Рус | Бел
З якімі набыткамі падыходзіць ансамбль «Чараўніцы» да свайго 45-годдзя?

З якімі набыткамі падыходзіць ансамбль «Чараўніцы» да свайго 45-годдзя?

02.09.2019
З якімі набыткамі падыходзіць ансамбль «Чараўніцы» да свайго 45-годдзя?

Яны спяваюць на розных мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай... нават на японскай. Але галоўную славу гэты жаночы калектыў здабыў дзякуючы эстраднаму гучанню беларускіх матываў. У 80-х кампазіцыі «Чараўніц» — «Пах чабаровы», «Не за вочы чорныя», «На новае лета» — гучалі, даруйце за банальнасць, з усіх прасаў, вокнаў, радыёкропак. Але ў цяжкія 90-я, калі многім у пошуках заробку было не да творчасці, калектыў распаўся. І знік з далягляду на доўгія 20 гадоў. А ў новым стагоддзі вярнуўся — не столькі на хвалі настальгіі, колькі таму, што аказаўся патрэбны гледачам. Пра творчыя пошукі і гастрольныя ўспаміны, новае пакаленне «дзяўчат з дудкамі» і пра тое, як захаваць фірменнае «чараўніцтва» на працягу 45 гадоў, гутарым з цяперашнімі ўдзельніцамі вакальна-інструментальнага ансамбля — Палінай Базылевай, Анжалікай Зайцавай, Вольгай Макушынскай, Наталляй Лукашэвіч (трамбон), Святланай Рагула і Дар'яй Бабко (абедзве — саксафаністкі).

Дасье «Звязды»

Першы беларускі жаночы ВІА стварыў мужчына, Генадзь Лятынскі. У 1971 годзе ў Гродне пры ДК тэкстыльшчыкаў музычны кіраўнік сабраў таленавітых дзяўчат, неабыякавых да народнай песні, і дадаў да абавязковага на той час набору (гітара, рытм-секцыя і клавішы) духавыя інструменты. «Дудкі» — флейты, саксафоны, трамбон і нават труба — сталі адной з галоўных адметнасцяў «Чараўніц». Літаральна праз некалькі гадоў іх заўважылі і запрасілі ў Мінск — у штат Белдзяржфілармоніі. Якраз жнівень 1974-га лічыцца афіцыйным днём нараджэння ансамбля, які скараў адну за адной усё новыя вяршыні: перамога на Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады (1979), маскоўская Алімпіяда 1980-га, Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Пхеньяне (1989). І, натуральна, мноства гастроляў: ад Камчаткі да Байканура, ад еўрапейскіх краін да афрыканскага кантынента, ад Чарнобыльскай зоны да шпіталяў у Афганістане...

Сабрацца наноў — такія планы былі, але ўсё неяк не выпадала: адны ўдзельніцы выйшлі замуж і пераехалі ў іншую краіну, другія змянілі сцэнічную прафесію на больш зямныя, некаторыя наогул адышлі ад музыкі. А ў 2010-м не стала першага кіраўніка «Чараўніц» Генадзя Лятынскага, і, здавалася, каму ўжо гэта трэба... Аказалася — трэба.

— Я пражыла ў Расіі 15 гадоў, але вярнулася ў Беларусь, — згадвае музычны кіраўнік і салістка ансамблю Вольга Макушынская, — наша Света Рагула працягвала іграць на саксафоне і спяваць, а ўсе астатнія ўдзельніцы, з кім адраджалі калектыў, былі педагогамі ў школах — то-бок звязаныя з музыкай, але па-за сцэнай, таму вяртацца, натуральна, было страшнавата. Але разам з тым так захацелася сабрацца наноў, што, напэўна, патрэбны быў адзін толькі штуршок.

— Праўда, што ў 2011 годзе Надзея Мікуліч проста паставіла вас перад фактам: дзяўчаты, круціцеся як хочаце, выступаеце на маім канцэрце?

— Так і было. Яна патэлефанавала і сказала: «У мяне бенефіс, запрашаю вас як гасцей — зрабіце хоць адну песню». Выбралі гэту: «Ты мяне над крыніцаю называў чараўніцаю», — а Надзея знайшла і паказала на экране архіўны запіс, дзе мы яшчэ маладыя спяваем тую самую песню. Зала апантана падтрымлівала нас. І якраз убачыўшы гэту рэакцыю, паглядзеўшы на тое, як адзін за адным з нябыту адраджаюцца старыя калектывы, мы падумалі: значыць, прыйшоў час і нам вярнуцца. Аднавілі «Пах чабаровы» і «Ручаёчак, ручаёк» — знакавыя песні, па якіх калектыў пазнавалі і якія нам самім падабаліся. Справа пайшла: нас пачалі запрашаць на пару нумароў, потым на паўгадзіны... («А цяпер на дзень, пакуль песні не скончацца!» — смяюцца сяброўкі). Далей разнастаілі праграму джаз-рокам у стылі вядомага ансамбля Chіcago, і сёння гэта таксама наша «фішка». Падкрэслю, мы — не «папса», а эстрада, калі хочаце, фольк-рок у сучаснай апрацоўцы.

— Кажуць, за савецкі час праз калектыў прайшло не менш за 20 удзельніц...

— Значна больш! — запэўніваюць дзяўчаты. — Помніцца, выступалі не менш за дзесяць чалавек на сцэне. Разумеючы, што склад будзе змяняцца, бо ўдзельніцы выйдуць замуж і народзяць дзяцей, Генадзь Лятынскі настойваў, каб кожная асвойвала адзін-два інструменты і магла замяніць іншую.

Святлана Рагула згадвае: яна прыйшла ў ансамбль як піяністка, клавішніца, а ў выніку асвоіла саксафон — і шмат гадоў з ім не расстаецца, захоўваючы ўдзячнасць кіраўніку за адчуванне адценняў і нюансаў розных музычных стыляў; Людміла Пасмурцава іграла на домры, потым паспрабавала бас-гітару і дайшла да трубы.

45-годдзе ансамбль адзначыць, як водзіцца, на канцэрце, куды запрасілі многіх былых удзельніц. Назвалі праграму сцісла і ёміста — «Назаўжды». «Бо няма былых «Чараўніц», — тлумачыць мастацкі кіраўнік — дырэктар ансамбля Паліна Базылева, — кожная з дзяўчат, якая мела дачыненне да ансамблю, нясе ў душы яго частку і, я перакананая, лічыць сябе трошкі чараўніцай. Так што канцэрт будзе падарункам і ім, нашым папярэдніцам, і нашым слухачам, і ўсім тым, хто з намі і супраць нас, — «назаўжды» ў сэнсе «не дачакаецеся»! Запрасілі Надзею Мікуліч; на сцэне з намі выступяць народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, гурт «Спадчына», Яўген Курчыч і гурт «Маракасы», а яшчэ мадэльная школа ELEN Fashіon school. Словам, 5 верасня ў ПК чыгуначнікаў будзе не толькі юбілейны канцэрт, але і шоу са святлодыёднымі экранамі, і дызайнерскі паказ калекцыі адзення «Перапынак» — усіх сакрэтаў пакуль раскрываць не будзем.

Раней слухачы цікавіліся, дзе можна знайсці вінілавыя пласцінкі і рарытэтныя запісы «Чараўніц», сёння — дзе можна спампаваць іх песні. «Мы ёсць на YouTube, на ЯндэксМузыцы і нацэлены не на тое, каб прадаваць дыскі, а на тое, каб прасоўваць кожную канкрэтную песню — зняць для яе відэа і зрабіць прыгожую вокладку, — расказвае Паліна Базылева. — Нас можна знайсці практычна на ўсіх вядучых музычных платформах і ў сацсетках». А калі папросяць, можна адшукаць і рэтра-запісы — кантэнт-менеджар Васіль Ліхтаровіч, які працуе з калектывам, вядзе своеасаблівы летапіс ансамбля, знаходзячы і захоўваючы старыя пласцінкі, фатаграфіі і відэазапісы, у тым ліку вельмі рэдкія.

— «Пах чабаровы» — безумоўны хіт, візітоўка ансамбля. А якія песні ў рэпертуары любімыя ў вас?

— Назаву «Тюрю», — адказвае Дар'я Бабко. — Ніколі б не падумала, што пастаўлю ў плэер песню, якую сама выконваю, але гэта якраз той выпадак. Сучасная аранжыроўка, вельмі модны цяпер стыль брас — пападанне ў маладзёжную аўдыторыю на 100 працэнтаў.

— Для мяне нумар адзін — «Не за вочы чорныя». Яна быццам з майго мужа спісаная, і кожны раз, спяваючы, думаю пра яго, — усміхаецца Анжаліка Зайцава.

— Калі толькі прыйшла ў калектыў, мяне да глыбіні душы ўразіла «Марыся» на словы Янкі Купалы — яе спявала Маша Высоцкая, у якой было вельмі высокае каларатурнае сапрана, выходзячы на трэцюю актаву... Атрымлівалася на дзіва пяшчотна і прыгожа. З гэтай песняй я і на гітары вучылася іграць, і неяк па жыцці менавіта яна мяне вядзе, — зазначае Вольга Макушынская, — таму ў найноўшую гісторыю «Чараўніц» мы яе таксама ўзялі.

— Люблю «Каліну-маліну» і «Не пытайся, маці», а таксама «Крынічаньку» — адна з іх народная, дзве другія напісаныя вядомым кампазітарам Эдуардам Зарыцкім. Яны захоўваюць той самы «чараўніцкі» дух, але маюць сучаснае гучанне, — пералічвае Святлана Рагула. — Так што мы не выязджаем толькі на старым, савецкім рэпертуары — абнаўляецца і сам калектыў, і наша музыка.

А яшчэ быў выпадак...

  • Гастролі на Далёкім Усходзе — нібы паездка на іншую планету, — расказвае Вольга Макушынская. — Вулканы, сопкі, цябе ўвесь час крыху хістае... Аднойчы на Камчатцы ў нас за тры дні было дзевяць канцэртаў, гэткі канвеер. А трэба было пераапранацца двойчы на кожным з канцэртаў, і пакуль вядучы Валера Бескаравайны займаў пару хвілін, мы часам страчвалі пачуццё часу і месца.

— І потым многім з дзяўчат яшчэ сніліся кашмары, як барабаншчыца пачынае ўжо сваю партыю, а яны не паспяваюць пераапрануцца, — дадае Святлана Рагула.

— Пра кіжуча, якога везлі дадому ў Беларусь у чахлах ад музычных інструментаў, — байка ці рэальны выпадак?

— Рэальны! — смяюцца артысткі. — Рыбіна была такога памеру, што нікуды не ўмяшчалася, а вось у футляр бас-гітары якраз улезла. І вось уваходзім мы ў салон самалёта, а рыба ж пахне! А нам яшчэ трэба ў Маскве перабрацца на Беларускі вакзал і сесці на цягнік, і вось мы такой «араматнай кампашкай», але ўсё адно шчаслівыя, ехалі да Мінска. Затое на навагодні стол — а справа была акурат перад святам — прывезлі родным дэфіцытную рыбу. Святлана, якая жыла ў інтэрнаце музвучылішча, паставіла на стол вялікі слоік з ікрой, а тут якраз абход адміністрацыі. Дырэктар вучылішча ажно страціў дар маўлення, а вочы, відаць, так на стале і пакінуў...

  • Сярод яркіх гастрольных успамінаў — Афрыка, дзе «Чараўніцы» не толькі адыгрывалі сваю праграму, але і акампаніравалі Анатолю Ярмоленку і Віктару Вуячычу. Дзяўчат абавязалі выступаць у нацыянальных касцюмах — шарсцяныя (!) спадніцы, кашулі з камізэлькамі — а ў зале, як і на вуліцы, 40-градусная спёка, і пра кандыцыянеры яшчэ ніхто не чуў. «Калготкі немагчыма было нацягнуць, бо ногі мокрыя, ты спрабуеш хоць неяк сабрацца, спяваць для канкрэтнага гледача ў зале — а нікога не бачыш, бо ўсе чорнаскурыя, у вачах літаральна цёмна...»
  • На так званых «зялёных» канцэртах (апошнія выступленні ў нейкім горадзе ці наогул у гастрольным туры), у адрозненне ад звычайных праграм, выканаўцам дазваляецца жартаваць адно з аднаго. Казусаў хапала: то за спінай салісткі іншыя дзяўчаты раптам пачынаюць іграць «сем сорак», то калкі на бас-гітары «добрыя» людзі падкруцяць у роўную лінію і настройваць інструмент даводзіцца проста падчас канцэрта, то барабанныя палачкі схаваюць альбо паперкі ў саксафон падкінуць. «Але самы вялікі рогат у мяне дагэтуль выклікае песня «Стары матыў», словы якой забылася наша салістка, так і спявала два куплеты адно і тое ж: «Стары матыў, стары матыў, ён вельмі-вельмі стары...» — расказвае і паказвае ў асобах Вольга Макушынская. — Духавыя, якім трэба было выйсці толькі ў сярэдзіне песні, сыграць туці і пайсці, рагочуць за кулісамі. У барабаншчыцы ўжо туш цячэ ад слёз, мы з клавішніцай паварочваемся бокам, каб не было бачна скрыўленыя грымасай смеху твары, а ў нашай Веры ад стрэсу ўжо літаральна ногі трасуцца... І калі ў другім прыпеве выходзяць чатыры дзяўчыны з дудкамі, то сыграць змагла адна труба — Люда Пасмурцава, астатнія літаральна рохкалі, бо ад смеху не маглі набраць як след паветра ў лёгкія. Пасля выступлення Вера ад душы выказалася: «Сволачы вы ўсе, я ад страху ледзь не знепрытомнела!». У антракце бачу ў курылцы нашага гукарэжысёра Барыса, пытаюся, маўляў, ну як мы, а той кажа: нармальна, толькі «Стары матыў» атрымаўся нейкі вясёлы. Пасля гэтага я зразумела, што далёка не заўжды людзі слухаюць тэкст і не ўсе «ляпы» публіка заўважае, так што памылкі на сцэне — гэта не крымінальна, галоўнае сабрацца і працягваць выступленне».

Яшчэ фота

З якімі набыткамі падыходзіць ансамбль «Чараўніцы» да свайго 45-годдзя?

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар