Рус | Бел
Скрыня з аварыйным выхадам, або Куды спускаюцца Арфеі?

Скрыня з аварыйным выхадам, або Куды спускаюцца Арфеі?

02.10.2017
Скрыня з аварыйным выхадам, або Куды спускаюцца Арфеі?

Мая клетка на пятым паверсе. У ёй ёсць усе выгоды, але цяпло яшчэ не бяжыць па батарэях — мы прывыклі, што яго ўключаюць па графіку. Цяпло не па графіку (у любым варыянце) раўназначнае жыццю ў раі.

Таму свет, які складаецца з бетонных шматпавярховых каменных скрынак, здаецца безнадзейна шэрым. Халодным. У аднастайнай беспрасветнасці, мітусні, зададзенасці людзі выглядаюць безабароннымі ценямі, вось-вось маналітны жудасны бетон прыцісне — не ўратуецца нават цень... Але ў адной з клетак запальваецца святло: бетон пачынае дыхаць. У ім б'ецца пульс, у шэрай скрыні можа нават расквітнець сад. Бетон зачаравальны. А мы і не ўяўлялі...

Рэжысёр Яўген Карняг ажыццявіў драматычную пастаноўку «Бетон» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі без слоў. Бываюць тэмы, калі словы застываюць, нібыта залітыя халодным бетонам — у прыватнасці, цяперашнім разуменнем кахання і спрошчаным стаўленнем да яго, калі партнёраў лёгка знайсці і проста памяняць. «Бетон» у гэтым спектаклі — і метафара, і грунт асаблівай эстэтыкі. І антураж, у якім разыгрывае(ю)цца драма(ы), праз якія выразна бачацца жывыя людзі. Гэты безнадзейны вобраз стварае цуд: падкрэслівае цеплыню чалавека.

Яго можна называць Арфей. Імя можа быць любое з тых, што найчасцей рэгіструюць цяпер супрацоўніцы загсаў. У кожнага Арфея можа быць свая Эўрыдыка. Імёны маюць сэнс для тых, хто ведае старажытнагрэчаскі міф пра Арфея і Эўрыдыку. Але з імёнамі ці наогул без іх у гэтым спектаклі істотная сутнасць: імкненне ісці за ідэалам як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Таму што гэта робіць і аўтар, і яго герой.

Арфей знайшоў свой ідэал у вобразе цудоўнай дзяўчыны. Яна натхняла яго на прыгожыя песні і была менавіта той часцінкай, без якой немагчымае жыццё. Як змірыцца з тым, што яна памерла?.. А навокал столькі спакусы: шмат іншых, хто гатовы на ўсё, каб толькі пазбавіцца адзіноты, што здольная ператварыць бетонныя клеткі ў камеры маральнага катавання. Няма там суцяшэння, каб забыць тую адзіную, што давала адчуванне жыцця. Адчайны крок — пайсці за смерцю, вырваць адтуль Эўрыдыку — можа здавацца нават не такім безнадзейным у параўнанні са спробай наладзіць жыццё без таго, хто абраны сэрцам назаўсёды.

Страшнае слова «назаўсёды», калі ўдумацца. Не пакідае варыянтаў, а як жа ў наш час без іх? Усё ж не Старажытная Грэцыя, а прасунутая цывілізацыя. Гэтым нашым «адзін раз жывём» можна наогул цяпер апраўдваць усё, чаму б і не карыстацца?.. Шмат хто так і робіць. Арфей думае не пра сябе, калі адмаўляецца ад шматлікіх варыянтаў для асалоды.

Прагматычны сучасны чалавек з жалезабетоннай свядомасцю адарвецца ад тэатральнай сцэны, дзе амаль аголеныя целы (нібыта аголеныя душы) маўкліва крычаць пра немагчымасць і ненатуральнасць самоты. У такія моманты цывілізаваны чалавек знойдзе сабе занятак: чытаць бягучы радок з аб'явамі пра тое, напрыклад, што маладой прывабнай асобе патрэбны для сустрэч нехта без шкодных звычак, альбо самадастатковы чалавек з уласнай жылплошчай хоча пазнаёміцца дзеля сур'ёзных адносін... Аб'явы на любы ўзрост, узровень, на самыя розныя патрабаванні. Варыянты, як мы любім. Дзяўчаты ў чырвоным, у ружовым (колер сукенкі не мае значэння, як і яе наяўнасць)... Але! Зручнасцямі побыту не спакушаць, віно не наліваць, секс — не прапаноўваць. Усё гэта толькі падштурхоўвае да думак пра смерць, як пра самы жаданы рай, таму што побач з каханай, і Арфей спускаецца ў царства Аіда...

«Ну і дурань!» — мог бы тут жа закрычаць сучасны чалавек, забыўшыся, што ён у тэатры, калі б перад вачыма целы Арфеяў — няскончаны ланцуг — не спаўзалі б рашуча ў пустую цемень. На гэта можна глядзець бясконца, заварожана, у гэта захацелася паверыць. Захацелася паверыць не ў міф, што дакладна распавялі тэатральнымі сродкамі. Вярнулася вера ў чалавека: у адданасць — каханню ці ідэалу, справе ці служэнню, наканаванасці ці ўласнаму выбару, — у жыццёвасць прынцыпаў незалежна ад моды. І нават сучасны бетон гарманічна суіснуе з героем Антычнасці: нездарма гэты матэрыял называлі ў тыя часы вадкім камнем — ён пластычны, лёгка прымае патрэбную форму, але калі злучаецца з ёй і зацвердзявае — не прабіць. Пластычна трансфармуецца сэнс, прыводзячы да цвёрдага меркавання: гэта не ода смерці, а спектакль пра тое, як жыць, з кім, дзеля чаго і навошта.

І такое ж пластычнае выказванне. Карняг не кажа ў лоб нават у тых спектаклях, дзе словы ёсць, ці дзе іх значна больш, чым тут. Гэтым разам ён думку высцілае целамі артыстаў: іх рухамі, узаемадзеяннем, эпізодамі, падчас якіх пульсуюць эмоцыі і разгараюцца пачуцці. У першым і другім ёсць вялікая заслуга кампазітара Мікіты Залатара і сцэнографа Таццяны Нерсісян, што ўзмацнілі аўтарскую думку.

У спектаклях Яўгена Карняга яна першасная. Былі дагэтуль гучныя выказванні, ад якіх страсаліся сцены кананічнага беларускага тэатра, як у папярэдняй пастаноўцы «Інтэрв'ю з ведзьмамі», дзе дысбаланс сіл у свеце даследаваўся праз страту жаноцкасці. Але варта ўспомніць, што раней яго зачапілі «Латэнтныя мужчыны». «Бетон» стаў лагічным працягам, дзе злучыліся дзве стыхіі, прыйшлі да гармоніі дзве сілы, на якіх трымаецца свет. І крыху больш: пластычнасць рэжысёрскага рашэння яшчэ ў тым, што кожны глядач дабудуе піраміду ідэалаў. Усё зроблена ў адмысловай эстэтыцы, стрымана-проста, але так прыцягальна, на адным дыханні, з гарачым сэрцам, што хочацца ўпісаць у гэтую шэрую сцяну сваю клетку, запаліць там святло і стварыць рай.

Аўтар: Ларыса ЦІМОШЫК

Яшчэ фота

Скрыня з аварыйным выхадам, або Куды спускаюцца Арфеі?

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар