Рус | Бел

Ноч Купальская, прыангарская...

15.07.2016      1046

Адно з галоўных традыцыйных святаў беларусаў Іркуцкі моладзевы клуб “Крывічы” адзначаў на прыгожым беразе Ангары

Як звычайна, Купалле мы святкавалі “па Сонцы” — у ноч з 25 на 26 чэрвеня. У маляўнічым вусці рэчкі Тальцінкі, што ўпадае ў Ангару, сабралася больш за 250 чалавек. Сярод гасцей свята былі вядучы спецыяліст этнаканфесійнага аддзела Упраўлення па сувязях з грамадскасцю Урада Іркуцкай вобласці Вольга Шэметава, кіраўнік найблізкага да месца дзеі пасёлка Вялікая Рэчка Юрый Вітэр. Дарэчы, Вольга Ігараўна прыехала з прыемнай місіяй: уручыла Падзяку Губернатара за актыўную грамадскую дзейнасць Волі Галанавай, старшыні клуба “Крывічы”. А Юрый Вітэр не проста па абавязку службы “прыглядаў” за дзеямі: ён яшчэ і зямляк-беларус, родам з Баранавічаў. 

Наша “Купалле-2016” удалося на славу дзякуючы плённай працы актывістаў клуба, найперш дзяўчатам з гурта аўтэнтычных спеваў “Крывічы”. Гэта Воля Галанава (кіраўніца), Юля Гайсіна, Яна Фадзеева, Кася Дзьякава, Зіна Капуцкая, Ліза Рэшка, Соня Кулікова, Ліза Таранушэнка. Яны збіраліся перад святам на рэпетыцыі праз дзень, развучылі больш за 30 беларускіх Купальскіх песень, якія на беразе Ангары гучалі вельмі ўрачыста, прыгожа. Абыякавых не было, а колькі захаплення! Адзначым і актывістаў, якія дапамагалі зрабіць Паходню (факел), рыхтаваць іншыя атрыбуты для Купалля. Яны ж паехалі са мной з раніцы ў суботу на Купальскі пляц. Прывезлі, усталявалі драўляныя вялікія сталы, трывалыя лаўкі, падрыхтавалі вогнішча са слупом у цэнтры... Гэта Дзяніс і Вадзім Таранушэнкі, Яўген Ламакін, Вадзім Сяляўка, Аляксей Барсукоў, а таксама Дастанбек (не беларус, але на ўсе нашы святы прыходзіць у беларускай вышыванцы!) і Наташа Агапітава. 

Добра папрацавалі і нашы сябры з Іркуцкага валанцёрскага цэнтра Яўген Андрухін, яго сябры Павел і Юля, Сяргей Іслямаў, Даніла Касьмін, Эльдар Рзаеў, Яўген Цяка. Былі на вышыні й каманда “фаер-шоу” на чале з Аляксеем Стамацінам, гурт “нячысьцікаў” на чале з Лісам: яны стваралі вобразы і ўражанні, што запомніліся надоўга. Аддаю належнае ўсім удзельнікам Купальскае талакі, пішу з надзеяй: некаму будзе карысны гэты наш досвед. 

А была то сапраўды чароўная “летняя ночка Купальская”! Спачатку ўсе жанчыны і дзяўчаты, дзяўчынкі збіралі па лугах кветкі для вяночкаў. Затым звівалі іх ля вогнішча, утварыўшы жывое кола. Гурт “Крывічы” тым часам праспяваў шэсць купальскіх песень — якраз “у тэму” дзеі. Песні — доўгія, і якраз усе свае вянкі пазвівалі. Мы ж абвясцілі: вянкі, сплеценыя ў магічным “коле” пад рытуальныя спевы, набылі моц абярэгаў для кожнай з удзельніц абраду. 

Сёлета ў Іркуцку пачынае цямнець у 22 гадзіны нават у Купальскую пару: стрэлкі перавялі назад, змяркаецца раней. І мы ўжо былі гатовыя! Князь Купаліш абвясціў пра збор сваёй дружыны. Хлопцы адгукнуліся хутка. Разам мы здабылі ад “Перуновай іскры” “Вагмень чароўны” (цудадзейны абрадавы Агонь) і запалілі княжацкую Паходню. А пасля кліча “Жыве Беларусь!” зайгралі сурмы — то быў знак для Купалінкі з сяброўкамі, што чакалі ў пералеску: ідзіце да нас! І дзяўчаты йшлі пад гукі чароўнай песні “Ой, рана на Йвана”. “Я, Купалінка, уладаю сваёю замаўляю і загадваю — і першым разам, і другім, і трэцім разам, і з дажджамі, і з грамамі, і з маланкамі, і з травамі: на яснае лета, на ціхае жыта, на буйное збожжа, на лён доўгі, на год ласкавы і ўсім людзям на добрае здароўе!” — з такімі словамі Купалінка звярнулася да ўсіх ды папрасіла запаліць Рытуальны агонь, які потым гарэў усю ноч. 

І пачалося! Карагоды, гульні, танцы... Дзве гадзіны таго, што называюць модным словам: інтэрактыў. Але ж як цяжка было арганізаваць такую ​​грамаду! Нікому ж не сядзелася на лаўках. Згадваю, як адзін толькі карагод “Качан” закручвалі мы хвілін дзесяць: 250 удзельнікаў! Весела затое было! А калі наступіла поўнач, то ўсе чакалі: вось надарыцца цуд! Як вядома, на Беларусі такое існуе паданне: быццам у Купальскую ноч, якраз апоўначы, хвілін на трыццаць зацвітае Папараць-кветка. Знайсці ж яе могуць толькі тыя, хто адправіцца на пошукі ўдваіх: хлопец і дзяўчына, мужчына і жанчына. Прычым яны не павінны быць у сварцы між сабою. Заахвочваюцца тыя, хто толькі што пазнаёміўся. Каму пашанцуе знайсці Папараць-кветку, тая пара зможа разумець мову птушак і звяроў. Маці-Прырода бярэ пару пад сваё заступніцтва, і шчасліўчыкі трэцім пачуццём будуць спазнаваць, дзе знаходзяцца скарбы, хутка разбагацеюць і зажывуць у дастатку. Праўда, калі нехта знойдзе чароўную кветку, то ёсць дзве ўмовы: пара з таго часу павінна быць неразлучнаю, а яшчэ — трэба трымаць знаходку ў сакрэце й нікому, нават сваякам пра яе не распавядаць. 

Абвясціўшы пра ўсё тое, я дадаў: калі ж хто ў цуды не верыць, то можа, як кажуць, дзеля спартыўнага інтарэсу пашукаць нашу “Папараць-кветку” — штучную, яе памочнікі мае пасадзілі дзесьці ў лясочку. Ух, і хлынуў народ у цемру, на пошукі! Ужо й не ведаю, ці знайшоў хто сапраўдную — не расказвалі… Папаратніку, дарэчы, на ​​пералеску было шмат. А нашу кветку штучную сёлета рэкордна доўга шукалі. Знайшлі пад раніцу, шчасліўчыкі атрымалі прызы. А палове першай гадзіны ночы ладзіліся скачкі праз вогнішча. Гэта, як вядома, было Ачышчэнне цудадзейныя Агнём, запаленым ад Перуновай іскры. Каб скокнуць, трэба было адстаяць вялікую чаргу, ды ўсё ішло дынамічна. Мы дапамагалі, падахвочвалі нясмелых, сачылі за мерамі бяспекі, падпраўлялі вогнішча — каб зручна было яго пераскокваць. 

І вось — фаер-шоу. Магутнае відовішча! Фаершчыкі, усе ў чорным, былі прадвеснікамі выхаду нячысьцікаў, якія паспрабавалі “сарваць” свята. Сярод іх і Чарадзей, які стаў кідаць выклік дружыне Князя Купаліша. Пачаліся спаборніцтвы. Старадаўнія беларускія камандныя гульні дапамаглі разабрацца, хто мацнейшы. А барацьба ж была сур’ёзная: часам адны перамагалі, часам іншыя. Сілам святла дапамог наш гурт “Крывічы”: дзяўчаты праспявалі некалькі Купальскіх песень, у якіх згадваецца Нячыстая сіла — і быццам зламалі дух яе абаронцаў. Чарадзей забраў сваё войска й сышоў, змірыўшыся, што людзі прадоўжаць Купалле. Але “нячысцікі” ўсё ж не проста сышлі, а скралі Купалінку! Давялося Князю Купалішу раздаваць паходні, запаленыя ад вогнішча, і заклікаць дружыну, усіх купальцаў шукаць прапажу. Без Купалінкі — як жа далей весяліцца? Можна раззлаваць Дажбога — Бога Сонца, бо Купалінка яго дачка. Яна ж прыйшла да нас, каб дапамагчы правесці абрад, а мы яе дазволілі ўкрасці… І вось па пералеску, ды і ў самы гушчар лесу пайшлі купальцы з паходнямі. Доўга шукалі, хвілін 20 альбо 30. Але знайшлі Купалінку, прывялі! Князь Купаліш за тое шчодра аддзячыў збаўцаў, і свята прадоўжылася. 

Зноў зайграла вясёлая беларуская музыка, пачаліся танцы, закружыліся танцы-карагоды. Адзін з самых любімых пад час Купалля — Ручаёк-кросны. Рухі ручайка, дарэчы, нагадваюць усе дзеянні на кроснах (ткацкім станку). Мы спачатку “хадзілі, запраўлялі ніткі”, затым “нацягвалі ніткі”, потым іх “падбівалі”, рабілі рухі “ўток”, “чаўнок”, “перакручваецца нітка”… Тым часам і пад тры гадзіны падышло. Трэба гатаваць звар — ачышчальны напой, настоены на Купальскіх травах. Такім чынам мы збіраліся прайсці Ачышчэнне і раслінным светам. І тут у сцэнары свята здарыўся збой: я ніяк не мог знайсці ключы ад машыны, у багажніку яе збор траў... Шукалі з сябрамі — дарэмна: ноч, трава…Не пра машыну ж я думаў, а — як быць з абрадам? Як травы дастаць? І тут мой сябар Сяргей Перавознікаў прапанаваў абвясціць аб праблеме ў мікрафон. І — вось жа ноч цудаў! Толькі я сказаў, што згубіў ключы, як амаль усе пачалі іх шукаць. А досвед шукання Папараць-кветкі ўжо ж быў... І прыгожая дзяўчына Святлана літаральна праз хвіліну прыносіць ключы! Важны элемент Купалля ўратаваны, звар атрымаўся выдатны: і смачны, і падбадзёрлівы. Дарэчы, за 21 год святкавання Купалля ў Прыбайкаллі мы знайшлі ды падшліфавалі, з улікам мясцовых умоў, рэцэпт сапраўды выдатнага напою. Калі звар гатаваўся, гурт “Крывічы” суправодзіў дзею адпаведнымі песнямі, потым Купалінка давала напой усім купальцам. 

Як бачыце, доўгая і цікавая была наша Купальская ноч! Мы яшчэ крыху патанчылі, а з першымі прамянямі Сонца надышла пара праводзіць Купалінку. Гэтае дзеянне прыгожа абыгралі: зрабілі калідор са свечак, гучалі песні... Купалінка на развітанне падзякавала купальцам за тое, што памятаюць, шануюць народныя абрады, і зрабіла ўсім падарунак — павяла русалак з рэчкі. Вада цяпер, паводле народных павер’яў, стала ў Ангары цудадзейнаю, гаючаю: цела хворае ацаляе ды раны загойвае. Так што прыйшоў час і вяночкі пускаць па вадзе, у тым ліку і Галоўны вянок, і купацца. Эх, колькі ж вянкоў паплыло па шырокай Ангары! І жадаючых купацца сёлета было шмат: і хлопцаў, і дзяўчат. Хоць вада была вельмі халодная, а бераг у заліве — камяністы, тое не спыніла аматараў Купальскіх абрадаў. Трэба ж прайсці Ачышчэнне вадою. Гэта трэці, важны этап Купалля. І мы яго мужна прайшлі. 

Вось і світанак… Засталося прыбраць Купальскі пляц, пагрэцца ля вогнішча, пакуль падыдуць аўтобусы. А не хацелася ж расставацца! Усе былі ў прыўзнятым настроі. Дамовіліся: збірацца яшчэ! Пэўна, цяпер ужо толькі ў верасні — плануем правесці “Дажынкі”. 

У Купальскую ноч, падаецца мне, сама Прырода была з намі заадно. Перад Купаллем палохалі нас ліўнем начным, некаторыя й не паехалі на свята. І сапраўды, лівень магутны і моцны быў, але ў Іркуцку! На нашым жа месцы збору ўпалі пару кропель дажджу, ніхто й не намок. Больш за тое, надвор’е спрыяла, не атакавалі камары, мошкі. Было ціха, спакойна, цёпла. Пэўна, смелым і рашучым Прырода дапамагае. Так што варта жыць з ёю ў ладзе-згодзе, як тое і рабілі заўсёды нашы мудрыя продкі, ладзячы Купалле.

АД РЭДАКЦЫІ:

Купальскія святы праходзяць штогод па ўсёй Беларусі. Пра некаторыя з іх можна пабачыць фотасправаздачы ў інтэрнэце. У прыватнасці, ёсць вельмі прыгожыя здымкі Сяргея Лескеця з Купалля над Прыпяццю, у старажытным горадзе Тураве (на сайце міжнароднага інфармагенцтва SPUTNIK), там жа змешчаны пазнавальны тэкст пра глыбокі духоўны сэнс Купальскіх традыцый. А ў мінулыя выхадныя Купалле як галоўны складнік свята-фестывалю “Александрыя збірае гасцей” адзначалася на беразе Дняпра.

Пра гісторыю значнай культурнай традыцыі, якая пачалася ў 2010 годзе пры падтрымцы Прэзідэнта, распавядаецца на сайце БелТА. Там, у прыватнасці, чытаем: “Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ідэя правядзення свята нарадзілася спантанна і нечакана. Па словах кіраўніка дзяржавы, ён не чакаў, што гэтае мерапрыемства ператворыцца ў такое грандыёзнае свята і ўрачыстасць, на якую прыехалі людзі не толькі з навакольных вёсак, але і з Оршы, Шклова, Магілёва і нават сталіцы. Пасля прыбыцця на свята Прэзідэнт наведаў «Горад майстроў», пагаварыў з народнымі ўмельцамі. Спецыяльна для кіраўніка дзяржавы кавалі выкавалі падкову на шчасце”.


Аўтар: Алег Рудакоў

Яшчэ фота

Ноч Купальская, прыангарская...
Ноч Купальская, прыангарская...
Ноч Купальская, прыангарская...
Ноч Купальская, прыангарская...

Каментары да фатаграфій

  1. У чаканні Купальскай ночы. Фота: Ілья Татарнікаў
  2. Ноч Купальская — пара дзівосная, таямнічая... Фота: SPUTNIK/ Сяргей Лескець
  3. Купальскія вянкі на вадзе. Фота: SPUTNIK/ Сяргей Лескець
  4. Звіванне вянкоў на Купалле — чыста жаночы занятак. Фота: Ілья Татарнікаў
Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар