Рус | Бел
Распачаў работу семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі

Распачаў работу семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі

10.02.2016
Распачаў работу семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі

Адбылося гэта сёння ў межах ІІ Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час: пераемнасць пакаленняў» (а гэта адна з важнейшых падзей ХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу). Маладыя творцы сабраліся ў беларускай сталіцы, каб знайсці новых сяброў і наладзіць творчыя кантакты, абмяняцца меркаваннямі, паўдзельнічаць у дыскусіях і, натуральна, атрымаць парады ад старэйшых калег і настаўнікаў — ужо прызнаных майстроў паэзіі, прозы, публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі.

Першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі напярэдадні семінара пажадаў яго ўдзельнікам плённай працы і звярнуў увагу на тое, што заўсёды вельмі важна знаходзіць кропкі судакранання, шукаць патрэбныя словы для разумення адзін аднаго.

Калі паспрабаваць намаляваць калектыўны партрэт сучаснага маладога пісьменніка, то якія рысы будуць вылучацца ў гэтым вобразе? Хто і якія яны — будучыня літаратуры? У Інстытуце літаратуры і мастацтва імя М. Ауэзава (Казахстан) шмат увагі надаецца творчасці маладых аўтараў. Вось што распавяла ўдзельніца сімпозіума, літаратуразнаўца Святлана Ананьева:

— Летась у нашым інстытуце пабачыла свет калектыўная манаграфія «Літаратура народаў Казахстана», дзе досыць вялікая ўвага надаецца маладым творцам. Гэта, да прыкладу, паэт і празаік, які піша ў традыцыях еўрапейскай літаратуры, Канстанцін Серабранскі, дарэчы, эколаг па адукацыі. Яго вельмі цікава чытаць, гэты аўтар многа падарожнічае па свеце, сам выдае часопіс. Яшчэ адзначу паэтаў Марата Ісенава і Алену Зейферт. Цікава, што ў маладых творцаў — новыя тэмы, новыя ідэі. Яны хутчэй усталёўваюць кантакты, і гэта дазваляе ім часцей перакладацца і выдавацца за мяжой.

Якія парады могуць даць ужо сталыя творцы маладым аўтарам? Пісьменнік з Літвы, добры сябар Беларусі Яронімас Лауцюс, які часта праводзіць майстар-класы для аўтараў-пачаткоўцаў, зазначае:

— Пошук сябе, свайго месца ў гэтым складаным жыцці — вось што хвалюе маладых пісьменнікаў. Аўтарам-пачаткоўцам трэба даць імпульс да разумення адказнасці перад сабой, бо менавіта ў іх руках знаходзіцца ключ ад жыцця. Маладым вельмі важна ўсвядоміць сябе творцамі жыцця, а не яго сузіральнікамі. Вельмі важна не ленавацца, працаваць не толькі на вынік, але і дзеля добрага настрою.

А чаго чакаюць ад семінара маладых літаратараў самі творцы? З якімі думкамі і спадзяваннямі прыехалі ў Мінск? Васіль Папоў, паэт на нашы пытанні адказвае так:

— Маё дзяцінства прайшло ў сібірскай вёсцы, што ў Іркуцкай вобласці. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны я і пішу ў асноўным пра жыццё сельскіх жыхароў. Некаторыя кажуць, што гэтая тэма сёння неактуальная. Але мне падаецца — зусім наадварот. Гэта нібыта ідзе знутры: калі пачынаю пісаць, то хочацца маляваць карціны прыроды, вясковага побыту, распавядаць, як жывуць людзі ў драўляных хатах, як працуюць на зямлі. Канечне, удзел у семінары маладых літаратараў мне вельмі цікавы. Цікава паглядзець, якія тэмы хвалююць маіх калег, пазнаёміцца з імі. Натуральна, маладыя творцы пішуць і пра горад, і пра адносіны ў інтэрнэт-прасторы. На маю думку, у любым літаратурным жанры можна працаваць у рамках духоўнай культуры, а не высмейваць рэчаіснасць.

І сапраўды, сёння, у час, калі межы паміж краінамі становяцца ўсё больш умоўнымі, маладым творцам, адкрытым для новых уражанняў, вельмі лёгка пасябраваць з калегамі, дамовіцца з выдаўцамі, знайсці натхненне для вершаў і раманаў. І хто ведае, магчыма, менавіта дзякуючы семінару маладых літаратараў, што сёння праходзіць у Мінску, дарогу ў шырокі свет атрымаюць новыя ідэі маладых творцаў, іх імёны стануць папулярнымі і запатрабаванымі ў чытачоў.

Аўтар: Марына Весялуха

Яшчэ фота

Распачаў работу семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі
Распачаў работу семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі

Каментары да фатаграфій

  1. Пісьменнік з Літвы Яронімас Лауцюс
  2. Васіль Папоў, паэт

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар