24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датЛепш за ўсё пра сяброўства гавораць справы — тое тычыцца і адносін паміж народамі. Мы ведаем, да прыкладу, што ў 1944-м, калі савецкія войскі вызвалілі Беларусь ад фашысцкіх акупантаў, у Мінск ехалі архітэктары і будаўнікі з Масквы і Ленінграда. Дапамагалі падымаць з руін беларускую сталіцу. Расія дзялілася з партызанскай рэспублікай усім, што мела сама: зерне і цэмент, трактары і цэгла, аўтамабілі і метал, медыкаменты і станкі, мыла і цукар… Мы ганарыліся агульнымі поспехамі. Разам асвойвалі цаліну, сібірскія і далёкаўсходнія абшары. Першымі запусцілі штучны спадарожнік Зямлі. Смаленскі хлопец Юрый Гагарын першым з зямлян пабываў у космасе. А ў першай жанчыны-касманаўткі Валянціны Церашковай, цяпер мы ведаем, моцныя беларускія радавыя карані.
Наша агульная краіна — СССР — была звышдзяржавай, у якой усе народы жылі ў дружбе і згодзе. І цяпер у нашых краін шмат агульнага. Будуецца Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. Ёсць агульныя праекты ў эканоміцы, культуры, гандлі, у галіне бяспекі, аховы дзяржаўных рубяжоў. На міжнароднай арэне Расія і Беларусь выступаюць, як правіла, адзіным фронтам. У экспазіцыях Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў, новы будынак якога адкрыты летась у Мінску, няма падзелу на рускіх і беларусаў: там адлюстраваны важныя для гісторыі падзеі, галоўным удзельнікам якіх быў савецкі народ. І трактары “Беларус”, грузавікі МАЗа — гэта сумесныя канкурэнтаздольныя прадукты машынабудаўнікоў Беларусі і Расіі.
Пра тое, што нас лучыць, хораша думалася ў парку 300-годдзя Санкт-Пецярбурга, што на беразе Фінскага заліва, у час традыцыйнага фэсту “Славянскі кірмаш”. Ладзілі яго, як і раней, Палац творчасці дзяцей і моладзі “Маладзёжны творчы Форум Кіцеж плюс” з падтрымкай гарадскога ўрада і адміністрацыі Прыморскага раёна Санкт-Пецярбурга. Працавала 12 пляцовак, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі. На іх выступалі творчыя гурты з сямі рэгіёнаў Расіі, Беларусі, нацыянальна-культурных аўтаномій Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, працавалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і нават можна было вырабіць сувеніры сваімі рукамі. Духавыя аркестры пры ўваходзе ў парк ігралі папулярную музыку 40-х гадоў.
Два дзясяткі стэндаў на Алеі памяці адлюстроўвалі найбольш важныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Расказвалі пра людзей, якія здабывалі Перамогу. У падборцы, прысвечанай абароне Ленінграда, я пабачыў інфармацыю пра Героя Савецкага Саюза лётчыка-знішчальніка Дзмітрыя Аскаленку. Ураджэнец Быхаўскага раёна Магілёўшчыны загінуў, абараняючы ленінградскае неба ў грозныя гады. На стэндзе “Піянеры-героі” быў і аповед пра юнага беларускага партызана Марата Казея, Героя Савецкага Саюза. На Алеі славы стаялі ў ганаровай варце ля Сцяга Перамогі, аддаючы даніну памяці пераможцам, навучэнцы адукацыйных устаноў Прыморскага раёна — пераможцы абаронна-спартыўнай гульні “Зарніца-2015”.
Адкрыццё фэсту праходзіла на пляцоўцы “Нам Перамога дасталася ў спадчыну”. Удзельнікаў і гасцей віталі кіраўнік адміністрацыі Прыморскага раёна Мікалай Цэд (дарэчы, Мікалай Рыгоравіч — ураджэнец беларускага горада Бабруйска), дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Андрэй Анохін і госць з Беларусі — кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Валерый Кулеш. Затым гучалі песні, выступалі танцоры з творчых гуртоў з расійскіх рэгіёнаў. Паказалі майстэрства і танцоры беларускага гурта “Шчодрыца”. У выкананні групы пецярбургскіх артыстаў — ураджэнцаў Беларусі! — пад кіраўніцтвам Аляксандра Пахмутава гучалі беларускія песні.
Адна з пляцовак па традыцыі прадстаўляла Беларусь. Гаспадарыла там суполка “Белыя росы”, якой кіруе Ірына Рогава. Яна, дарэчы, з Гомельшчыны, ураджэнка вёскі Бібікі Мазырскага раёна, і ўжо больш за 30 гадоў жыве ў Піцеры. Па сутнасці, лёс самой Ірыны сведчыць: у Беларусі і Расіі шмат агульнага, і ёсць шчырае памкненне грамадзян абедзвюх краін жыць у дружбе і згодзе. Тэма сяброўства гучала і ў літаратурна-музычнай кампазіцыі “Адкрыццё Першага Беларускага фронту”. Паэтка Любоў Тарасава-Нікіціна чытала свае вершы пра Беларусь і Расію. Самадзейныя артысты-беларусы з Піцера і Ленінградскай вобласці выконвалі беларускія песні і танцы, яны змяняліся рускімі. Гледачам спадабаліся выступленні жаночай вакальнай групы “Рэчанька” і дзіцячага гурта “Вега” — гэта маладзёжнае аддзяленне “Белых рос”. І якраз калі прыпеўкі выконвалі Лявон Габрушонак і Багуслава Грыгор’ева, падышлі да іх Мікалай Цэд і Валерый Кулеш. На іх тварах з’явіліся ўсмешкі: прыемна пачуць родную мову ўдалечыні ад Бацькаўшчыны! Абодва беларусы з задавальненнем слухалі і артыстаў-супляменнікаў з Прадзюсарскага цэнтра “Неўскія барытоны” пад кіраўніцтвам Аляксандра Пахмутава — яны выканалі некалькі вядомых твораў расійскіх і беларускіх аўтараў. Дарэчы, я пабачыў, як адна жанчына сярэдняга ўзросту пачала падпяваць артыстам песню пра Беларусь, пра белага бусла, які ляціць над Палессем, і ў яе, мабыць, перахапіла горла ад пачуццяў... Паспешліва дастала хусцінку, пачала выціраць слёзы. А неўзабаве зноў усміхалася, бо глядзела ўжо на маленькіх артыстаў.
Дзень Перамогі — гэта, як вядома, свята са слязамі на вачах. І фэст “Славянскі кірмаш”, прысвечаны 70-годдзю нашай агульнай Перамогі, як бачым, выклікае шчымлівыя пачуцці. Таму і былі на ім радасць, і смех, і слёзы. Падводзячы вынікі фэсту, Мікалай Цэд нагадаў, што асноўная задума ў арганізатараў свята — паказаць не толькі ўнікальнасць славянскага свету, але і яго культуру, гісторыю, традыцыі. На ім бачна, што нас аб’ядноўвала раней і што лучыць сёння. Падобныя святы, заўважыў Мікалай Рыгоравіч, у Санкт-Пецярбургу плануюць праводзіць і надалей. “Мы ў захапленні ад таго, што сёння ўбачылі, — адзначыў госць з Мінска Валерый Кулеш. — У нас, славян, шмат агульнага. І нам хораша быць разам, бо разам мы — сіла! Пастараемся ваш досвед правядзення такога выдатнага свята ажыццявіць і ў Беларусі. Дзякуй вам!”
Застаецца дадаць, што на гарадскім фэсце “Славянскі кірмаш” пабывала звыш 15 тысяч гасцей і жыхароў горада.