Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.
Вялікі беларускі стэнд прадстаўлены на кніжным фестывалі ў Маскве

Вялікі беларускі стэнд прадстаўлены на кніжным фестывалі ў Маскве

06.06.2017 1032

У Маскве праходзіць кніжны фестываль «Красная плошча». Вялікім стэндам прадстаўлена і прадукцыя беларускіх кніжнікаў.

Каля стэнда нашых кнігавыдаўцоў і кнігагандляроў мнагалюдна: гасцей, наведвальнікаў фэсту цікавіць літаральна ўсё — кнігі па гісторыі Беларусі, беларускія падручнікі, нават буквары.

У аднаго з наведвальнікаў, які асабліва ўважліва разглядае кнігі, пытаюся, што прывяло на фестываль, што ён шукае сярод іншых кніг. І вось што пачуў у адказ:

— Мяне цікавяць беларускія класікі. Сам я нарадзіўся ў Маскве. Хоць і маці, і бацька — з Беларусі. Тут, у сталіцы Савецкага Саюза, вучыліся, тут засталіся працаваць, зрабілі кар'еру. А дома ў нас заўсёды ведалі Купалу, Коласа, Куляшова ... Чыталі Шамякіна і Быкава. А я вось зараз хачу нешта прынесці беларускае сваім дзецям — можа быць, адшукаю і новага цікавага пісьменніка...

Фестываль «Красная плошча» носіць на дзіва практычны характар: наведвальнікі вяртаюцца з выставы з пакетамі кніжных навінак. А я знаходжу сярод кніг расійскіх выдавецтваў і тыя выданні, якія так ці інакш звязаныя з Беларуссю. Вось і навінкі серыі «ЖЗЛ» — кнігі С. Рыбаса «Грамыка» і Н. Далгаполава «Надзея Траян». На стэндзе выдавецтва «Время» — кнігі добра вядомых мінскіх дзіцячых пісьменнікаў Яўгеніі Пастэрнак і Андрэя Жвалеўскага. У тым ліку — і іх выдатная аповесць «Гімназія №13», якая, дарэчы, у перакладзе на беларускую была апублікавана і ў часопісе «Маладосць».

Каля беларускага стэнда сустракаю старшыню ФНКА «Беларусы Расіі» Сяргея Кандыбовіча.

— Уважліва паглядзеў навінкі, прысвечаныя Скарыну, 500-годдзю беларускага кнігавыдання. Абавязкова нешта куплю, — сказаў ён. — Якіх кніг асабіста я чакаю ад беларускіх выдавецтваў? Вядома ж, кніг па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Набліжаецца 75-годдзе Вялікай Перамогі, якое, не сумняваюся, вельмі годна краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў будуць адзначаць у 2020 годзе. Агульная для беларусаў і расіян тэма павінна быць адлюстравана ў кнігах. Хацелася б убачыць выданні пра кіраўнікоў партызанскага руху, пра тых, без каго не было б сённяшняга мірнага неба. Мне здаецца, што пяра гісторыкаў, публіцыстаў і нават празаікаў вартыя такія гістарычныя персанажы, як Панамарэнка, Мазураў, Машэраў, Зімянін...

Аўтар: Сяргей Шычко