Рус | Бел
Першы фестываль сучаснай беларускай драматургіі прайшоў у Мінску

Першы фестываль сучаснай беларускай драматургіі прайшоў у Мінску

20.07.2016
Першы фестываль сучаснай беларускай драматургіі прайшоў у Мінску

Будынак былога завода. Фотастудыя, што цяпер размяшчаецца ў адным з памяшканняў. Белы кабінет імправізаванай сцэны. Гледачы, не зважаючы на спёку, гадзінамі назіраюць за падлеткамі-гангстарамі на Кунцаўшчыне, пакупніцамі ЦУМа і простымі хлопцамі з Рагачова...

Ду ю спік, сучасная драматургія?

Фестываль WrіtеBох паўстаў як прыватная ініцыятыва: тэатразнаўца і менеджар Вікторыя Белякова ў пэўны момант зразумела, што феномен сучаснай беларускай драматургіі патрабуе большай увагі і ступені асэнсавання, чым ён меў раней, і, атрымаўшы грант конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd, арганізавала WrіtеBох. Усяго на конкурс было даслана больш як 20 тэкстаў. Каманда тэатразнаўцаў, рэжысёраў і крытыкаў сфарміравала шорт-ліст з васьмі п'ес. Менавіта яны і былі прачытаны на працягу чатырох чэрвеньскіх дзён у студыі кінакампаніі BlасkBеаstMеdіа. Акрамя конкурснай, фестываль меў яшчэ і адукацыйную праграму. Лекцыі і майстар-класы ў межах яе правялі запрошаныя эксперты — тэатральны крытык Павел Руднеў і драматург Максім Курачкін.

У фокус увагі беларускіх драматургаў трапілі самыя розныя праблемы сучаснасці. Ваенныя канфлікты ды стаўленне да іх шараговага чалавека («Опіум» Віталя Каралёва). Даследаванне жыцця людзей у стане залежнасці («Бзік» Аляксея Макейчыка). Адзінота чалавека («Секс мне не патрэбен» Лёхі Чыканаса) ды іншыя. Асаблівую ўвагу прыцягваюць тэксты, якія не толькі адлюстроўваюць сучаснасць, выяўляючы яе болевыя пункты, але ж і правакуюць змены сучаснага тэатральнага працэсу, ставяць перад рэжысёрамі новыя задачы, вымагаючы пошуку новай тэатральнай мовы. Найбольш заўважна такія якасці тэатральнага тэксту выявіліся ў п'есах Дзмітрыя Багаслаўскага і Максіма Дасько.

П'еса — гэта СМІ

Максім Дасько стаў адзіным драматургам, чыя творчасць у межах фестывалю была прадстаўлена дзвюма абсалютна рознымі п'есамі. У пэўнай ступені гэта дэманстрацыя дыяпазону магчымасцяў аўтара: ад тэксту «Онікс», сканструяванага хутчэй па законах прозы, да альманаха дыялогаў «Сэканд-хэнд ГДЖ. Канец свету». Але з іншага боку — гэта і відавочная характарыстыка стылю, галоўная адметнасць якога — пошук новага фармату падачы інфармацыі гледачу. Тут наўмысна выкарыстаны не мастацкі тэрмін, а медыйны — «інфармацыя». Сучасны чалавек нярэдка трапляе ў сітуацыю недаверу СМІ і перадаручае функцыю атрымання аб'ектыўнай інфармацыі пра навакольны свет і яго падзеі іншым інстытуцыям, у тым ліку і тэатру. Канструкцыя тэкстаў Максіма Дасько нагадвае новы фармат падачы інфармацыі інтэрнэт-рэсурсаў — лонгрыд (англ. «доўгае чытанне»). Аўтары такога матэрыялу імкнуцца не толькі данесці чытачу факты, але і стварыць атмасферу той падзеі, пра якую вядзецца гаворка, аздабляючы значны аб'ём тэксту асаблівай вёрсткай фотаздымкаў, відэа-, аўдыяматэрыяламі, інфаграфікай.

Так, «Онікс» уяўляе сабой празаічны аповед аднаго з кампаніі трох падлеткаў, чыё сталенне прыпала на пачатак 1990-х і адбывалася ў мінскім мікрараёне Кунцаўшчына. Выбраўшы сабе куміраў — амерыканскі хіп-хоп-гурт Оnух, — падлеткі вырашаюць стаць сапраўднымі гангстарамі. Але большасць гісторый, што з імі здараюцца, хутчэй выглядаюць як прыгоды крымінальных няздараў. Да празаічнага аповеду Дасько дадае фотаілюстрацыі (здымкі Кунцаўшчыны) і аўдыясуправаджэнне (песні ды кліпы гурта Оnух). Рамантычны флёр для герояў знікае пасля прадметнага сутыкнення з рэчаіснасцю (сапраўдныя бандыты, сапраўдныя трупы, сапраўдныя раны) і згодна з запытамі грамадства: быць «братком» больш не крута.

«Сэканд-хэнд ГДЖ. Канец свету» — своеасаблівы тэатральны альманах, што яднае гісторыі рэчаіснасці па двух крытэрыях: адпаведнасць апакаліптычнаму настрою і метафарам адносна спажывецкага грамадства, згодна з якімі Беларусь уяўляецца аўтару адным вялікім рынкам (у тэксце паўстае рынак «Ждановічы»). Асноўным «будаўнічым матэрыялам» для п'есы становяцца падслуханыя драматургам гісторыі: пакупнікоў у ЦУМе, тралейбусных кіроўцаў, людзей у чарзе, хлопцаў, што адпачываюць на беразе возера. Драматург манціруе пачутыя гісторыі, фотаздымкі, відэа, ствараючы ў гледачоў ілюзію апакаліпсіса, што накрыў сучаснае грамадства. І адзіныя, хто маюць шанц выратавацца, — гэта цыганы: народ, які не мае сваёй тэрыторыі, але не здраджвае адвечным каштоўнасцям — сям'і і дзецям.

У межах фестывалю гледачам паказвалі не паўнавартасныя спектаклі, а чыткі: рэжысёры найперш імкнуліся прэзентаваць гледачу тэкст. Аднак сцэнічнае рашэнне гэтай прэзентацыі выглядала заяўкай на магчымы спектакль. Так, рэжысёр «Онікса» Таццяна Ларына замест аднаго апавядальніка ўвяла траіх (згодна з колькасцю падлеткаў у кампаніі), якія, стоячы за пюпітрамі, камунікавалі з гледачамі, нібыта ўдзельнікі хіп-хоп-гурта. Крытык Павел Руднеў падчас абмеркавання нават адзначыў магчымасць з'яўлення ў Беларусі першай хіп-хоп-оперы. А рэжысёр чыткі «Сэканд-хэнд ГДЖ. Канец свету» Антаніна Аляшкевіч прыняла рашэнне пакінуць як мага больш маркераў дакументальнага: ад жыццёвага падабенства паводзін хлапечай кампаніі на беразе ўяўнага возера да знаёмых кожнаму мінчаніну паказальнікаў тралейбусных маршрутаў у руках кіроўцаў.

Увесь свет — фотаальбом

П'еса Дзмітрыя Багаслаўскага «Кропкі на часавай восі» таксама пабудавана па прынцыпе альманаха. І ў яе аснове таксама заўважны журналісцкі складнік — адпраўным пунктам кожнай гісторыі становіцца рэпарцёрскі здымак ды подпіс да яго: «Манах побач з пажылым чалавекам, што раптоўна памёр падчас чакання цягніка ў Шаньсі Тайюань, Кітай», «Румынскі хлопчык уручае паветраны шарык паліцэйскаму ў час пратэстаў у Бухарэсце», «Канфіскаваныя мітры, 1921 год». Багаслаўскі выкарыстоўвае здымкі з розных эпох і розных частак свету. Аднак тэматычна п'еса-альманах адказвае на запыт той часткі гледачоў, якая стамілася ад дакументальнага люстравання падзей рэальнасці і чакае ад тэатра не толькі праўды, але і надзеі — большасць гісторый Багаслаўскага пра людзей, што трапілі ў крызісныя сітуацыі, але не страцілі моц духу. З тэхнічнага пункту гледжання новы тэкст аднаго з самых папулярных беларускіх драматургаў звяртае на сябе ўвагу дзякуючы гукавой партытуры і асэнсаванай тэхніцы стварэння тэатральнага тэксту, дзе першасным, адпраўным, пунктам становіцца выява.

Я вас бачу. Што мне рабіць?

Феномен сучаснай беларускай драматургіі, якая часцей трапляе на сцэнічныя пляцоўкі постсавецкай прасторы (пераважна Расіі), чым у беларускія тэатры, падчас WrіtеBох асэнсоўваўся на розных узроўнях. З тэкстамі працавалі ды рабілі высновы драматургі, акцёры, рэжысёры, айчынныя і замежныя эксперты. І што не менш важна, пачуць новыя тэксты мелі
магчымасць гледачы. «Ведаеш, — заўважыла пасля аднаго з паказаў мая тэатральная прыяцелька, — я раней не заўважала вакол людзей з п'есы Дасько. А цяпер заўважаю. І мне некамфортна». WrіtеBох прапанаваў кожнаму высветліць свае адносіны з рэчаіснасцю: змясціць фокус увагі, асэнсаваць новую частку сябе ці навакольнага свету, увайсці ў зону камфорту ці выйсці з яе і спрычыніцца да новага, ва ўсіх сэнсах, тэатра.

Аўтар: Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Каментар да фатаграфіі

Чытка п'есы Максіма Дасько «Сэканд-хэнд ГДЖ. Канец свету (Фота Вікторыі БЕЛЯКОВАЙ)

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар