14 кастрычніка — 125 гадоў назад нарадзіўся Адам Бабарэка (1899 - 1938), беларускі пісьменнік
Каляндар памятных датТолькі ў Бярэзінскім раёне — на памежжы Міншчыны з Магілёўшчынай, захаваўся рэдкі і надзвычай цікавы старажытны абрад пад назвай «Цягнуць Каляду на дуба». Гэта нішто іншае, як вясёлае развітанне з самым загадкавым і жаданым часам у земляробчым календары нашых продкаў — калядамі. Дзякуючы бярэзінскім культработнікам папулярнасць гэтага яшчэ нядаўна напаўзабытага звычаю хутка пашырылася ад рэгіянальнага да межаў усёй краіны. Як культурнай з'явай абрадам вёскі Новіны зацікавіліся навуковыя эксперты па вывучэнні фальклорнай спадчыны, і ў 2011 годзе яму быў нададзены статус помніка нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.
Адрадзілі і кожны год 21 студзеня «цягаюць Каляду» таксама ў вёсках Чыжаха і Любушаны. Але найбольш відовішчна робяць гэта ў Новінах. Дзякуючы намаганнямі адданай збіральніцы мясцовага фальклору і былому кіраўніку Дома культуры Ніне Клімовіч, а таксама яе дзецям, унукам, пляменнікам і сваякам, якія складаюць касцяк этнагурта «Радзіна» і якіх яна далучыла да высакароднай справы адраджэння і захавання песеннай і абрадавай спадчыны, абрад лёгка ўпісаўся ў кантэкст сучаснага вясковага жыцця і стаў візітоўкай не толькі Новін, але і ўсёй Бярэзіншчыны.
На пачатку фінальнай часткай абраду гаспадыня сячэ стары венік-дзяркач і выкідвае яго на скрыжаванне вуліц — каб старое, непатрэбнае і дрэннае адышло з дому, сям'і, вёскі. Потым старэйшыя ўдзельніцы і дзяўчаткі-падлеткі ўбіраюць саламяны куль у жаноцкае адзенне (кашулю, спаднічку, хустачку), робяць рытуальную ляльку — галоўны сімвалічны атрыбут прадаўжальніцы роду. Выносяць гэты сімвал плоднасці зямлі і нівы на двор, уручаюць паважанай і працавітай бабулі (гэтым разам — Ніне Дзмітрыеўне Клімовіч), потым садзяць на санкі, і вясёлая працэсія з традыцыйнай песняй накіроўваецца за вёску:
«Ой, я Каляду на дуб павяду. Ой, рана-рана, на дуб павяду...»
Здаўна бытавала павер'е, што трэба падняць Каляду на высокае дрэва. Нашыя продкі цанілі дуб — яго параўноўвалі з асілкам, у ім бачылі адвечны сімвал роду. Трэба, каб Каляда сядзела на самым версе дрэва і глядзела на сонца. Новінскія калядоўшчыкі па традыцыі (болей за пяць гадоў) возяць Каляду да дуба ў поле за вёскай Марцыянаўкай, усцягваюць гэтую ляльку-абарэг разам з драўляным колам і гаршчэчкам з куццёю, прымацоўваюць да моцнай галіны. Пад дрэвам раскладваюць агонь, вакол дуба водзяць карагод пад песню:
«Каляда, Калядзіца!
Мы цябе адгулялі,
Добра шанавалі,
А цяпер цягнем на дуба,
Сядзі там люба.
Сядзі там высока
І глядзі далёка...»
Вярнуўшыся ў хату (цяпер усё адбываецца ў клубе), калядоўшчыкі працягваюць вясёлую бяседу і абавязкова гуляюць у «ката». «Кот» — вясёлая забава для моладзі з жартаўлівымі элементамі эротыкі і юнацкага спрыту. У многіх маладых вяскоўцаў падчас зімовых гульняў пачыналіся сапраўдныя заляцанні і нараджаліся сапраўдныя пачуцці, якія, як правіла, заканчваліся вяселлем.
Увесну шлюбныя пары прыходзілі да дуба — таго самага, да якога «цягнулі Каляду», каб паглядзець, ці прыляцелі буслы, ці звілі гняздо на драўляным коле, прымацаваным у апошні дзень Каляд...