Рус | Бел
Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку

Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку

03.03.2019
Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку

Нашы дзесяць невядомых фактаў пра Уладзіміра Мулявіна, якія мы вынайшлі сумесна з музыказнаўцам Вольгай Брылон і старэйшай дачкой музыканта Марынай Мулявінай, маюць працяг. Гэтым разам мы сустрэліся з Валерыем Мулявіным — сынам песняра і актрысы Святланы Пенкінай, вядомай па фільмах «Хаджэнне па пакутах» і «Беражыце жанчын». 2019-ы з'яўляецца годам пяцідзесяцігоддзя «Песняроў», а ў інтэрв'ю, напрыклад, Валерый успомніў падрыхтоўку да дваццаціпяцігоддзя калектыву. А таксама стасункі сваіх бацькоў, жарты Уладзіміра Мулявіна і яго настрой пасля аварыі. На размову ён прынёс сямейныя фотаздымкі, і аказалася, што яго архіў апроч картачак захоўвае багата відэаматэрыялу:

— Падчас працяглых гастроляў «Песняроў» у Афрыцы маці захварэла на малярыю. Калі яна пачала папраўляцца, бацька, ведаючы, як маці сумуе па кіно, падарыў ёй відэакамеру, — тлумачыць Валерый. — Так яна змагла хоць бы неяк зноў далучыцца да прафесіі і пачала здымаць. У мяне захоўваецца вялікі архіў запісаў з гастроляў і сямейных урачыстасцяў.

— Ваша маці перажывала, што ў пэўны момант свядома спыніла сваю акцёрскую кар'еру?

— Яна насамрэч вельмі любіла кіно. Бацькі і пачалі сустракацца, калі маці здымалася ў фільме «Беражыце жанчын» на Адэскай кінастудыі. Тата пачаў пакрысе да яе заляцацца, прыязджаць на здымкі, а калі пад канец маці моцна прастудзілася і трапіла ў бальніцу, бацька, узяўшы коўдру, гарбату і варэнне, паехаў па яе на машыне, каб адвезці дадому, бо ляцець самалётам ёй было нельга. Ужо пасля майго нараджэння маці паехала на пробы ў Ленінград, а калі вярнулася, як яна расказвала, і ўбачыла мяне з бацькам, зразумела, што ўжо не актрыса, а жонка і маці. У гэты момант яна спыніла сваю кар'еру, хоць была на ўзлёце, вядомай актрысай не толькі ў Савецкім Саюзе, але і за мяжой. Тата, напрыклад, упершыню ўбачыў яе на экране менавіта за мяжой, гэта быў фільм «Хаджэнне па пакутах». Але маці ўсё роўна знайшла сябе ў творчасці: некаторы час вяла канцэрты «Песняроў» — прадстаўляла ансамбль, праграму, песні, потым стала памочнікам кіраўніка ансамбля, то-бок майго таты, і ў рэшце рэшт, ужо пасля смерці бацькі, каб захаваць пра яго належную памяць, узначаліла музей Уладзіміра Мулявіна. Да таго ж яна заўсёды падтрымлівала стасункі са знаёмымі акцёрамі, лёгка разумелася з аператарамі і рэжысёрамі, бо добра ведала прафесію.

— Малодшыя дзеці часта бываюць любімымі. Вы — малодшы сын Уладзіміра Мулявіна. Можаце сказаць, што вы — любімчык?

— Магу сказаць толькі, я заўсёды адчуваў, што бацька мяне вельмі любіць. Нездарма ён назваў мяне ў гонар свайго старэйшага брата Валерыя, якога вельмі рана страціў.

— Што ён казаў пра загадкавую смерць Валерыя?

— У яго была толькі адна версія таго, што здарылася, і яна ніколі не змянялася. Калі яны прыехалі выступаць у Ялту, раніцай мой дзядзька выйшаў на вуліцу, сеў на парапет. Міма праязджала машына, што чысціць дарогі, ён падняў ногі, не ўтрымаўся і з невялікай вышыні няўдала ўпаў і ўдарыўся галавой. Іншых версій ад бацькі я не чуў.

— Як ён успамінаў брата?

— У іх было небагатае свярдлоўскае дзяцінства, адна пара добрых чаравікаў на дваіх. У тыя пасляваенныя, як бацька расказваў, бандыцкія часы Валерый абараняў малодшага брата ад вулічных разборак і ўвогуле ад усіх непрыемнасцяў маладосці. Ён быў моцны і камунікабельны, а тата, наадварот, — больш творчы і спакойны. А ўжо калі бацька ўсур'ёз заняўся музыкай, ён прапанаваў Валерыю ўзяць у рукі гітару, навучыцца прафесіі і прыйсці ў ансамбль. То-бок спачатку заступніцтва было за старэйшым братам, потым — за малодшым.

— Ці былі ў вас нейкія сямейныя традыцыі?

— Як ва ўсіх, галоўныя святы адзначаліся ў асяроддзі сям'і. На Новы год маці цудоўна гатавала качку з яблыкамі, а мы з бацькам у гэты час упрыгожвалі ёлку. Калі атрымлівалася, у свабодны вечар мы любілі глядзець фільмы на відэакасетах. Спачатку глядзелі ўтраіх, але, паколькі маці праз пятнаццаць хвілін пачынала каментаваць работу аператара ці рэжысёра, ігру акцёра, у выніку магія фільма знікала, таму хутка мы сталі глядзець кіно толькі ўдвух. Бацька любіў як сур'ёзныя фільмы, такі і амерыканскія блокбастары, а калі было сумна, уключалі французскія камедыі з Луі дэ Фюнэсам, П'ерам Рышарам, яны заўсёды бадзёрылі. Любімымі акцёрамі былі Марчэла Мастраяні, Марлон Брандо, Джэк Нікалсан, Роберт дэ Ніра і Аль Пачына. Бацька любіў перанастройвацца: адыгрываў канцэрт, раздаваў аўтографы, а дома, каб перазагрузіцца, ныраў у кінагісторыю. Таксама ён увёў традыцыю хадзіць у лазню, калі атрымлівалася, раз у тыдзень. Тое ж самае ў ансамблі: бацька мог арандаваць лазню і запрасіць туды калектыў. І ніхто не супраціўляўся, усе гэта любілі.

— Недзе сустракалася, што падчас гастроляў «Песняроў» вы спалі ў чахле ад гітары. Можаце ўспомніць, як ездзілі з бацькам у доўгія туры?

— Маё гастрольнае жыццё пачалося з ранняга дзяцінства. У бацькоў не заўсёды атрымлівалася ўзяць з сабой дзіцячы ложак, таму прыходзілася недзе ў грымёрцы браць чахол — я кажу пра чахол з цвёрдымі бартамі — спавіваць мяне і ўкладваць. Калі гэта былі непрацяглыя пераезды, я браў у школе заданне і пасля здаваў залік. А калі працяглыя, як гастролі ў Афрыцы, тады прыязджаў мой дзядуля і глядзеў за мной. У Афрыку я вельмі хацеў, хоць маці, магчыма, і пашкадавала, што туды паехала. Першая мая паездка менавіта за мяжу была ў пачатку 1990-х у Германію. Мы ехалі на аўтобусе цераз Польшчу, памятаю, як кіроўцы вырашылі зрабіць прывал, дасталі палявую кухню і на весь калектыў прыгатавалі макароны па-флоцку. Я гэта ніколі не забуду, паходныя ўмовы заўсёды прысутнічалі, хоць прымаючы бок арганізоўваў кафэ і рэстараны. У маім узросце мне ўсё было цікава, думаю, бацьку ўжо не. Мне запомніліся паркі атракцыёнаў, якіх у нас тады не было. Потым бацька любіў штурхаць мяне ў нерускамоўнае асяроддзе, бо я паглыблена вывучаў замежныя мовы. Хацеў, каб я прабіў моўны бар'ер, што было вельмі цяжка.

— Як падчас гастроляў ваша сям'я арганізоўвала свой вольны час?

— За мяжой мы любілі наведваць гістарычныя мясціны, музеі, храмы, бацька імкнуўся даведацца як мага больш пра горад, у які прыехаў. Ён быў спартыўным чалавекам і часта ў паездкі браў футбольны мяч, і калі я іграў, мог разам з удзельнікамі ансамбля далучыцца да мяне. Я ж, калі падрос і мяне не трэба было пакідаць у чахле ад гітары, прыходзіў за кулісы і слухаў татаў канцэрт, а падчас антракту любіў падбегчы да інструментаў і пасвавольнічаць.

— Вы памятаеце, як ва Уладзіміра Мулявіна праходзіў творчы працэс?

— Самая загадкавая частка — нараджэнне мелодыі — была вядома, напэўна, толькі бацьку. Ён рана прачынаўся, недзе а пятай гадзіне, ішоў у асобны пакой, браў гітару і сшытак і ціхенька займаўся. Помню, як аднойчы тата разбудзіў маці, пасадзіў побач і пачаў найграваць мелодыю. Яна сказала: «Вельмі прыгожа», — а ў выніку з гэтай мелодыі нарадзілася цудоўная песня «Чырвоная ружа», якую бацька прысвяціў маці. Ну а потым ужо работа на студыі, аранжыроўка, распісаць партыі для вакалу і так далей.

— Прыгадайце, як «Песняры» рыхтаваліся да свайго 25-годдзя.

— Яно святкавалася на «Славянскім базары ў Віцебску», бацька вырашыў зрабіць зборны канцэрт і апроч беларускіх артыстаў запрасіць на яго спевакоў постсавецкай прасторы. Цудоўна памятаю, як бацька ўзяў мяне за руку і падышоў да Алы Пугачовай прапанаваць ёй паўдзельнічаць. Вось ён прадстаўляе мяне Але Барысаўне, а яна кажа, што мы ўжо «завочна знаёмыя»: аказалася, што ў гасцініцы мы жылі ў суседніх нумарах і прыма цудоўна чула, як я адпрацоўваў удар мячом аб сценку, калі адсутнічалі бацькі. Незадоўга да канцэрта маці патэлефанавалі з расійскага тэлебачання і папярэдзілі, што будуць рабіць трансляцыю. Яна разумела, што бацька хвалюецца — праграма была сур'ёзная, таму пра трансляцыю паведаміла яму літаральна ў апошні момант, калі ўжо «Валодзя, час ісці на сцэну». Маці прымала ўдзел у пастаноўцы, рэжысуры, вобразах. Дарэчы, гэта быў першы канцэрт, калі касцюмы — гэтым разам патрэбны былі фракі — не шыліся спецыяльна, а набываліся. Бацька заўсёды сур'ёзна падыходзіў да выбару касцюмаў, усё распрацоўвалася, вывучалася, узгаднялася альбо не.

— Легенды ходзяць пра пачуццё гумару Уладзіміра Мулявіна...

— Так, гэта у нас прыроджанае. Што можна казаць пра чалавека, настольнай кнігай якога былі «Прыгоды бравага салдата Швейка»? Яна ляжала ў бацькі каля ложка, я і сам не адзін раз яе перачытаў. Тата ішоў з гумарам па жыцці, жартаваў пастаянна. Помню ўрадавы канцэрт ва Украіне, калі прэзідэнтам быў Леанід Кучма. Пасля канцэрта ўсе госці, палітыкі, артысты збіраліся, каб зрабіць агульнае фота. У сярэдзіне павінен быў стаяць прэзідэнт, а ўсе астатнія, як меркавалася, акуратна сысціся вакол яго. Доўга бегалі і камандавалі, каму ніжэй, каму правей, пакуль бацьку гэта не надакучыла і ён не крыкнуў: «Дарагія сябры, кучмей-кучмей!». Яшчэ прыклад з сямейнай паездкі ў Парыж, якую бацька падарыў маці. Мы пайшлі ў Луўр, і, канешне, галоўная карціна, якую трэба ўбачыць, — «Мона Ліза». З-за натоўпу да яе немагчыма было падысці, хоць тата асабліва і не гарэў жаданнем, але маці ўсё настойвала, каб ён ацаніў у тым ліку знакамітыя вочы: «Валодзя, паглядзі. Паглядзі пад гэтым ракурсам. Паглядзі пад іншым». Пакуль бацька не сказаў: «Света, я, што, па-твойму, афтальмолаг?»

— Вы памятаеце момант, калі даведаліся пра аварыю?

— Раніцай нам патэлефанавалі, чалавек у трубцы сказаў, што бацька трапіў у аварыю і накіраваны ў бальніцу, і папрасіў паклікаць маці ці каго-небудзь са сваякоў. Па яго голасе я ўжо зразумеў, што здарылася нешта страшнае. Калі я сказаў маці, яна рэзка ўскочыла з канапы і падбегла да тэлефона, ёй паведамілі, што бацьку робяць аперацыю ў Інстытуце траўматалогіі, але без падрабязнасцяў, мы яшчэ не ведалі, што ў яго траўміраваны пазваночнік. Мы і ўдзельнікі калектыву сабраліся ў бальніцы і сталі чакаць вынікаў аперацыі, пра наступствы не задумваліся, трэба было проста захаваць жыццё. І дзякуй нашым урачам, у іх гэта атрымалася. Потым пачаўся даволі цяжкі час рэабілітацыі, спачатку ў Мінску, а пасля — дзякуючы хадайніцтву Іосіфа Давыдавіча Кабзона — у Інстытуце нейрахірургіі Бурдэнкі ў Маскве. Рэабілітацыя — ужо іншая гісторыя, бацька меў патрэбу ў нашай прысутнасці, яму трэба было дапамагаць з пэўнымі працэдурамі, лячэбнай фізкультурай, бо ніжэй за грудную клетку ў яго была поўнасцю страчана адчувальнасць. У асноўным ён ляжаў, у рэдкім выпадку — сядзеў. У апошнія месяцы маці папрасіла, каб у бацькаву палату паставілі ложак для яе, і стала заставацца на ноч. У мяне ён прасіў прынесці паслухаць музыку, на шчасце, у нас былі падобныя музычныя густы.

— А што Уладзімір Мулявін слухаў?

— Ён быў стапрацэнтным бітламанам яшчэ з часоў, калі The Beatles можна было пачуць толькі на забароненым «Голасе Амерыкі». Ён слухаў Чайкоўскага, The Beatles, Стыві Уандэра — дыяпазон быў шырокі, пласцінкі бацька прывозіў з гастроляў.

— Усё ж месяцы рэабілітацыі былі часам з надзеяй на лепшае?

— Трэба ведаць майго бацьку. Многія б у гэтай сітуацыі здаліся, але навакольныя людзі былі так напалоханы, што гэта бацька падбадзёрваў, падтрымліваў і казаў, што з ім усё будзе ў парадку. Тата ў любой рабоце, за якую браўся, ставіў высокія планкі і гэтым разам паставіў задачу прайсці рэабілітацыю і ўстаць. Яго ўпэўненасць перадалася маці, мне, урачам, мы адсвяткавалі чарговы Новы год і бацькаў дзень нараджэння, але ў выніку, на жаль, цела аказалася слабейшым за дух, сэрца не вытрымала.

— Мне падалося, у вас добрыя стасункі з сёстрамі — дзецьмі Уладзіміра Мулявіна ад першага і другога шлюбаў.

— Так, з Марынай і Вольгай мы камунікуем і сустракаемся. На днях я быў у гасцях у Вольгі, да гэтага — у Марыны. Мы заўсёды бачымся і ўспамінаем бацьку на дзень яго нараджэння, 12 студзеня, у філармоніі, дзе праходзяць штогадовыя прымеркаваныя да гэтай даты канцэрты. Іх традыцыю ўвяла маці, каб усе разам збіраліся.

— У рэшце рэшт, раскажыце, па якіх арыенцірах бацька вас выхоўваў.

— Канкрэтна бацькаў арыенцір — гэта, канешне, музычная школа. Паверце, у мяне не было ніякага жадання там вучыцца, але я дагэтуль успамінаю мудрыя татавы словы, які казаў, што некалі я буду яму за гэты прымус удзячны. І насамрэч праз столькі гадоў я кажу бацьку дзякуй. Таксама ён лічыў, што час мяняецца, і калі яго пакаленню англійская мова была не патрэбна, то для майго становіцца абавязковай. Бацька моцна любіў футбол, мы разам глядзелі матчы, разам хварэлі — калі ігралі Савецкі Саюз ці Бразілія, толькі за іх. Тата навучыў мяне сціпласці і прыстойнасці. Помню, многія былі шакаваны асабістым знаёмствам з бацькам, калі аказвалася, як проста, ніколькі не задзіраючы нос, на любыя тэмы размаўляе народны артыст і музыкальны геній. Напэўна, гэтым чалавек і вялікі.

Аўтар: Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Яшчэ фота

Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку
Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку
Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку
Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку
Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку
Валерый Мулявін: Бацька ўсіх падбадзёрваў, што з ім усё будзе ў парадку

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар