з берагоў Волгі. Ахвочых мы навучалі, як вырабіць сувеніры ў тэхніках беларускай выцінанкі ды роспісу па дрэве.

На заканчэнне дадам: два гэтыя мерапрыемствы толькі распачалі насычаны юбілейны “Год Максіма Багдановіча” ў Яраслаўлі. Будуць іншыя падзеі — на працягу ўсяго года.

Аўтар: Яраслаўскім мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча

Яшчэ фота