Рус | Бел
Сяргей Давідовіч: Тэмы падказваюць жыццё і землякі

Сяргей Давідовіч: Тэмы падказваюць жыццё і землякі

12.12.2019      1128

Мастацкая галерэя Сяргея Давідовіча ў Лагойску ніколі не пустуе. Сюды прыходзяць пазнаёміцца з яго творамі і дарослыя, і дзеці, і госці райцэнтра. Гэты аб'ект урачыста адкрылі сем гадоў таму, і напачатку тут налічвалася чатыры залы. У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 50 карцін жывапісца і шэсць скульптур, якія ён падарыў гораду. А сёлета галерэя прырасла яшчэ адной залай і больш чым 60 палотнамі.

— Кіраўніцтва Мінскай вобласці жыве не хлебам адзіным. Дзякуючы дапамозе абласных улад і з'явіўся гэты мастацкі аб'ект. А цяпер яшчэ новы падарунак — дадатковае памяшканне, што дазволіла папоўніць экспазіцыю, — выказвае задаволенасць ганаровы грамадзянін Лагойска, а таксама Мінскай вобласці Сяргей Давідовіч. — У нас ёсць хлеб і да хлеба. А вось такія духоўныя куточкі ў Беларусі павінны быць. Таму што людзям пасля работы патрэбна аддушына. Наведвальнікі прыходзяць сюды з дзецьмі, сем'ямі, кожны чалавек бачыць у маіх карцінах мноства падтэкстаў. Яны разважаюць пра сваё месца ў жыцці, пра што хацеў сказаць аўтар. І, паверце, пакідаюць галерэю іншымі людзьмі.

— Як нараджаюцца палотны, адкуль бярэцца натхненне? — пацікавілася ў майстра.

— Ніводзін чалавек не можа быць па-за жыццём сваёй краіны, малой радзімы, грамадства. І тэмы мне таксама падказвае само жыццё. Напрыклад, адна з галоўных тэм — чарнобыльская трагедыя, наш вечны боль. З чарнобыльскай выстаўкай я аб'ездзіў ледзьве не паўсвету. Быў у Злучаных Штатах Амерыкі, у многіх краінах Еўропы. Мае карціны збіралі не толькі шматлікіх наведвальнікаў, але і грошы для аздараўлення чарнобыльскіх дзяцей, — канстатуе мой суразмоўнік.

Хвалюе мастака і рэлігійна-філасофская, хрысціянская тэматыка як веруючага чалавека і проста грамадзяніна. У 2006 годзе Сяргей Давідовіч з благаславення Мітрапаліта Філарэта распісаў купал новага храма ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Жукаўка Мінскага раёна, за што быў узнагароджаны медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага. Імя беларускага жывапісца занесена ў 100-томную энцыклапедыю «Мастакі ўсіх часоў і народаў», якая выдадзена ў Мюнхене ў 1997 годзе.

Сяргей Давідовіч нарадзіўся ў вёсцы Карпілаўка Лагойскага раёна. «Гэтая зямля дала мне жыццё, акрыліла, зрабіла творчым чалавекам. І я вяртаю ёй свой доўг за гэта. Таму і неабыякавы я да вясковага жыцця, побыту, традыцый, звычаяў сялян, што і адлюстроўваю ў сваёй творчасці. Мяне натхняюць вясковыя людзі — духоўна багатыя, незласлівыя, гаваркія».

Менавіта ім прысвечана адна з зал. Ёсць тут і жартаўлівыя вясковыя сюжэты. Накшталт «не дайшоў дадому»: каля сабачай будкі спіць добра выпіўшы муж, над ім схілілася абураная жонка. Аднойчы ў галерэю зайшоў наведвальнік, доўга стаяў перад карцінай, а потым падышоў да аўтара і сказаў, маўляў, паглядзеў на сябе збоку, больш не буду піць, каб не страціць чалавечае аблічча, як герой гэтага сюжэта. Так што карціны Давідовіча не толькі паказваюць заганы грамадства, але і выхоўваюць людзей, дапамагаюць стаць на шлях выпраўлення. Шмат палотнаў мастак прысвяціў спорту, бо Беларусь — спартыўная краіна. Рэпрадукцыі яго карцін дэманстраваліся на трох Алімпіядах.

Сяргей Давідовіч не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі, пачаў пісаць творы ў пяцьдзясят гадоў. І за адносна кароткі перыяд дабіўся славы і прызнання. Яго персанальныя выстаўкі ладзяцца не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Латвіі, Літве, Германіі, ЗША. Карціны нашага земляка знаходзяцца ў многіх музеях свету, у прыватных калекцыях. Адна з яго работ належала экс-прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу.

Сяргей Давідовіч валодае талентамі скульптара, літаратара. Ён выдаў 11 тамоў твораў, куды ўвайшлі шматлікія паэмы, апавяданні, казкі, вершы. На падыходзе — 12-ы.

А мастацкую галерэю ў Лагойску наведала шмат славутых людзей, якія пакінулі свае запісы ў кнізе гасцей, у тым ліку і нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.


Аўтар: Таццяна Лазоўская
Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар