Рус | Бел
Як рамеснік узводзіць на прысядзібным участку копію архітэктурнага помніка

Як рамеснік узводзіць на прысядзібным участку копію архітэктурнага помніка

10.09.2018
Як рамеснік узводзіць на прысядзібным участку копію архітэктурнага помніка

Сяргей Бандарэнка ўзяўся за справу два гады таму. За гэты час пабудаваны дзве вежы і часткова муры. Пры гэтым захоўваюцца ўсе прапорцыі, а сам макет з'яўляецца копіяй старажытнага замка, зменшанай у дзесяць разоў.

Турысты, якія прыязджаюць паглядзець на руіны Крэўскага замка, часта заязджаюць і ў вёску Чухны. Дарога сюды хоць і кароткая, але дрэнная — адны ямы ды калдобіны. Але гэтая недарэчнасць хутка саступае месца іншым уражанням — здзіўленню і захапленню. Бо сярод вясковай вуліцы раптам вырастае пяціметровая мураваная вежа.

Натхніў майстра на такі праект сам замак — адзін з самых старажытных у Беларусі. Ён быў узведзены яшчэ ў ХІV стагоддзі і з'яўляецца першай мураванай пабудовай на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Замак вядомы і тым, што тут была падпісана Крэўская унія, якая аб'яднала ВКЛ і Польшчу ў адну дзяржаву. Цяпер ад велічнай пабудовы мала што засталося. Каб не страціць і таго, што ёсць, з фонду Прэзідэнта выдзелена каля 900 тысяч рублёў на кансервацыю рэшткаў вежаў і сцяны.

Сяргей Бандарэнка задумаў паказаць у паменшанай копіі былую веліч мураванай крэпасці. Ён мае намер узвесці замак цалкам, з вежамі, крапаснымі мурамі і рвом на плошчы каля 80 квадратных метраў. Вітражы на вокнах будуць падсвечвацца знутры. Адметна, што копія Крэўскага замка будуецца з сапраўдных яго адбіткаў.

— У сцяну майго замка таксама ўкладзена крэўская цэгла, якую некалі вывозілі на сметнік, гэта арачная цэгла, — расказвае майстар. — Гліна па колеры такая ж, як і на старажытным помніку, з таго ж кар'ера, ну і чарапіца. Усё робіцца ў зменшаным варыянце, у тым ліку і цэгла.

На адну толькі сцяну пяціметровай вежы спатрэбілася больш за 200 тысяч цаглінак. Яны ўсяго па некалькі сантыметраў, і для іх вырабу створаны адмысловыя формы.

Перад тым як пачаць работу, быў зроблены макет замка ў 3D-фармаце. Сяргей Бандарэнка мяркуе, што розныя эпохі наклалі адбітак на крэпасць. Магчыма, былі драўляныя вежы на галерэях, аб чым сведчаць перапады ў складзе сцяны, якая цягнецца амаль на 100 метраў. Захаваліся гнёзды ад бэлек баявой галерэі і аўтэнтычная бутавая муроўка, якая таксама будзе закансервавана. Сяргей назірае за гэтымі работамі, бо каля замка знаходзіцца яго гандлёвы павільён. А гліняныя і каваныя рэчы майстар робіць у майстэрні на вясковай сядзібе, дзе будуе свой цагляны макет. Дарэчы, сюды можна прыехаць і нешта зляпіць ці дапамагчы ў пабудове копіі замка. У майстра яшчэ шмат задумак.

— У сярэдзіне будуць макеты іншых замкаў, вакол іх — ваенныя сцэны тэракотавай арміі, цалкам ручная работа. Як і раней, замак павінен адпавядаць свайму абарончаму прызначэнню, будуць кузня, коні, гаспадарчыя будынкі. Думаю, праз два гады завяршыць пабудову, — робіць прагноз Сяргей Бандарэнка.

Вакол замка з'явіцца сярэднявечны мураваны лабірынт, дзе можна будзе не толькі блукаць, але і пасядзець, паразважаць сярод камянёў. Майстар высадзіў для гэтых мэт 200 елак, камяні для агароджы збірае па наваколлі.

Мясцовых жыхароў тут зусім мала — каля дзесяці, і яны ганарацца, што ў вёсцы будзе сапраўдны замак. Майстар пераехаў сюды некалькі гадоў таму, і адразу прыняўся за справу. Зладзіў майстэрню і загарэўся ідэяй адбудаваць копію былой славутасці. Праўда, прыйшлося сутыкнуцца з шэрагам бюракратычных праблем. Напрыклад, не атрымаў дазволу будаваць на ўчастку, які спецыяльна набыў для гэтых мэт. Прыйшлося ўзводзіць замак на сваім агародзе. Праблемы ўзніклі і пры рэгістрацыі незвычайнай пабудовы. Было вырашана назваць аб'ект «назіральнай тэрасай».

— На жаль, не ўдалося атрымаць еўрапейскі грант, бо нас не зарэгістравалі як юрыдычных асоб, — успамінае Бандарэнка. — Але мы не адмовіліся ад рэалізацыі ідэі. Хочацца зрабіць нешта адметнае.

Распачаць справу дапамаглі сродкі, сабраныя праз краўдплатформу «Талака». На будоўлю ідуць грошы ад рамесніцкай дзейнасці сям'і, хоць гандаль не заўсёды ўдалы. Сяргей прызнаецца, што гэты праект надае сэнс яго жыццю. Ён бачыць, што вакол шмат нераўнадушных і зацікаўленых людзей, якія таксама дбаюць аб сваёй гістарычнай спадчыне.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч

Яшчэ фота

Як рамеснік узводзіць на прысядзібным участку копію архітэктурнага помніка

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар