Рус | Бел
  Бліжэйшая памятная дата
  Каляндар памятных дат
Супрацоўніцтва
з Выдавецкім домам «Звязда»

Сцежкі, што дадому прывядуць

02.12.2015
Сцежкі, што дадому прывядуць

Цёплую, сімвалічную назву меў вялікі заключны канцэрт: “Сцяжынкамі продкаў”. Як вядома, Дні культуры ў нас традыцыйныя, праходзяць кожную восень і сёлета прысвячаліся 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Святкавалі яшчэ 10-гадовы юбілей вакальнага гурта “Жывіца”: ён створаны пры Доме культуры сяла Дзясятава Ішымскага раёна, а кіруюць ансамблем Сяргей і Алена Антончанкі.

Ад прадзедаў і дзядоў, з пакалення ў пакаленне творыцца ды збіраецца па крупінках моўнае, песеннае багацце — важныя складнікі духоўнай культуры беларусаў, што жывуць і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны. Збіраюць, вывучаюць, услухоўваюцца ў глыбінныя, прыхаваныя сэнсы і сугуччы народных песень і энтузіясты з ансамбля “Жывіца”. Адметны гурт дае ім новае жыццё. Ягоны творчы почырк — гэта шчырасць, непасрэднасць, самабытнасць, высокае майстэрства. На гэты раз спевакі парадавалі гасцей вядомымі народнымі песнямі на беларускай ды рускай мовах. Прыгожа быў інсцэнаваны фрагмент старадаўняга славянскага абраду “Юр’я” — ён, як вядома, шырока бытаваў у Беларусі, сустракаецца і цяпер, а прысвячаецца важнай гаспадарчай падзеі: першаму веснавому выгану свойскай жывёлы ў поле.

На свяце было шмат паважаных гасцей. Гэта, у прыватнасці, Ганаровы консул Беларусі ў Цюмені, старшыня савета Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Саюз-інтэграцыя брацкіх народаў” Уладзімір Шугля, першы намеснік старшыні Цюменьскай Думы Андрэй Арцюхоў, дэпутаты Думы Сяргей Мядзведзеў і Герой Расіі Уладзімір Шарпатаў, дырэктар Палаца Людміла Лосева. Быў у зале і Сяргей Яфімчык — ён раней узначальваў праўленне Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь”, а цяпер выконвае абавязкі начальніка аддзела па справах нацыянальна-культурных аб’яднанняў і казацтва камітэта па справах нацыянальнасцяў вобласці. А праўленне нашай беларускай аўтаноміі цяпер узначальвае Марыя Піскун.

Віншавалі гледачоў са святам беларускай культуры вядомыя ў Цюменьскай вобласці ды за яе межамі народны ансамбль песні “Лянок” (ім кіруе Клаўдзія Зуева), сямейны вакальны ансамбль “Спадчына” (кіраўніца Марыя Піскун), моладзевы ансамбль музыкі ды песні “Палессе” пад кіраўніцтвам Тамары Грыгор’евай. Паказалі сваё высокае майстэрства і народны фальклорны гурт “Россияночка” з сяла Ермакі (ім кіруе Надзея Вычужаніна) ды народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Вячоркі” з Вікулава (на чале зноў яго стваральніца Валянціна Міхіенка). А якія прыгожыя беларускія танцы жывуць на зямлі Цюменьскай! Іх выконвалі харэаграфічны ансамбль “Верас”, якім кіруе Алена Шарова, і дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Акварель” (кіраўнікі Надзея Цялежкіна і Наталля Носава)

Прыемна, што да беларускага руху, мастацкай творчасці ў Сібіры далучаюцца і новыя таленты. Вось і на канцэрце “Сцяжынкамі продкаў” вялікае замілаванне і захапленне ў гледачоў выклікаў яркі дэбют юных беларусаў — квартэт акардэаністаў, якім кіруе Алена Перыкава. Музыкі гралі мелодыі вядомых беларускіх песень.

На нашым свяце можна было не толькі атрымаць асалоду ад беларускага сцэнічнага мастацтва, але і прадэгуставаць стравы беларускай кухні. Працавала і выстава вырабаў майстроў народных промыслаў і рамёстваў “Палітра майстэрства”.

Зноў згадваю, як хораша было слухаць родныя мелодыі ў выкананні юных акардэаністаў. Гэта ж так здорава, калі да культуры продкаў маюць цікавасць нашчадкі. І бачыцца мне такі вобраз: калі на дрэве адрастаюць новыя галінкі, распускаюцца новыя зялёныя лісточкі — значыць, дрэва жыве. Вось і дрэва беларускай культуры на Цюменьскай зямлі мае цяпер як моцныя карані, так і прыгожую зялёную крону.

Дарэчы, беларусаў у нашым рэгіёне, паводле статыстыкі, больш за 50 тысяч чалавек. Ёсць адкуль брацца талентам!

На Дні беларускай культуры ў Цюмень прыязджала маці Святланы Рамнёвай з гурта “Лянок” з Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны, яна таксама спявачка. Спадзяюся, пра тое яшчэ раскажа чытачам газета “Голас Радзімы”.


Аўтар: Вера Піскун, г. Цюмень

Яшчэ фота

Сцежкі, што дадому прывядуць

Каментары да фатаграфій

  1. Удзельніцы святочнага канцэрта
  2. Збірацца разам у Дні беларускай культуры — добрая традыцыя цюменьскіх супляменнікаў (на першым фота)

Для адміністратараў

Яндекс.Метрика

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2019 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар