Рус | Бел

Як рукапіс сто гадоў чакаў выдання

10.04.2019

«Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча — унікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення.

Матэрыялы для слоўніка Апанас Ярушэвіч збіраў у 1907—1918 гадах. Гэта праца стваралася ў няпросты гістарычны перыяд, калі наша краіна павінна была вызначыцца як самастойная рэспубліка. Таму вельмі важна было сцвердзіць сябе праз мову. У слоўніку ўпершыню лексікаграфічную апрацоўку атрымалі звыш 13 000 слоў, беларускую частку якіх аўтар сабраў самастойна або праз сваіх вучняў. У аснову пакладзены маладзечанскія гаворкі. Менавіта дзякуючы гэтай працы можна даведацца пра стан сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак, якія былі ўзяты за аснову сучаснай літаратурнай мовы ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. А таксама праз слова мы зможам убачыць побыт беларусаў на памежжы стагоддзяў, сацыяльна-эканамічнае жыццё, матэрыяльную і духоўную культуру.

«Паступова мы робім адкрыцці ў галіне археалогіі, гісторыі, нашай матэрыяльнай, духоўнай культуры і мовазнаўства. І сёння дэманструем чарговае з іх. Адкрываем новае прозвішча, невядомае да гэтага большасці беларусаў, — Апанас Ярушэвіч, — заўважыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў. — Без тых людзей, якія працавалі ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, не было б ні Беларусі, ні беларускай мовы. Дзякуючы ім мы заявілі пра сябе як пра адметную супольнасць на карце свету».

Праца была ажыццёўлена Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам. Каб дакументу надаць аблічча слоўніка, супрацоўніцы Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Ірыне Галузе давялося прыкласці шмат намаганняў. Справа ў тым, што рукапіс быў чарнавіком з праўкамі самога аўтара, і да асобных слоў не пададзены пераклад. Да таго ж над будучым слоўнікам папрацаваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла — чырвоным колерам паверх тэксту ўнёс больш за 300 правак. І важна было і такую інфармацыю захаваць. Каб перадаць усё гэта, а таксама падладзіць кніжку пад сучаснага чытача, была выпрацавана пэўная сістэма памет.

Слоўнік падкінуў даследчыкам нямала загадак. Чаму Апанас Ярушэвіч узяўся за гэтую працу, дзе і якім чынам збіраўся матэрыял, чаму слоўнік не быў надрукаваны, як выкарыстоўваўся рукапіс?.. Да таго ж у некаторых крыніцах згадваецца, што аўтар шчыраваў яшчэ над адным слоўнікам — «беларускім», але невядома, што сталася з той працай. На жаль, небагата засталося інфармацыі і пра самога Апанаса Ярушэвіча, хоць гэта быў надзвычай адукаваны чалавек таго часу — багаслоў, культурны дзеяч, краязнавец, педагог. З 1907 да 1920 года ён працаваў дырэктарам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. А пра далейшы лёс асобы інфармацыі няма. Захаваўся ліст удавы, дзе ў 1924 годзе яна просіць Усевалада Ігнатоўскага прызначыць пенсію, бо ёй і дзецям няма за што жыць, і дасылае працы мужа, каб можна было вызначыць памер пенсіі...

Архівы (у тым ліку і замежныя) захоўваюць яшчэ багата матэрыялаў, якія маюць дачыненне да нашай моўнай спадчыны. І «Расейска-беларускі слоўнік» Апанаса Ярушэвіча — толькі адна з крыніц, адкуль можна чэрпаць цікавыя факты. Сёння ў Акадэміі навук вучоныя працуюць над Зводным слоўнікам беларускіх народных гаворак, збіраюцца перагледзець усе даступныя лексікаграфічныя, лінгва-геаграфічныя і рукапісныя архіўныя крыніцы, каб падаць у адным электронным рэсурсе.

Аўтар: Алена Дзядзюля

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар