Рус | Бел
Год культуры ў Мастах адзначаюць цікавымі выставамі

Год культуры ў Мастах адзначаюць цікавымі выставамі

05.10.2016
Год культуры ў Мастах адзначаюць цікавымі выставамі

Год культуры ў Мастах адзначаюць цікавымі выставамі з удзелам не толькі мясцовых майстроў, але і гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа. Напрыклад, літоўская майстрыха Алдона ЛЕБУВЕНЕ са сваімі калегамі па рамесніцтву, гродзенцамі Таццянай і Ігарам ПЯРВУХІНЫМІ, пазнаёмілася летась на «Славянскім базары» ў Віцебску, а сёлета з сумеснай выставай «Творчасць без межаў» яны прыехалі ў Масты. На ёй былі прадстаўлены жаночыя ўпрыгажэнні з натуральнай скуры і камянёў, сукенкі і кардыганы, звязаныя пруткамі і шыдэлкам, і іншыя вырабы.

Цікава: а чаму менавіта ў Масты завітала беларуска-літоўская выстава? Чым прывабіў невялікі горад?

— Выдатных рамеснікаў шмат, але раней у нас не было належных умоў, каб паказаць іх работы. Вось і ўзнікла ідэя выкарыстаць памяшканне, якое вызвалілася ў горадзе, пад выставачную залу. Мясцовая ўлада пайшла нам насустрач, — расказвае дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў Жанна НОВІК.

Скурка, як кажуць, аказалася вартай вычынкі, і цяпер ужо многія майстры скарысталіся паслугамі выставачнай залы ў Мастах. Тыя ж Таццяна і Ігар Пярвухіны, якія ўжо больш за 30 гадоў займаюцца мастацкай апрацоўкай скуры і яе спалучэннем з іншымі матэрыяламі, у мінулым годзе паказалі мясцовым жыхарам выставу «Скураны блюз», а сёлета прапанавалі беларуска-літоўскую «Творчасць без межаў». Дарэчы, для мастаўчан, якія прыйшлі на адкрыццё гэтай выставы, аўтары падрыхтавалі сюрпрыз — розыгрыш падарункавых сертыфікатаў на набыццё сваіх работ. Шчасліўчыкі атрымалі арыгінальныя ўпрыгажэнні.

Тэматыка выстаў, якія ладзіць раённы цэнтр рамёстваў, таксама межаў не ведае. Тут, напрыклад, і «Плецены свет» (вырабы з лазы) гродзенцаў Наталлі і Андрэя Піваварчыкаў, і вышытыя карціны мясцовых майстрых Марыі САЎКО і Галіны Пракопчык, і «Тайны дрэва» (драўляныя шкатулкі) мінчаніна Дзяніса Галузы... У найбліжэйшых планах выставы ўпрыгажэнняў з медзі ручной работы са сталіцы, вязаных вырабаў з Гомельшчыны, валеных цацак з Гродна.

— Дзякуючы выставачнай дзейнасці мы зарабляем грошы і адначасова папулярызуем майстроў, якія потым атрымліваюць індывідуальныя заказы ад нашых жыхароў альбо гасцей горада, — кажа Жанна Новік.

Дарэчы, многія мастаўчане не толькі ахвотна наведваюць выставы, але і самі вучацца тым ці іншым відам рамёстваў. З 1 верасня працуюць курсы, дзе майстры цэнтра рамёстваў дапамогуць усім ахвотным авалодаць тэхналогіямі керамікі і ганчарнай справы, саломапляцення, лазапляцення, разьбы па дрэве, вязання, вышыўкі, ткацтва, вырабу інтэр'ерных лялек і лялек-абярэгаў, сувеніраў са скуры і многімі іншымі. У мінулым сезоне навучанне на гэтых курсах прайшло каля 60 чалавек.

— Мы рады бачыць і дзяцей, і дарослых. Кошт навучання на сённяшні дзень складае 100 рублёў. Падстройваемся пад кожнага ахвотнага, каб яму было зручна па часе, — зазначае Жанна Новік. — Хтосьці жадае навучыцца лазапляценню для афармлення сваёй аграсядзібы, хтосьці хоча вырабляць нейкія кашолкі... Прычым, вельмі актыўнымі сталі людзі пенсійнага ўзросту. Пасля ўходу на заслужаны адпачынак у іх больш вольнага часу і чаму не навучыцца нейкаму рамяству, каб упрыгожыць свой дом?

— Які від рамёстваў больш за ўсё прываблівае мастаўчан?

— Апошнім часам — лазапляценне. У нас зараз працуе майстрыха, якая вырабляе выдатныя рэчы для дамашняга ўжытку. Навучыць кожнага зацікаўленага.

Што ж тычыцца рамеснікаў-прафесіяналаў, то іх прыцягваюць не толькі на выставы, але і на кірмашы, святы. Супрацоўнічаюць з этнакрамамі ў Мінску і Гродне, куды майстры на пастаяннай аснове пастаўляюць свае вырабы. Купіць іх можна і ў выставачнай зале цэнтра рамёстваў. Там жа прымуць і заказ, напрыклад, на нейкі эксклюзіўны сувенір. Майстар абмяркуе з заказчыкам, што ён хоча, і адразу ж возьмецца за работу.

Мастоўскі цэнтр рамёстваў папулярызуе і яго актыўная работа ў інтэрнэце.

— Зарэгістравалі свае групы ў сацыяльных сетках, дзе пастаянна паказваем нашы работы, паведамляем аб выставах, кірмашах, у якіх удзельнічаем, — кажа Жанна Новік. — Людзі цікавяцца, прапануюць нейкія творчыя ідэі, варыянты супрацоўніцтва. Здараецца, такім чынам і заказы для майстроў атрымліваем.

Вось так на практыцы пацвярджаецца народная мудрасць, што вада не цячэ пад ляжачы камень.

Мас­тоў­скі цэнтр ра­мёст­ваў па­ста­ян­на ўдзель­ні­чае ў ра­ён­ных, аб­лас­ных, рэс­пуб­лі­кан­скіх вы­ста­вах, кір­ма­шах і свя­тах.

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар