Рус | Бел
Паэтэса Юлія Алейчанка — сярод лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі

Паэтэса Юлія Алейчанка — сярод лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі

06.09.2018      1117

Расцём. Нацыянальная літаратурная прэмія — ужо традыцыя: чацвёрты раз называюцца імёны аўтараў, чые творы звярнулі на сябе ўвагу ў мінулым годзе. І як любую з'яву, што стала традыцыяй, яе пераасэнсоўваюць, не абыходзіцца без наватарскіх ідэй — уласна, дзеля развіцця. Бо добрыя традыцыі павінны захоўвацца. Прэмія ў галіне літаратуры, якая ўручаецца на дзяржаўным узроўні, — традыцыя добрая ўжо таму, што ў розных гарадах Беларусі, па якіх вандруе Дзень беларускага пісьменства, гучаць з галоўнай сцэны імёны найлепшых аўтараў, а да іх твораў узнікае зацікаўленасць: што там адзначылі? Чаму? Сярод каго выбіралі?

Апошняе пытанне, здаецца, пазначае не менш цікавую інтрыгу. Па-першае, сам факт таго, што ў нас ёсць сярод каго выбіраць, дазваляе адзначаць найлепшае на сённяшні дзень у розных плынях прыгожага пісьменства і дае дадатковы стымул для аўтараў. Але ці не больш важнае тут іншае: чытач чуе імёны і творы, што прэтэндавалі на прэмію, можа потым звярнуцца як да тых кніг, што перамаглі, так і да тых, што называліся ў намінацыях падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання. Вось яны, папулярызацыя ў дзеянні і значэнне прэміі, якая, акрамя задачы па падтрымцы літаратуры (і пісьменнікаў), выконвае яшчэ адну дзяржаўную задачу — злучаць творы з чытачамі. Таму істотны яшчэ адзін момант: на Нацыянальную літаратурную прэмію маюць права прэтэндаваць усе паэты і празаікі незалежна ад іх прыналежнасці да пісьменніцкіх арганізацый, заяўкі могуць падаваць як фізічныя асобы, так і арганізацыі. І гэта сведчыць пра адкрытасць прэміі і пра жаданне аб'ектыўна (і ўсебакова) адлюстроўваць літаратурны працэс на сучасным этапе.

Змены ўжо пачалі рабіць сваю справу: сёлета адбыўся літаральна прарыў, найперш у колькасці пададзеных заявак. На разгляд экспертнай камісіі было пададзена каля 60 кніг. У фінал на разгляд журы прайшла 51 кніга. Так, гэта сведчыць пра цікавасць пісьменнікаў да прэміі, якая сёлета стала больш важкай — павялічыўся яе грашовы памер. Калі раней літаратары атрымлівалі ўзнагароду ў 30 базавых велічынь у намінацыях "Найлепшы твор (зборнік твораў) паэзіі", "Найлепшы твор прозы", "Найлепшы твор драматургіі", "Найлепшы твор публіцыстыкі", "Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства", "Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва" і 15 базавых велічынь у намінацыі "Найлепшы дэбют", то цяпер грашовы памер прэміі павялічылі да 100 базавых велічынь у шасці асноўных катэгорыях і да 50 базавых велічынь для дэбютантаў. Гэта сведчыць пра тое, што нам (грамадству) патрэбная літаратура, праз якую развіваецца наша пісьменнасць і культура. Запыт ёсць (калі меркаваць па жаданні ўдасканальваць працэдуру вылучэння на прэмію). Ёсць нават прыгожая (і важкая) статуэтка, якую павезлі з сабой з Іванава пераможцы.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў:

— Урад нашай краіны некалькі гадоў таму заснаваў Нацыянальную літаратурную прэмію. Сёння на сцэне найлепшыя з найлепшых. Віншуючы літаратараў, хачу пажадаць усім: чытайце тое найлепшае, што ёсць у беларускай літаратуры.

Слушная парада! Істотна і тое, што прагучала яна перад вялікай аўдыторыяй свята. А далей былі названыя пераможцы. Адразу. Інтрыга сёлета не зусім атрымалася, пры тым што любая прэмія — гэта спаборніцтва, за якім павінны сачыць, павінны спрачацца па кандыдатурах прэтэндэнтаў і да апошняга моманту чакаць, чакаць, калі назавуць найлепшых у намінацыях сярод іншых вартых увагі. Так, свайго роду гульня, хутчэй рэкламны ход (які мог бы спрацаваць для большай колькасці кніг, што ў нашых умовах істотна). Але ці не падстава гэта для далейшага ўдасканалення працэдуры ўручэння прэміі? Мы ж не так даўно пачалі.

Відаць, з-за таго, што сёлета ў фінале разглядалася надта вялікая колькасць кніг, пакінуць і назваць некалькі імёнаў, што спаборнічаюць у канкрэтных намінацыях, было не так проста. Але найлепшыя, па вызначэнні журы, кнігі нам прадставілі.

Што чытала (чытае, будзе чытаць, павінна пачытаць) Беларусь, каб паглядзець на сябе, сучасную, збоку?

Паводле Васіля Шырко, шаноўнага пісьменніка з багатым жыццёвым досведам, аўтара кнігі аповесцяў "Нязваны госць", мы ўсё яшчэ ўглядаемся ў мінулае, без якога не бывае не толькі народа, але і нават асобнай сям'і ці чалавека. Мы можам жыць сярод іншых народаў і імкнуцца спазнаць адметнасць экзатычных краін, але як ні круці, мінулым прывязаныя да сваіх мясцін, адкуль цягнуцца галінкі ў будучыню. Кніга, выдадзеная ў "Мастацкай літаратуры" (Мінск), адзначана як "Найлепшы твор прозы".

Лёс чалавека праз лёс радзімы дае падставу для разваг паэтам. Казімір Камейша і яго зборнік вершаў "Высокі бераг" (выдавецтва "Каўчэг", Мінск). Тут сышлося ўсё: рэчаіснасць і жыццё паэта, тэма сувязі з малой радзімай (вёскай), з якой пачынаецца краіна, боль і філасофскія развагі пра жыццё землякоў. Як у Год малой радзімы абысці ўвагай такую кнігу? Перамога ў намінацыі "Найлепшы твор (зборнік твораў) паэзіі".

Гэтая блізкасць і цеплыня ў адносінах да таго, што ёсць радзіма ў асобах, характэрныя кнізе Зінаіды Дудзюк "Пара высокага сонца" (выд. "Альтэрнатыва", г. Брэст), якую назвалі найлепшай у намінацыі "Публіцыстыка". Кніга нарысаў, успамінаў, эсэ расказвае пра землякоў аўтаркі, тых асоб, якія яшчэ нядаўна вызначалі літаратурны асяродак Брэсцкай вобласці. Але асабліва хочацца адзначыць эсэ "Мова", у якім пісьменніца разважае: "...Існаванне і выжыванне мовы залежыць не ад таго, якая колькасць насельніцтва ёю карыстаецца, а ад паўнаты яе функцый". Адметнасць гэтых разваг узмацняецца згадкай пра адметнасці дыялектаў (якраз на Палессі гэта выдатна адчуваюць) і пра тое, што высокі (літаратурны) узор мовы замацоўвае наяўнасць і спеласць нацыі.

Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Зінаіда Дудзюк тлумачыць:

— Гэтая кніга для мяне невыпадковая. Я яе выдавала да юбілею Уладзіміра Калесніка. Адчула, што проста прыйшоў час напісаць успаміны пра тых, каго я ведала, любіла, чыёй творчасцю захаплялася. Напрыклад, з Нінай Мацяш мы былі знаёмыя ўсё жыццё, з Яўгеніяй Янішчыц ліставаліся. Для мяне вельмі сімвалічнае, але ўсё ж супадзенне, што кнігу ўспамінаў пра творцаў, маіх землякоў, адзначылі падчас Дня пісьменства на Брэстчыне.

А між іншым, магчыма, гэта сведчанне існавання талентаў, якія вырастаюць у гарадах і мястэчках, што сёння мы называем "Малая радзіма"? Але ж сапраўды падчас свята Дня беларускага пісьменства ў Іванаве ад думак пра супадзенні (ці, можа, прыцягненні радзімы) цяжка было пазбавіцца.

Яшчэ адзін ураджэнец Брэсцкай вобласці (Давыд-Гарадка) — пісьменнік Георгій Марчук. Таксама трыумфатар і цяпер лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі "Найлепшы твор драматургіі" за зборнік п'ес "Святло вышыні". Цяжка было абысці ўвагай гэтую кнігу пасля завяршэння 2017 года, які прайшоў пад знакам юбілею беларускага кнігадрукавання. Гістарычны кірунак у драматургіі Георгія Марчука, яго зварот да асоб мінуўшчыны зрабілі сваю справу: сярод іншых герояў яго п'ес на авансцэну выйшаў Францыск (альбо Георгій) Скарына.

А мінулае беларускай літаратуры наогул — гэта тэма даследаванняў яшчэ аднаго цікаўнага выхадца з Брэсцкага Палесся. Століншчына — малая радзіма літаратуразнаўцы, прафесара Івана Штэйнера, якога адзначылі ў намінацыі "Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства" за кнігу "Смехъ зъ бол?стию смешанъ будзець: смехавыя традыции Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя". Іван Штэйнер умее сур'ёзныя тэмы прадстаўляць праз даследаванні, скіраваныя на папулярызацыю літаратуры, і лічыць:

— Літаратуразнаўства можа быць такім сур'ёзным, што чытаць яго могуць толькі спецыялісты, але я імкнуся рабіць яго зразумелым для большага кола зацікаўленых. Акрамя задачы папулярызацыі беларускай літаратуры, для мяне істотна, каб мы адыходзілі ад сваёй не то сціпласці, не то закамплексаванасці: няхай спачатку іншыя людзі нам скажуць, што гэта варта ўвагі, і тады мы скажам "добра". На жаль, нашы людзі (у шырокім сэнсе) не вельмі ўсведамляюць, якія скарбы ёсць у нашай літаратуры. Сёння, згадваючы Напалеона Орду, казалі, што ён быў знаёмы і са Стэндалем, і з Бальзакам, Расіні ведаў, а таму, што быў выхаваны ў цэнтры еўрапейскай культуры. І мы, таксама як і любая літаратура, якая ўзнікае, пачынае развівацца ў сілавым полі сусветнай літаратуры. Трэба ж ад нечага адштурхоўвацца. Беларускую літаратуру ў ХІХ стагоддзі стварала шляхта, яна мела адукацыю, яе прадстаўнікі ведалі некалькі моў і знаёміліся з еўрапейскай літаратурай свайго часу. Я хацеў асэнсаваць некаторыя паасобныя з'явы літаратуры ХХ стагоддзя праз прызму старадаўніх уяўленняў і разбурыць некаторыя стэрэатыпы. Напрыклад, што ў нас носьбітамі смеху былі беларускія сяляне. Шмат апавяданняў і казак пра кемлівага селяніна, які падманвае то папа, то пана, і трапляе ў розныя смешныя сітуацыі. А насамрэч беларуская смехавая культура — розная, яна і кніжная, і літаратурная, я паказваю, што ў аснове еўрапейскай смехавой культуры была "Пахвала глупству" Эразма Ратэрдамскага. Ён паказаў, што чалавек не можа быць шчаслівым да канца. Хацеў паказаць еўрапейскі кантэкст у нашай літаратуры. Нам шмат у чым трэба пазбавіцца ад комплексу правінцыйнасці. Гэта тое, што важна для мяне: паказаць, што падобныя з'явы адбываліся ў чэшскай ці, напрыклад, украінскай літаратуры. Таму што нічога не з'яўляецца на пустым полі. Напрыклад, як магла б з'явіцца Святлана Алексіевіч, калі б не было кнігі "Я з вогненнай вёскі" і Алеся Адамовіча, які казаў, што літаратура дайшла да тупіка і не можа абуджаць чалавека, таму трэба ствараць звышлітаратуру. Што такое звышлітаратура, ён не сказаў, але жыццё вымусіць шукаць нейкую форму. І мы ідзём у многім наперадзе, але часта баімся пра гэта казаць. Пра тое, што "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Караткевіча — першы постмадэрнісцкі раман і варта было б яго раскруціць належным чынам. На мой погляд, трэба пачынаць са школы, выбіраючы іншы падыход да размовы пра літаратуру.

Праўда, сёння пераважна мы ўсё ж больш заклапочаны тым, каб дзеці наогул прывучыліся да кніг, зразумелі, што чытанне — прыемны занятак. Гэтым займаецца і Вольга Мікольская, што здабыла перамогу ў намінацыі "Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва" за кнігу "Выкраданне шэдэўра, ці Новыя прыгоды агентаў "Калбафіржык".

А далей — новы клопат. Пра тое, каб не кінулі чытаць тыя, хто з дзяцінства рос з кнігай. І гэта ці не адна з праблем нашага часу: малады чытач, які не шукае (ці не знаходзіць?) кнігі для сябе. А яны ёсць. І іх ствараюць маладыя аўтары, якія адчуваюць, перажываюць, выказваюць свае хваляванні і думкі пра сённяшні свет. Маладая паэтэса Юлія Алейчанка ўпэўнена, што творчасць і ў наш электронны час не застаецца без увагі, яна набывае новыя пляцоўкі, праз якія прыходзіць да чытача. Але прыходзіць усё ж у выглядзе кнігі: зборнік паэткі "Пад чароўным шкельцам" (Выдавецкі дом "Звязда") перамог у намінацыі "Найлепшы дэбют". Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Юлія Алейчанка лічыць:

— Я адчуваю ўвагу сярод моладзі да кніг, таму што зараз ідзе актыўнае абмеркаванне літаратурнага жыцця і ў сацыяльных сетках, і на розных адмысловых сайтах. Цешыць, што гэта абмеркаванне менавіта маладой беларускай літаратуры, нават у "Фэйсбуку", які іранічна называюць "галоўнай літаратурнай пляцоўкай краіны", таму што там ёсць розныя супольнасці і ёсць жывая рэакцыя. Для аўтара важнае як непасрэдна жывое прызнанне, так і атрыманне сур'ёзнай літаратурнай узнагароды, таму што яна дае і падтрымку, і з'яўляецца стымулам для развіцця.

І магчыма, грашовую частку сваёй прэміі супрацоўніца часопіса "Полымя" Выдавецкага дома "Звязда" скарыстае для стварэння наступнага зборніка... Бо літаратурны працэс не павінен спыняцца.

Сустаршыня журы прафесар Іван Саверчанка адзначыў:

— Нашы сённяшнія пераможцы — шчырыя працаўнікі на ніве літаратуры, на ніве мастацкага слова. Яны выдатна ўсведамляюць: калі не будзе адукаванасці, значыць, будзе неадукаванасць. Калі не будзе культуры, значыць, будзе безкультурнасць. Калі не будзе святла, то будзе цемра. Яны шчыра працуюць, каб была адукаванасць, культура, святло на нашай зямлі. Літаратура ўсеабдымная і ўсепранікальная. Без добрага рамана немагчымы цудоўны кінафільм, без п'есы немагчымы спектакль. Без мілагучных вершаў немагчымыя спевы. Кожны з пісьменнікаў адчувае сваю адказнасць перад краінай, перад народам і шчыра працуе дзеля гэтага. Разам з тым мы адчуваем, што кіраўніцтва дзяржавы падтрымлівае творцаў: ёсць шмат праграм, дзякуючы якім забяспечваецца высокі ўзровень духоўнай культуры ў нашым грамадстве. Міністэрствы інфармацыі, культуры і адукацыі працуюць над тым, каб мастацкае слова пашыралася, каб выхоўваліся эстэтычныя густы грамадзян у краіне.

Аўтар: Ларыса Цімошык
Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар