Рус | Бел
Аўтары Выдавецкага дома «Звязда» атрымалі высокія ўзнагароды

Аўтары Выдавецкага дома «Звязда» атрымалі высокія ўзнагароды

07.09.2017      1230

Трэці раз — гэта ўжо амаль закон: у рамках Дня пісьменства называюць творы лепшых айчынных пісьменнікаў. Сёлета ў конкурсе Нацыянальнай літаратурнай прэміі разглядалася каля 40 удзельнікаў, прадстаўнічае экспертнае журы чытала і прапускала ў фінал найлепшых. Усё дзеля таго, каб заахвоціць творцаў працаваць далей больш актыўна і плённа, — такое пажаданне прагучала ў вітанні Прэзідэнта Беларусі, якое зачытаў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко: «... Мы зараз з'яўляемся сведкамі прызнання найлепшых твораў і іх аўтараў».

Выбіраць было з чаго: «З тых больш чым 10 000 найменняў кніг, якія штогод выдаюцца ў нашай краіне, накладам больш за 35 мільёнаў экзэмпляраў, кнігі нашых нацыянальных літаратараў знаходзяць свайго вельмі чуйнага чытача», — адзначыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч і падкрэсліла ролю дзяржавы: нацыянальны статус прэміі патрабуе высокіх узораў сучаснага пісьменства.

«Гэта вельмі знакавая з'ява, што Нацыянальны конкурс на лепшы літаратурны твор менавіта ў Дзень беларускага пісьменства агучвае імёны сваіх пераможцаў. Тыя, хто працуе з пяром у руках, захоўваюць душу народа, змагаюцца за развіццё культуры і літаратуры, якая служыць асновай для іншых кірункаў мастацтва, — растлумачыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і прызнаў: — Для нас, пісьменнікаў, Дзень беларускага пісьменства — своеасаблівы экзамен».

Здавалі яго не толькі сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі — прэмія ахапіла шырокае кола творцаў, якія шчыруюць на ніве нацыянальнай літаратуры. Напрыклад, адна з адметных пісьменніц у гістарычнай прозе — Людміла Рублеўская (на фота), раман за раманам працягвае адкрываць тую Беларусь, што не павінна знікнуць пад покрывам стагоддзяў, фактычна ідзе ўслед за Уладзімірам Караткевічам. Адметна і тое, што Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у прозе адзначана яе кніга «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» ў 2016 годзе.

Нічога дзіўнага: пад брэндам «Звязда» ад пачатку яго існавання знаходзілі адлюстраванне літаратурныя працэсы, што адбываліся ў маладой рэспубліцы, а ў 20-я гады мінулага стагоддзя газета нават спрабавала выдаваць літаратурны дадатак. І цяпер выбудоўвае творчы дыялог паміж творцамі розных пакаленняў. У тым ліку праз кнігі. Прыемна, што сярод лаўрэатаў у намінацыі «Публіцыстыка» яшчэ адзін аўтар Выдавецкага дома «Звязда» — Зіновій Прыгодзіч са зборнікам «Постаці». Гэтае імя вядомае і чытачам нашай газеты — асобныя партрэты выдатных асоб айчыннай культуры былі прадстаўлены на яе старонках самім аўтарам: мы друкуем лепшае, што варта ўвагі, — даказана адзнакай Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

І яшчэ адно імя «нашых» аўтараў: тым, хто даўно выпісвае «Звязду», пісьменнік Васіль Ткачоў вядомы па серыі матэрыялаў «Жыццёвінкі». Цяпер спадар Ткачоў быў адзначаны ў намінацыі «Драматургія»: за зборнік п'ес «Характары».

А сведчаннем таго, што ў шэрагах супрацоўнікаў Выдавецкага дома «Звязда» жыве творчы дух і вырастаюць новыя зоркі літаратуры, з'яўляецца ўзнагарода ў намінацыі «Найлепшы дэбют». Новай плынню ў літаратуры называюць Маргарыту Латышкевіч і яе паэтычны зборнік «Яблыкі».

Паэзіі наогул пашчасціла сёлета: фактычна адразу некалькі кніг адзначаны высокай прэміяй. Пераможцам у намінацыі «Лепшы твор паэзіі» стаў Анатоль Аўруцін: адзначылі яго кнігу «Прасвятленне». Ды і ў намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва» вылучылі паэта Міхася Пазнякова за кнігу «Возера Дзіва».

Паэт Сяргей Давідовіч летась быў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а сёлета атрымаў Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Мы ўсе робім адну справу па паляпшэнні беларускасці і нашага ладу жыцця», — адзначыў ён.

Працуюць на гэта празаікі і паэты, і тыя, хто вывучае беларускую літаратуру, адзначае яе асаблівасці ў мінулым і сёння. Каб падкрэсліць іх працу, існуе асаблівая намінацыя «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». Крытыка рухае літаратурны працэс, задача крытыка — праўдзіва ацаніць твор ці ўпісаць імя яго аўтара ў гісторыю айчыннай літаратуры. Пераможцам стаў Валерый Назараў з работай «Тайнапіс Андрэя Мрыя». Можа, скажа ён калісьці сваё слова і пра сёлетніх лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі: кожны з іх працягвае працаваць і мае магчымасць стварыць тую самую кнігу, «якая зацікавіць усё грамадства».

Ларыса ЦІМОШЫК

Уражанні лаўрэатаў:

Міхась Пазнякоў:

— Слова, кніга былі, ёсць і будуць крыніцай адукацыі, асветы. Асновай культуры, той глебай, на якой пад Боскім небам нараджаецца, квітнее, мужнее душа чалавека, душа народа... Пісьменства падарыла свету столькі зорак, і выдатна, што наша дзяржава клапоціцца пра культуру, духоўнасць. Удзяляе ўвагу кнізе, слову, паказвае, што духоўнае здароўе чалавека, народа не менш значнае, а можа, і больш важнае, чым фізічнае.

Васіль Ткачоў:

— Я атрымаў гэтую прэмію, відаць, яшчэ таму, што за маёй спінай шмат аматараў тэатральнага мастацтва нашай Беларусі. Сёння ў рэпертуарах народных тэатраў вельмі шмат маіх п'ес. Галоўны герой маіх твораў — вясковец, чалавек просты, сціплы, які іншы раз трапляе ў няпростыя жыццёвыя сітуацыі і з гонарам выходзіць з іх. Добра, калі бяруць творы прафесійныя тэатры. Але для мяне вялікая ўзнагарода, калі п'есу ставіць народны тэатр, бо гэта людзі, якія ад сваёй працы не маюць нічога, акрамя задавальнення. Я рады для іх пісаць.

Маргарыта Латышкевіч:

— Прыемна, што мая работа, укладзеная ў гэтую кніжку, была ацэнена шаноўным журы, вялікі гонар ўзняцца на сцэну разам з мэтрамі. Ёсць і пэўная адказнасць, таму што, атрымаўшы такую ўзнагароду, трэба адказаць на яе ў творчым плане. Я пастараюся гэта зрабіць: ужо ёсць праекты наступных дзвюх кніжак. Адну складуць фантастычныя аповесці — хачу зрабіць зборнік па беларускай міфалогіі. А другая кніжка будзе падобная да «Яблыкаў», проста таўсцейшая.

Анатоль Аўруцін:

— Лічу, што калі чалавек стварае і стварае сур'ёзна, то трэба, каб ён выдаваўся пры жыцці. Любы пісьменнік павінен бачыць, што яго праца кімсьці заўважана і кімсьці адзначана. У Беларусі нашмат менш літаратурных прэмій, чым у Расіі і іншых краінах. Напрыклад, Ганкураўская прэмія ў Францыі сімвалічная па суме ўзнагароджання. Але там ёсць сістэма падтрымкі аўтараў пасля гэтага: чалавек, які атрымаў прэмію, умомант становіцца папулярным у выдаўцоў. Нацыянальная літаратурная прэмія ў Беларусі прысуджаецца ўсяго тры гады. Яе трэба развіваць і хацелася б, каб падумалі пра далейшы лёс кнігі, якую адзначылі. Можа быць, варта стварыць бібліятэку лаўрэатаў прэміі, каб падтрымлівалася ўвага да творчасці адзначанага літаратара...

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ:

— Сёння, у свеце ўніфікацыі, надзвычай важна, каб беларусы ведалі сваю гісторыю. Сапраўдную, якая з'яўляецца часткай еўрапейскай. Каб усведамлялі, што ў гэтай гісторыі было ўсё — і адважныя рыцары, і чароўныя дамы, і вайскаводцы, і паэты. і філосафы... Я імкнуся ў сваёй творчасці разбураць існуючы стэрэатып наконт нашага мінулага, магістральны герой якога для многіх так, на жаль, і застаўся — «мужык-беларус, пан сахі і касы», хоць у таго ж Купалы ёсць і Бандароўна, і Гусляр, і Машэка, вобразы рамантычныя і прыгожыя... Нам яшчэ трэба шмат што вербалізаваць, шмат якіх герояў вяртаць — тое, што ў іншых літаратурах даўно зроблена Вальтэрам Скотам, Генрыкам Сянкевічам ды іншымі. Я пастаралася, каб у маім цыкле авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» чытач патрапляў у такі захапляльны, гераічны і рамантычны свет ХVІІІ стагоддзя на Беларусі, што яму захацелася б больш даведвацца пра беларускую культуру і гісторыю... Каб мае героі — малады збяднелы шляхцюк Пранціш Вырвіч і полацкі доктар Баўтрамей Лёднік — былі добрай альтэрнатывай стэрэатыпнаму беларускаму літаратурнаму герою, каб даводзілі, што наша літаратура — гэта не толькі «пра вёску і пра вайну». Пранціш Вырвіч і Баўтрамей Лёднік — людзі, якія ведаюць, што такое гонар і годнасць, і здольныя іх абараніць, як і волю сваёй зямлі. Назва чацвёртай часткі — «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» тлумачыцца тым, што героі патрапляюць у цяжкі для нашай зямлі час, апошнія гады Рэчы Паспалітай, калі ваявалі за ўладу розныя магнацкія групоўкі, прыцягваючы іншаземныя сілы, і герояў шпурляе з аднаго віру ў іншы, з аднаго войска ў другое, такім чынам яны для кагосьці ўвесь час з'яўляюцца здраднікамі... Але галоўная іх ідэя — не здрадзіць самім сабе і радзіме. З усіх сваіх вандровак яны вяртаюцца ў родны Полацак. Беларусь знаходзіцца на скрыжаваннях Еўропы, і яе мультыкультурнасць, мультыканфесійнасць я таксама адлюстроўваю... А каб чытач не нудзіўся, прыпраўляю ўсё аўтарскім гумарам і фантасмагарычнымі дэталямі. Напрыклад, у чацвёртай частцы прыгод чытач трапляе ў падземнае возера пад старажытным Туравам, дзе раскрываецца таямніца знакамітага Турава калодзежа і Жалезнага Змія. Я рада, што ў раманаў з'яўляецца ўсё больш прыхільнікаў, і не толькі ў Беларусі. Час ад часу сустракаю звесткі, што па «Авантурах» праводзяцца квэсты, ладзяцца інсцэніроўкі, нават гуляюць у «Мафію». Аказалася, што і замежнікам цікава з дапамогай Лёдніка і Вырвіча даведацца пра нашу гісторыю, адкрыць для сябе Беларусь, — з'явіліся пераклады і замежныя выданні.

Аўтар: Ларыса Цімошык

Каментар да фатаграфіі

Фота Сяргея Нікановіча

Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар