24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датСустрэча моладзі “Шматнацыянальны Новы год 2016” прайшла ў моладзевым інфацэнтры “Мая тэрыторыя”, гэта чарговы этап сацыяльна-культурнага праекта “Моладзь у сям’і адзінай”. Мы згадвалі, як раней у беларускіх вёсках адзначалі Каляды, Новы год усёй грамадой, ды і ў гарадах традыцыі такія жылі — вось і захацелася іх узнавіць. Гэта калі не падзялялі гасцей на “сваіх” і “чужых”, калі нацыянальнальныя прыкметы не разводзілі людзей. Калі кожны прыносіў свае пачастункі, прапаноўваў свае гульні, абапіраўся на свае традыцыі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі рускай, беларускай, украінскай, чувашскай, казахскай, азербайджанскай культур. Яны гаварылі пра свае навагоднія святы і традыцыі, дзяліліся рэцэптамі нацыянальных святочных страў.
Прадстаўнікі беларускай культуры расказалі, як у Беларусі хадзілі на Новы год у госці, віншавалі адзін аднаго, спявалі песні ды калядавалі. Кіраўніца аддзела беларускай культуры Палаца культуры “Будаўнік” Юлія Чарапанава спявала Калядныя песні, паказала жартоўны абрад з Казой, распавяла пра беларускія Калядныя традыцыі. Усе з цікавасцю слухалі, як сустракаюць Новы год у Цюменьскай вобласці прадстаўнікі іншых народаў.
Арганізавала сустрэчу Вера Піскун: яна працуе ў грамадскай маладзёжнай палаце пры абласной Думе, кіраўніца праекта “Моладзь у сям’і адзінай”, актывістка Нацыянальна-культурнага таварыства “Аўтаномія Беларусь”. “Вельмі рада, што ўдалося зладзіць сустрэчу, — сказала яна. — Шматнацыянальны Новы год у нас атрымаўся! У кожнага ж ёсць цікавыя традыцыі ад продкаў, якіх варта і сёння прытрымлівацца. Я мяркую, што такія сустрэчы дапамагаюць юнакам і дзяўчатам самавызначацца ў сваёй нацыянальнасці ды з павагаю ставіцца да іншых. Мы ўсе розныя, у кожным ёсць нешта асаблівае, і вельмі важна ўмець знаходзіць тое, што ўсіх яднае. На сустрэчы нам удалося паказаць: прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў могуць жыць дружна. Што ж, мы самі будуем свет, у якім жывём. І я — за тое, каб з кожным новым годам у нас было ўсё больш сяброў, прычым — розных нацыянальнасцяў”.
Нават Дзед Мароз і Снягурка прыйшлі усіх павіншаваць. Пасля гульняў і конкурсаў кожны атрымаў падарунак І песню “В лесу родилась ёлочка” ўдзельнікі сустрэчы спявалі ўсе разам. Дарэчы, а ці ведаеце вы, што ў аўтаркі верша пра ёлачку Раісы Кудашавай — беларускія родавыя карані? Яна са знакамітага шляхецкага роду Гедройцаў, прадстаўнікі якога жывуць і ў Маскве. Увогуле ж цяпер па Расіі жывуць сотні тысяч беларусаў! Вось і ў Цюмені менавіта мы сабралі шматнацыянальны, дружны карагод. У гасцей свяціліся вочы, былі ўсмешкамі на тварах: стараліся мы не дарма!