Рус | Бел

Славім родную Айчыну

25.11.2015      1447
Славім родную Айчыну

У Тальяці прайшоў міжнародны фестываль мастацкай творчасці “Зямля пад белымі крыламі”

Беларусы Тальяці — не першыя з супляменнікаў у замежжы, хто ў культурна-асветніцкай дзейнасці выкарыстоўвае “бусліныя вобразы”. Як вядома, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры мае прыгожую птушку на эмблеме. Мы ж назвай фэсту нагадалі ўсім пра сёлетні юбілей Уладзіміра Караткевіча: пісьменнік нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы. Яго нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, які выйшаў у 1977 годзе — гэта ж проста песня пра Бацькаўшчыну! Твор, дарэчы, лёгка знайсці і ў інтэрнэце.

На ўрачыстасці ў гарадскім Палацы культуры мы расказалі, што бусел для беларусаў — сімвал міру, чысціні, памкнёнасці да неба-ідэалу. І ён жа спрыяе, каб род наш прадаўжаўся: прыносіць у сем’і немаўлят. Для нас, у замежжы, бусел яшчэ і сімвал Бацькаўшчыны — “зямлі пад белымі крыламі”, якую чалавек культурны любіць, зберагае ў сваім сэрцы, дзе б ні быў. Для ўдзелу ў гарадскім этнафэсце былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх нацыянальна-культурных цэнтраў, аўтаномій Тальяці. А вялі рэй наша грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” ды ансамбль беларускай песні “Купалiнка”. І паколькі 2015-ы ў Тальяці — Год беларускай культуры, то фэст і адкрывала Людміла Дзёміна, кіраўніца “Нёмана”. Яна павіншавала ўсіх удзельнікаў і гледачоў са святам, потым перадала верацяно, эстафету-сімвал фестывалю этнасуполак, стар­шыні чувашскай аўтаноміі.

Па запрашэнні мясцовых белару­саў у Тальяці прыехаў народны ансамбль песні “Пліса” — з горада Смалявічы, што ў Мінскай вобласці. Сюрпрыз для гледачоў! Некалькі цудоўных песень гурта ажывілі залу, прыўнеслі ў яе святочны настрой, сталі своеасаблівым камертонам для іншых удзельнікаў. Потым, дарэчы, з канцэрта “Пліса” ды “Купалiнка” перамясціліся ў Камсамольскі раён горада: у Палацы культуры “Тольяттиазот” распачаўся ўласна беларускі фэст “Зямля пад белымі крыламі”. Там было шматлюдна: мы пастараліся, каб запрашальныя квіткі трапілі ў ветэранскія, маладзёжныя арганізацыі, на прадпрыемствы, у нацыянальна-культурныя цэнтры. А людзі ж яшчэ і пыталі “лішні білецік”, каб трапіць на фэст — бо ў Тальяці вельмі любяць беларусаў.

Больш за дзве гадзіны доўжыўся фэст, удзельнікамі якога сталі згаданыя гурты і даўнія партнёры, сябры “Нёмана”: ансамбль танца “Улыбка” з пасёлка Прыморскі, ансамбль народнага танца “Лицей” з Ліцэя мастацтваў, вакальны гурт хлопчыкаў “Стрижи” Дзіцячай школы мастацтваў імя Балакірава, а таксама выкладчыкі школы Валерыя Шэіна і Тамара Кармішына.

Выступалі яшчэ юныя дамрысткі Алёна Маліначка і Паліна Шакурская, народны ансамбль танца “Кредо”, стрыечныя сёстры Марыя Шылкіна і Валерыя Пыціна з дзіцячага ансамбля “Зорачкi”. Душэўныя песні выканаў наш гурт “Купалiнка”, яго салісткі Вераніка Нікуліна і Аліна Паўлава. А вось народны ансамбль “Пліса” быў на сцэне больш за гадзіну. Голас яго салісткі Ірыны Велянцейчык зачараваў гледачоў, і Алег Сёмін з яго бліскучым гумарам усім прыйшоўся даспадобы. Вядучымі фэсту былі Людміла Дзёміна і Таццяна Шылкіна.

Прызы, падзячныя лісты, добрыя словы — і гэта ўсё было. Міністэрства культуры Самарскай вобласці, Самарскі Дом дружбы народаў і Дэпартамент культуры Тальяці ўшанавалі ўдзельнікаў фэсту дыпломамі, падзячнымі лістамі. А намеснік старшыні праўлення суполкі «Нёман” па рабоце з моладдзю і сувязях са СМІ Сяргей Шылкін разам з Падзякай “за развіццё беларускай культуры ў Самарскай вобласці, умацаванне дружбы паміж народамі” атрымаў імянны гадзіннік ад губернатара Мікалая Мяркушкіна. Заўважу, да фэсту немалы інтарэс праявілі тальяцінскія і губернскія СМІ, яго асвятлялі, у прыватнасці, газета “Площадь Свободы” і тэлеканал “Губерния”. Актывісты суполкі “Нёман” удзячны ўсім удзельнікам фэсту, а таксама кіраўніцтву карпарацыі “Тольяттиазот” (гендырэктар Вяча­слаў Суслаў), персаналу Палаца культуры (дырэктар Пётр Лук’янаў), супрацоўнікам Дэпартамента культуры Тальяці, Міністэрства культуры вобласці і Самарскага Дома дружбы народаў ды многім іншым добрым людзям. Гэта ўсё — нашы сябры, сябры беларускай культуры. І, дарэчы, у нас ёсць задума: уносіць іх імёны, а таксама назвы суполак, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў у ганаровую “Кнігу сяброў Беларусі”.

Падводзячы вынікі Года беларускай культуры ў Тальяці, можна сцвярджаць: ён прайшоў годна і на высокім узроўні. Суполка “Нёман” была ў цэнтры падзей, калі ў горадзе адзначаўся Дзень яднання народаў Расіі ды Беларусі, 10-годдзе гурта “Купалiнка” і 5-годдзе дзіцячага гурта “Зорачкi” — тады на свята прыязджала і дэлегацыя з Бабруйска. Людміла Дзёміна паўдзельнічала ў аўтапрабегу, прысвечаным 70-годдзю Перамогі. Потым гурт “Купалiнка” з тальяцінскімі гуртамі-партнёрамі быў у Ваўкавыску на Свяце горада. І фэст “Дажынкі”, і міжнародны фэст “Зямля пад белымі крыламі” надоўга запомняцца тальяцінцам. А галоўны “рухавік” ва ўсіх гэтых справах — наша Людміла Іванаўна Дзёміна. Усю душу і сілы ўкладвае яна ў тое, каб незабыўнымі былі святы. Сцэнарыі, складванне праграм, рэпетыцыі з ансамблямі ды ўдзельнікамі — у асноўным на яе плячах. Прыемна, што кола сяброў, партнёраў суполкі пашыраецца. Дарэчы, і чытачы “Голасу Радзімы” з сябрамі могуць да яго далучацца: мы прыкідваем творчыя планы на год 2016-ы.

Аўтар: Сяргей Шылкін

Яшчэ фота

Славім родную Айчыну

Каментары да фатаграфій

  1. Салісты гурта “Пліса” з Беларусі ў Тальяці
  2. Актывісты суполкі “Нёман” запрасілі на фэст сяброў з Тальяці ды гасцей з Беларусі (першае фота)

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар