Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Гасцей збірае Вера

30.12.2015 1145
Гасцей збірае Вера

У Цюмені, у Цэнтры вольнага прадпрымальніцтва прайшла першая сустрэча з цыклу “Моладзь у сям’і адзінай”. Юнакі і дзяўчаты гаварылі пра нацыянальныя стравы розных народаў, частаваліся імі, а таксама спявалі і танцавалі — таксама з нацыянальным каларытам.

Спачатку вядучая расказала, прадстаўнікі якіх нацыянальнасцяў жывуць на тэрыторыі Цюменьскай вобласці. Потым госці ў нацыянальных касцюмах віталі ўсіх на сваёй роднай мове і цікава прадставілі стравы, якія кожны спецыяльна згатаваў. І ўрэшце быў вясёлы баль, дзе кожны мог паспрабаваць беларускія дранікі, рускія бліны, бульбу з квашанай капустай ды казахскія баурсакі.

Задумала міжнацыянальную сустрэчу ды арганізавала яе член грамадскай маладзёжнай палаты V склікання, актывістка беларускай дыяспары Вера Піскун. Падобныя сустрэчы, лічыць яна, патрэбныя, каб маладыя людзі знаёміліся з культурай, традыцыямі, звычаямі людзей розных нацыянальнасцяў рэгіёна. Гэта ж і стымул больш даведацца пра свой род, народ, далучыцца да яго каштоўнасцяў. “Моладзь — актыўная частка грамадства, таму важна, каб мы ведалі адзін аднаго, умелі супрацоўнічаць, ладзіць сустрэчы, сябраваць, — гаворыць Вера. — Не важна, якой нацыянальнасці я, ты ці нехта іншы. Мы — за тое, каб мір і згода былі ў грамадстве. Каб у нас была мірная будучыня. У плыні праекта плануем правесці шэраг мерапрыемстваў для школьнікаў, моладзі. Вось так і будзем знаёміцца, далучацца да народнай творчасці, культуры як свайго народа, так і іншых”. Вера Піскун нарадзілася ў Сібіры, а бацькі яе родам з Бабруйскага раёна Магілёўшчыны. Дзяўчына актыўная ў грамадскім жыцці, спявае ў сямейным ансамблі “Спадчына”. Прыязнасць, павага да людзей розных нацыянальнасцяў, лічыць яна, па спадчыне не перадаюцца: у кожным пакаленні іх трэба выхоўваць нанова. А такія традыцыі, што называецца, у крыві беларусаў. І чым раней, вобразна кажучы, пачнеш сеяць — тым хутчэй будзе добры ўраджай.

На сустрэчы гучалі песні розных народаў. Танцавалі ўкраінскі Гапак, рускую Барыню, беларускі Крыжачок, і Польку, і Лезгінку... За сяброўскім сталом разам пілі чай, размаўлялі: пра сябе і свой род, цікавыя старонкі з гісторыі народаў, дзяліліся планамі на будучыню. Усім было цікава. Гучаў за сталом і такі верш: “Дети раз отца спросили:/ — Все ли русские в России?/ — Как сказать вам, малыши?/ Вот соседи — чуваши,/ Кум — еврей наполовину,/ Дядя — славный армянин,/ Прадед крёстной тёти Нины/ Настоящий был грузин…/ Все мы разные, так что же?/ Все мы — люди, мы — похожи!/ Будем жить в единстве дружном,/ И ругаться нам не нужно!”

Між тым Вера Піскун са сваімі новымі сябрамі ўжо правяла і “Шматнацыянальны Новы год”. Госці змаглі даведацца, як сустракаюць свята ў розных народаў: у кожнага ж ёсць асаблівасці, цікавыя традыцыі, звычаі. Але пра тое мы раскажам ужо ў Новым годзе.


Аўтар: Вера Усціменка

Каментар да фатаграфіі

Вера Піскун (у цэнтры) і яе госці