Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.
У Лаўрышаўскiм манастыры знойдзены 2 невядомыя раней саркафагi

У Лаўрышаўскiм манастыры знойдзены 2 невядомыя раней саркафагi

03.08.2016 2109

У Свята-Елiсееўскiм Лаўрышаўскiм мужчынскiм манастыры падчас археалагiчных даследаванняў знойдзены два невядомыя раней саркафагi. 

Мяркуецца, што ў iх былi пахаваны асобы, якiя маюць высокае значэнне для манастыра i якія маглi пакiнуць след у гiсторыi краiны. Цяпер праводзiцца экспертыза з мэтай атрымання больш дакладных звестак.

Археалагiчныя раскопкi гэтага сезона завяршылiся ў кляштары на мiнулым тыднi. Лаўрышаўская археалагiчная экспедыцыя па просьбе iгумена манастыра Яўсевiя праводзiла, у прыватнасцi, расчыстку падземнага збудавання ў кляштарным Свята-Успенскiм храме ў вёсцы Лаўрышава, што ў Шчорсаўскiм сельсавеце. Працу ўзначальваў памочнiк кiраўнiка экспедыцыi гiсторык Тэльман Маслюкоў.

Па словах членаў археалагiчнай экспедыцыi, у падвальным памяшканнi былi знойдзеныя два цагляныя саркафагi, у якiх знаходзiлiся касцяныя астанкi людзей i культавыя прадметы. Расчышчаны таксама спуск у крыпту, якi вёў непасрэдна з памяшкання храма. Вызначана, што крыпта была засыпана ў сярэдзiне XIX стагоддзя, верагодна, пры закрыццi манастыра ў 1836 годзе.

Зараз праводзiцца вывучэнне атрыманых пры раскопках матэрыялаў у аддзеле антрапалогii Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук i цэнтральнай лабараторыi дзяржаўнага ўнiтарнага прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогii».

Храм у Лаўрышаве быў пабудаваны ў 1768 годзе, але, як мяркуюць даследчыкi, пахаваннi могуць адносiцца i да больш ранняга часу.

Лаўрышаўскi манастыр заснавалi ў сярэдзiне ХIII стагоддзя Войшалк, сын Мiндоўга (вялiкi князь Вялiкага Княства Лiтоўскага ў 1264-1267 гадах) i прападобны iгумен Елiсей. Манастыр быў звязаны з вялiкакняжацкiм домам ВКЛ i на працягу некалькiх стагоддзяў з'яўляўся адным з найважнейшых духоўных цэнтраў Беларусi. Дзейнасць манастыра была адноўлена ў 2007 годзе.

Археалагiчныя даследаваннi ў Лаўрышаве вядуцца шосты год пад кiраўнiцтвам прафесара гiсторыi Сяргея Расадзiна з блаславення мiтрапалiта Паўла, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусi. У праваслаўным археалагiчным лагеры, якi быў арганiзаваны падчас экспедыцыi, удзельнiчалi валанцёры-студэнты i навучэнцы з розных абласцей краiны.

Аўтар: Анатоль Сланеўскі