Рус | Бел
Навукова-практычны круглы стол «Мікалай Улашчык (1906-1986). Памятаем. Слухаем. Чытаем»

Навукова-практычны круглы стол «Мікалай Улашчык (1906-1986). Памятаем. Слухаем. Чытаем»

15.11.2016      909

8 лістапада 2016 года ў Зале беларускай дыяспары Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі адбыўся Навукова-практычны круглы стол «Мікалай Улашчык (1906-1986). Памятаем. Слухаем. Чытаем», прысвечаны 30-й гадавіне памяці беларускага і расійскага гісторыка і літаратара. 

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Масквы» пры падтрымцы беларускай дыпмісіі.

Намаганнямі маскоўскіх беларусаў было сабрана шмат выданняў: твораў Мікалая Улашчыка, кніг пра яго асабіста і ягоную дзейнасць, матэрыялы і фота з сямейнага архіва, у тым ліку ўнікальны запіс выступлення Мікалая Улашчыка на беларускім тэлебачанні ў 1986 годзе. З вялікай цікавасцю сустрэлі ўдзельнікі зусім новае выданне: кнігу ўспамінаў «Даць народу гісторыю. Успамiны, лiсты», што прывёз з Мінска Міхась Скобла.

Адкрываючы «Круглы стол», радца-пасланнік Пасольства Беларусі ў Расіі Юры Ярашэвіч адзначыў, што Мікалай Улашчык пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Невыпадкова яго называюць беларускім Герадотам – знакаміты археограф, краязнавец, даследчык летапісаў Мікалай Улашчык даказаў адданасць Беларусі не толькі навуковымі працамі, але і ўласным няпростым лёсам.

У рабоце «Круглага стала» прынялі ўдзел гісторык і літаратуразнаўца Аляксей Каўка, паэт і перакладчык Міхась Скобла, намеснік старшыні НКА «Беларусы Масквы» Віктар Чайчыц, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Андрэй Прохараў, сацыёлаг, Міністр замежных спраў Беларусі (1997-1998 гг.) Іван Антановіч, пісьменнік Аляксандр Кажадуб, расійскі гісторык-генеалог і грамадскі дзеяч Станіслаў Думін і інш. Мадэратарам дыскусіі была старшыня НКА «Беларусы Масквы» Аксана Солапава.

Аляксей Каўка перадаў гістарычнаму факультэту БДУ рэдкае выданне, да гэтага часу не выдадзенае ў Беларусі – распрацаваныя Мікалаем Улашчыкам «Летописи белорусско-литовские», – з інскрыптам, рукапісным дароўным надпісам, Аляксею Каўку ад Мікалая Улашчыка.

Мікалай Улашчык (1906-1986)

Нарадзіўся Мікалай Улашчык 1 (14 па новым стылі) лютага 1906 года ў заможнай сялянскай сям'і ў вёсцы Віцькаўшчына каля Мінска. Паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, але быў адлічаны па даносе як «сын кулака». Пазней яго аднавілі студэнтам, але пазбавілі стыпендыі. Вучыўся за ўласны кошт. Падчас вучобы працаваў бібліятэкарам у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР і сакратаром Кніжнай палаты БССР. Ва універсітэце пры актыўнай падтрымцы рэктара Пічэты арганізаваў краязнаўчае таварыства, удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях, пісаў артыкулы па гісторыі і краязнаўстве. Скончыў універсітэт ў 1929 годзе.

16 чэрвеня 1930 года быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Летам таго ж года па абвінавачванні ў «Нацдэмаўшчыне» было арыштавана 108 найслынных дзеячаў нацыянальнай навукі і культуры. 10 красавіка 1931 года быў высланы на 5 гадоў у Нолінск Вяцскай вобласці.

У ліпені 1932 года быў арыштаваны зноў і 10 чэрвеня 1933 года асуджаны. Спачатку быў у Марыінскім папраўча-працоўным лагеры ў Новасібірскай вобласці, потым у лагеры ў пасёлку Суслава Кемераўскай вобласці. Пазней навуковец казаў, што менавіта ў лагерах былі напісаныя яго кандыдацкая і доктарская дысертацыі – у думках, не маючы магчымасці выказваць думкі на паперы.

Вясною 1935 года быў вызвалены без права вяртання ў БССР. Працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў школах і тэхнікумах Паволжа. З 1939 гада працаваў настаўнікам у Ленінградзе.

На наступны дзень дзень пасля пачатку вайны быў арыштаваны ў трэці раз, высланы ў горад Златавуст Чэлябінскай вобласці. Пры садзейнічанні акадэміка, віцэ-прэзідэнта АН СССР, дырэктара Інстытута фізіялогіі АН СССР Л.А. Арбелі 28 лістапада 1942 году быў вызвалены.

У 1947 годзе скончыў аспірантуру Інстытута гісторыі АН СССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1948 года выкладаў на кафедры заходніх і паўднёвых славян у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. У 1949 годзе быў звольнены.

23 студзеня 1950 арыштаваны ў чацвёрты раз, адбываў зняволенне ў лагеры ў пасёлку Суслава. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года.

Пасля вызвалення вярнуўся ў Маскву. Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі СССР. У гэты час былі напісаны найбуйнейшыя працы гісторыка. У Інстытуце гісторыі Улашчык стаў беспярэчна аўтарытэтам у галіне гісторыі Вялікага княства Літоўскага і археаграфіі Беларусі. Акрамя таго, пісаў працы, прысвечаныя малавывучаным праблемах фальклору і этнаграфіі, гісторыі гарадоў і мястэчак, нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі, пытанням айчыннай культуры і літаратуры. Напісаў працу па гісторыі роднай вёскі Віцькаўшчына, аўтабіяграфічную «Хроніку». Выступаў у друку і на тэлебачанні з прамовамі ў падтрымку беларускай мовы і культуры.

Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках. На надмагільным камені высечаны вершы Янкі Купалы: «Мне сняцца сны аб Беларусі...»


Каментар да фатаграфіі

Мікалай Улашчык, 1977 год. http://news.tut.by/culture/484100.html

Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар