Рус | Бел
Усебеларускі з'езд 1917 года паказаў каштоўнасці, важныя і цяпер

Усебеларускі з'езд 1917 года паказаў каштоўнасці, важныя і цяпер

02.12.2017

Так сказана ў прывітанні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якое ён адрасаваў гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі «Падзеі 1917 года ў гістарычным лёсе Беларусі». Само мерапрыемства адбылося ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Прывітанне ва ўрачыстай абстаноўцы зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

«Падзеі 1917 года спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, выявілася ў скліканні І Усебеларускага з'езда, — гаворыцца ў вітальным слове Прэзідэнта. — Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас да цяперашняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці».

Прэзідэнт назваў і другі ўрок беларускай дзяржаўнасці. «Толькі адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народа з'яўляецца гарантам выбару і захавання самастойнага шляху развіцця», — адзначаецца ў прывітанні.

На Усебеларускім з'ездзе ў 1917 годзе выразна прагучала фундаментальная ідэя — стварэнне свайго ўніверсітэта. «Сёння мы яшчэ больш разумеем, што без адукацыі, без навукі не зможам умацаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Бо асноўная яе мэта — стварэнне не толькі матэрыяльных, але і духоўных асноў для развіцця Чалавека», — адзначыў у прывітанні Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Максіма Рыжанкова, навукоўцы і спецыялісты адкрываюць зусім розныя бакі падзей 1917 года, калі закладваліся асновы беларускай дзяржаўнасці. «Але яны адзіныя ў меркаванні, што абраны тады шлях быў правільным», — дадаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

— Гэта сапраўды інтэгральная падзея, якая адбылася і адбываецца ў сапраўдны момант, — такое меркаванне выказаў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Ідэя непарыўнай сувязі вядучага ўніверсітэта краіны і існаванне беларускай дзяржаўнасці паказалі сваю жыццяздольнасць пры самых розных стыхіях. Сёння мы стаім перад неабходнасцю даць адказ на пытанне: а куды далей імкнецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт? Тым больш напярэдадні свайго стагоддзя.

На яго думку, дадзеная канферэнцыя аб'яднала мноства розных спецыялістаў з самых розных сфер: гэта і гісторыя, і права, і іншыя галіны. «Асаблівую ўвагу я ўдзяляю вынікам канферэнцыі, паколькі гэта павінны быць пэўныя рэкамендацыі, якія зафіксаваныя і ў форме канкрэтных прапаноў, і ў форме рэальных механізмаў», — дадаў Андрэй Кароль.

Пагадзіўся з рэктарам БДУ і прафесар Аляксандр Каханоўскі, дэкан гістарычнага факультэта БДУ. Ён выказаў упэўненасць у тым, што матэрыялы, якія з'явяцца па выніках мерапрыемства, стануць асновай для будучых даследаванняў. «Перад гісторыкамі стаяць задачы па больш глыбокім асэнсаванні тых падзей», — адзначыў прафесар.

— Сапраўды, для Беларусі 1917 год быў асаблівы. Беларусь увогуле была ў вельмі складанай сітуацыі — фронт, розныя нацыянальныя рухі, — сказаў дырэктар Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Пётр Брыгадзін. — І ў гэтым становішчы беларусы зрабілі свой выбар. Ніхто не гаварыў пра самастойную Беларусь, усе казалі пра аўтаномію. Але ж гэта адбылося. І сёння, калі мы разглядаем 1917-ы, то гэта не толькі рэвалюцыі, гэта быў час самавызначэння, аб чым нам трэба памятаць. Трэба гаварыць пра тых людзей, якія зрабілі той выбар.

Дарэчы, больш за 120 навукоўцаў прынялі ўдзел у канферэнцыі. Мерапрыемства атрымалася міжнародным, паколькі сабраліся ўдзельнікі як з Беларусі, так і з Расіі, Польшчы і Чэхіі. Акрамя непасрэднага вывучэння падзей 1917 года, яны ацанілі сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні, абмеркавалі сферу дзяржаўна-прававых палажэнняў: што памянялася ў ёй падчас рэвалюцыі, а таксама ў паслярэвалюцыйны перыяд.

Каментарый у тэму

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— Гэта была першая спроба артыкуляцыі беларускай нацыянальнай ідэі менавіта ў палітычным плане, стварэнне ўласнай дзяржаўнасці. Гэта вельмі важны нюанс.

Па словах Ігара Марзалюка, сімвалізм канферэнцыі «Падзеі 1917 года ў гістарычным лёсе Беларусі» заключаецца яшчэ і ў тым, што менавіта сто гадоў таму, у снежні 1917 года, на І Усебеларускім з'ездзе Беларусь была як ніколі адзіная.

Георгій Атаманаў, старшыня Пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку
і міжнародных сувязях, другі сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі:

— Камуністы прынялі самы непасрэдны ўдзел у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Паглядзіце, як развіваліся падзеі з сакавіка 1917 года. Міліцыя створана кім была? Першы гарадскі Савет дэпутатаў хто стварыў? А далей падзеі пачалі развівацца, зыходзячы з тых умоў, якія склаліся ў гісторыі нашай краіны. Ужо 30 снежня 1918 года ў Смаленску была абвешчаная БССР, а 1 студзеня была абвешчаная Камуністычная партыя Беларусі. Гэта надзвычай складаны перыяд — і трэба паказваць гэты час так, якім ён быў на самай справе.

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар