Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Магчымасці для росту

29.01.2016 1303
Магчымасці для росту

Многія чытачы “Голасу Радзімы” ведаюць: летась наша Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці” адсвяткавала 15-гадовы юбілей. Мы асэнсоўвалі тое, што ўдалося супольна зрабіць за гэтыя гады, а заадно рыхтавалі вялікае свята, якое ўрэшце і прайшло гожа, у яркіх фарбах. Што радуе: і цяпер у нашай суполкі ёсць добрыя магчымасці для далейшага росту, развіцця. Пераадольваючы цяжкасці, мы расцём, шукаем новыя формы для выяўлення багатай беларускай культуры ў жыцці рэгіёна. Безумоўна, пры тым даводзіцца чуйна прыслухоўвацца да павеваў часу: заўсёды быць у плыні грамадскага жыцця. 

У прыватнасці, вялікая і карпатлівая праца была ў нас, калі абгрунтоўвалі свае будучыя культурна-асветніцкія праекты, падавалі заяўку на вылучэнне гранта ў адміністрацыю Томскай вобласці. Такая практыка — гранты для некамерцыйных арганізацый — існуе ў абласных адміністрацыях Расіі. І вось — чарговы поспех: нам выдзелена 720 тысяч рублёў на арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў у плыні праекта “У адзінстве — наша сіла”. Варта дадаць, што ўсе мерапрыемствы, якія ладзіць наша аўтаномія, спрыяюць пашырэнню беларускай культуры, ствараюць пазітыўны імідж як Беларусі, так і беларусаў, дапамагаюць умацаванню міжнацыянальнай згоды. У снежні, напрыклад, актывісты беларускай аўтаноміі ўдзельнічалі ў святкаванні 25-х угодкаў украінскай суполкі, а таксама ў Навагодняй праграме армянскай дыяспары. 

Цяпер у нас — новыя клопаты. У прыватнасці, рыхтуемся прэзентаваць унікальную кнігу “Хутчэй у Томск”: яе даслаў нам вядомы навукоўца, зямляк-беларус з Санкт-Пецярбурга Мікалай Нікалаеў. Родам ён, нагадаю, са Шчучына, цяпер — доктар філалагічных навук. Інтэрнэт падказвае: Мікалай Віктаравіч —  адзін з заснавальнікаў і членаў Камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, адзін са стваральнікаў і член Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбурзе. А кніга, якую ён даслаў, — пра перасяленцаў-беларусаў у Томскую вобласць, і выдадзена яна ў канцы ХІХ стагоддзя. Цяпер шукаем і магчымасці, каб яе перавыдаць.

У працяг навагодніх мерапрыемстваў творчыя калектывы нашай аўтаноміі ўдзельнічалі ў сустрэчы прадстаўнікоў нацыянальных аб’яднанняў з кіраўнікамі ўладных структур Томскай вобласці. Гэта быў канструктыўны дыялог, мы абмяркоўвалі: як удалося нам супольна папрацаваць у мінулым годзе і што варта зрабіць разам у бягучым. І нам, прызнаюся, было вельмі прыемна чуць, калі праца беларускай дыяспары прызнавалася паважанымі людзьмі як адна з самых актыўных на тэрыторыі вобласці.

Поспехаў  вам жадаю, дарагія супляменнікі, у Новым годзе! Хоць многія з чытачоў “Голасу Радзімы” і далёка ад нашай гістарычнай Радзімы, але ж мы адчуваем сваю духоўную еднасць. Дарэчы, я заўважыла: чым больш ты ў нешта сваіх сіл укладваеш — тым больш тое любіш. Гэтак з уласнымі дзецьмі, унукамі, гэтак і з Бацькаўшчынай. То хай натхняе нас на новыя здзяйсненні родная Беларусь! 


Аўтар: Любоў Адаскевіч, старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Томскай вобласці

Яшчэ фота

Каментары да фатаграфій

  1. Любоў Адаскевіч (злева) з ганаровымі гасцямі свята
  2. Святочны канцэрт з нагоды 15-х угодкаў Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Томскай вобласці (першае фота)