Рус | Бел
Прайдуся па Кастрычніцкай і звярну... на «Зыбу»

Прайдуся па Кастрычніцкай і звярну... на «Зыбу»

10.09.2017
Прайдуся па Кастрычніцкай і звярну... на «Зыбу»

Доўгі час за мяжой Мінск быў вядомы сваімі ВНУ, прамысловымі прадпрыемствамі і добрымі медыцынскімі цэнтрамі, але ніяк не гучнымі вечарынкамі. А цяпер спецыяльна для таго, каб паглыбіцца ў начное жыццё Мінска, маладыя людзі прыязджаюць з іншых краін. Такую славу горад атрымаў вельмі хутка — усяго за некалькі гадоў. З соннага начамі, з рэдкімі лакальнымі водбліскамі, ён ператварыўся ў той, які ніколі не спіць. Прынамсі, у выхадныя.

Убачыць нефармальную моду і пакаштаваць Мінск на смак

«Віноўніцамі» гэтага сталі дзве вуліцы — месцы пакланення мінскай моладзі: Кастрычніцкая і Зыбіцкая. Здавалася б, тусоўка і тусоўка, але ў кожнай — свой непаўторны дух. На Кастрычніцкай збіраюцца прыхільнікі больш вольнага, расслабленага фармату адпачынку. І сапраўды, вячэрнія сукенкі не надта спалучаюцца са шматлікімі маляўнічымі мураламі, якія ўпрыгожваюць ўсю вуліцу — прывітанне фестывалю Vulіса Brаsіl. А вось кеды і джынсы — цалкам.

Кастрычніцкая — яркі прыклад увасаблення ў жыццё моднага сёння тэрміна джэнтрыфікацыя. Гэта калі індустрыяльныя пляцоўкі, на якіх ужо няма прадпрыемстваў, пачынаюць жыццё зноўку, ператвараючыся ў тэрыторыі для кафэ і бараў, галерэй і нават жылля. Праўда, пакуль купіць кватэру ў былых карпусах завода нельга, ды і невядома, ці захацеў бы хто-небудзь суседнічаць з бясконцым карнавалам, а вось пабываць ва ўстановах, на месцы якіх раней размяшчаліся цэхі, — калі ласка. На Кастрычніцкай досыць шматлюдна і днём: з усяго горада на абед сюды з'язджаюцца офісныя работнікі, якім дазваляе графік, і, вядома ж, прыходзяць студэнты, якія жывуць непадалёк. Частыя наведвальнікі вуліцы дзеляцца на два лагеры, як аматары катоў і сабак, — абыякавых няма. Гэта тыя, хто ўсім сэрцам любіць сэндвічы, і тыя, хто ў гэтай спрэчцы аддае перавагу блінцам, — за ўвагу кліентаў па-добраму змагаюцца размешчаныя побач «Лаўка» і «ДЭПО». Не пабываўшы ў гэтых месцах, лічыце, што вы не пакаштавалі Мінск на смак. Асабліва прыемна, што меню ў кафэ на беларускай мове. Працуюць установы ўсю ноч, на працягу якой вакол збіраюцца дзясяткі маладых людзей, згаладнелых пасля актыўных танцаў.

Калі вы, наадварот, толькі падсілкаваліся, самы час адправіцца ў галоўную начную ўстанову вуліцы — бар з гуллівай назвай «Хуліган». Валасы ўсіх колераў вясёлкі, завушніцы ў самых нечаканых месцах і касмічныя ўборы — на прыкладзе наведвальнікаў гэтага бара можна складаць энцыклапедыю мінскай нефармальнай моды.

Начамі, асабліва ў цёплую пару года, Кастрычніцкая забітая пад завязку, прычым маладыя людзі адчуваюць сябе тут вельмі свабодна: могуць спыніцца пагутарыць пасярод дарогі або з келіхамі з бара прысесці проста на тратуар.

У залежнасці ад настрою і планаў публіка перамяшчаецца не толькі з адной установы ў другую ўздоўж Кастрычніцкай, але і літаральна разрываецца паміж дзвюма станцыямі метро: Першамайскай і Нямігай.

І філармонія, і тэатр, і цырк

У раёне Нямігі, або, як ласкава празвалі Зыбіцкую ў народзе, — на «Зыбе», атмасфера крыху іншая, хоць многае, вядома ж, залежыць ад часу. Раніцамі сюды прыязджаюць на дзелавыя сняданкі або каб узяць каву на вынас — опцыя, за якой яшчэ пяць гадоў таму можна было толькі з зайздрасцю назіраць у галівудскіх фільмах, а цяпер запаветныя кубачкі даступныя нават у самых маленькіх постсавецкіх буфетах. Днём на Зыбіцкую прыязджаюць пераважна па справах, апроч забаўляльных яна паступова напаўняецца і іншымі ўстановамі. Напрыклад, тут размешчана студыя ёгі і клініка жаночага здароўя. У хуткім часе павінен адкрыцца гатэль — спадзяёмся, пастаяльцаў будуць папярэджваць аб тым, што спакойны адпачынак тут можа толькі сніцца, а то ўзрушэнне, як і музыка па начах, можа быць аглушальным.

Раннім жа вечарам, асабліва ў цёплае надвор'е, тут пануе практычна ідылія. Цішыню парушаюць хіба што скейтары, якія аблюбавалі пляцоўку ў пачатку вуліцы для сваіх трэніровак.

У выхадныя вуліца, як і самі гараджане, жыве цалкам па іншым распарадку. За апошнія два гады Мінск не памятае, напэўна, ні адной цёплай суботы, якая была б ціхай і непрыкметнай, а не насычанай разнастайнымі падзеямі. На тэрыторыі Верхняга горада пануе вечнае свята музыкі, майстроў і ежы. А дзе плошча каля Ратушы, там і да Зыбіцкай — рукой падаць.

Акрамя прадуманых рэстаратараў ацанілі эканамічна выгаднае становішча вуліцы і іншыя прадпрымальныя маладыя людзі. Калі першы час на Зыбіцкай нясмела з'яўляліся адзінокія музыканты з гітарай, то цяпер там выступаюць вулічныя артысты самых розных кірункаў і вельмі добра падрыхтаваныя. Спевакі прыязджаюць цэлымі гуртамі з поўным наборам абсталявання. І калі да таго, што на вуліцы з перыядычнасцю раз на гадзіну гучыць незабыўная «Батарэйка», людзі ўжо прывыклі, то іншыя віды творчасці яшчэ здольныя ўразіць. Дыяпазон шырокі — ад чытальнікаў паэзіі ў касцюмах у стылі ХІХ стагоддзя да ўладароў агню і танцораў, якія выконваюць ніжні брэйк. Атрымліваецца гэтакі бясплатны варыянт пабываць на паўтэатралізаваным-паўцыркавым прадстаўленні, якое праходзіць пад акампанемент жывой музыкі.

У гэтае месца можна не ўлюбіцца, толькі калі вы заўзяты інтраверт і шумны натоўп людзей прымушае вас нервавацца. Натуральна, людзей шмат, бо кожны хоча стаць часткай такога дынамічнага, нязвыклага, але ад гэтага яшчэ больш сімпатычнага Мінска.

Па шчаўевую настойку і рытмы лаціны

Але калі днём і вечарам па вуліцы паважна шпацыруюць дарослыя пары і сем'і з каляскамі, то бліжэй да вечара тут застаецца толькі адзін гаспадар — моладзь. Мабыць, акрамя ўзроставага крытэрыю больш ніякіх аб'яднальных прыкмет у мясцовай аўдыторыі няма. Хіба што заядлых альтэрнатыўшчыкаў тут не сустрэнеш — яны лічаць гэта месца занадта «папсовым». Абумоўлена такая разнастайнасць тыпаў мноствам накіраванасцяў бараў: знойдзецца месца, прыдатнае па атмасферы і кашальку студэнта, і бізнесмена. Асабліва вылучаецца ў гэтым плане будынак па адрасе Зыбіцкая, 6 — ён рэкардсмен па колькасці ўстаноў у адным будынку ў Беларусі, а мяркуючы па тым, як актыўна яны працягваюць адкрывацца, хутка зможа прэтэндаваць і на лідарскія пазіцыі ў свеце. Але не будзем забягаць наперад.

Вечаровае наведванне Зыбіцкай па негалосных законах трэба пачынаць з павольнага праменаду, так бы мовіць, агляднай экскурсіі. Прыгледзецца, дзе сёння весялей за ўсё, — гэта зразумела па колькасці людзей, якія прытанцоўваючы тоўпяцца каля ўвахода. Паралельна можна паспець падпець каму-небудзь з музыкаў — лепш за ўсё ідуць хуткія кампазіцыі на рускай мове. А наогул у пашане поп-музыка і злёгку дэпрэсіўны рок: на вуліцы можна не прыкідвацца, што любіш электра, гэта ўжо ў барах не будзе выбару. Хоць у Еl Рushkа — маленечкай установе, у якую часцяком бывае не прабіцца, — такія рытмы таксама не вітаюць, тут пануе лаціна. Яшчэ адно папулярнае месца — бар «Слоікі-Бутэлькі». Менавіта тут рыхтуюць «нацыянальны напой» Зыбіцкай — шчаўевую настойку. Апетыт можна задаволіць у Соffееbеrrу — кавярні, дзе вас накормяць найсмачнейшымі гарачымі бутэрбродамі.

Што да нашых спроб пагутарыць з мэтай узяць інтэрв'ю (вядома, гэта ж не рамантычнае знаёмства) — усе яны скончыліся правалам. Уражанні ва ўсіх аднолькавыя: класна! А ў канцы фразы яшчэ абавязкова дадаецца радасны выкрык. Хоць можа гэта менавіта той выпадак, калі астатнія словы лішнія?

Яшчэ фота

Прайдуся па Кастрычніцкай і звярну... на «Зыбу»

  1. Вуліца адпачывае ад наплыву наведвальнікаў у будны дзень.
  2. Муралы, якія сталі візітнай карткай Кастрычніцкай. (першае фота)

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар