14 кастрычніка — 125 гадоў назад нарадзіўся Адам Бабарэка (1899 - 1938), беларускі пісьменнік
Каляндар памятных датУзбекскі паэт і празаік Кучкор Наркабіл, збіраючы ў Беларусі матэрыялы для сваёй новай кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, напісаў верш, прысвечаны краіне-партызанцы, гораду-герою Мінску.
У Саюзе пісьменнікаў Узбекістана яму параілі паехаць да беларускіх сяброў і пабачыць на свае вочы тыя адрасы, дзе народ праліваў кроў, дзе разам з беларусамі змагаліся з фашыстамі ўзбекі. Кучкор Наркабіл наведаў Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, сустрэўся з вартавымі памяці ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Беларускія сябры дапамаглі ўзбекскаму калегу ажыццявіць паездку па мясцінах партызанскай памяці ў Пухавіцкі раён. Добрым апавядальнікам пра вайну для ўзбекскага госця выступіў дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Аляксандравіч Прановіч.
І ўжо амаль развітваючыся з Беларуссю, Кучкор Наркабіл перадаў новым беларускім сябрам верш, які напісаў у чэрвеньскія дні. Напісаў у Беларусі, у Мінску, у самы пярэдадзень Дня Незалежнасці Беларусі, у самы пярэдадзень Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Твор пераклаў на беларускую мову Навум Гальпяровіч.
— Цяпер, пасля сустрэчы з Беларуссю, — сказаў на развітанне з гераічным Мінскам, новымі знаёмымі і сябрамі спадар Наркабіл, — я проста абавязаны напісаць кнігу пра Беларусь ваенную, пра ўзбекаў, якія пралівалі тут кроў. І як толькі напішу і выдам гэты твор — адразу ж першым падарункам будзе кніга, адпраўленая ў Беларусь, у ваш музей Вялікай Айчыннай. Нізкі паклон беларусам, якія так старанна захоўваюць памяць пра драматычныя і гераічныя падзеі мінулага.
Кучкор Наркабіл
* * *
Слаўны Мінск. Гэты велічны новы музей.
Тут з парога я ўбачыў вайну.
Сэрца цісне ў мяне і ў людзей
Праз самотную цішыню.
Нібы я у Афгане. У памяці зноў
Усплываюць трывожныя дні.
Але тут з той, Айчыннай, убачыў я кроў.
Яна ў сценах, ты толькі крані.
Гэта Гітлер, той жудасны людажэр,
Бойню ў гэтай зямлі развязаў.
Лютаваў тут фашыст ненасытны,
як звер.
І ў вачах маіх сёння сляза.
Тут зганялі людзей да смяротнай сцяны,
І рыдала ў адчаі дзіцё.
А фашыст з кулямёта бязлітасна біў,
Адымаючы ў людцаў жыццё.
І не дождж, а з нябёсаў пралілася кроў,
І заплакалі хмары і дол
Пра загінулых тут і дачок і сыноў.
І ўсё ў жудасці стыла вакол.
Ты, дзяўчына прыгожая, сёння не плач,
Бо слязамі ўжо поўна зямля,
Толькі помні заўжды і за здзек не прабач,
Хоць з гадоў мы ўзіраем здаля.
Ў Беларусі загінуў адзін ад траіх,
Гэты боль тут не ў сілах суняць,
І жыве гэтым кожны пакутлівы ўздых.
І бярозкі аб гэтым шумяць.
Я выходжу з музея. Цябе, Беларусь,
Прыціскаю да сэрца свайго,
Я твой боль назаўсёды з сабой забяру,
І ты будзеш як вечны агонь.
З узбекскай
Пераклад Навума Гальпяровіча