24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датЗ выступлення Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі на сустрэчы з дэлегатамі VI з’езду ФНКА “Беларусы Расіі”
Рады вітаць вас у Пасольстве, на астраўку беларускай зямлі, у пару 70-гадовага юбілею Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З тых гераічных дзён Беларусь прайшла вялікі шлях, адраджаючыся з попелу Вялікай Айчыннай, сцвярджаючы сваё права займаць годнае месца ў сям’і народаў свету. Новыя пакаленні беларусаў стварылі суверэнную дзяржаву з сацыяльна-арыентаванай эканомікай, перадавой навукай і багатай культурай. Сёння Беларусь — гэта краіна, скіраваная ў будучыню. У XXI стагоддзі мы набылі шмат новых сяброў на розных кантынентах і ўмацавалі сяброўства з тымі, хто заўсёды быў блізкі нам. Нязменны стратэгічны партнёр Беларусі — братэрская Расія. У нас немалая сумесная гісторыя, традыцыі, повязі дружбы. І тым стасункам — мацнець! Я перакананы: на фоне іншых міждзяржаўных аб’яднанняў Саюзная дзяржава будзе эфектыўна развівацца і далей. Спектр напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва пашыраецца штогод.
Беларуска-расійскае партнёрства вызначаюць інтэнсіўны палітычны дыялог і, што важна, шырокая народная дыпламатыя. У Расіі жыве звыш паўмільёна этнічных беларусаў. Як носьбіты дзвюх культур вы робіце вялікі ўклад ва ўмацаванне двухбаковых адносін. Як адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, “беларуская дыяспара павінна адчуваць далучанасць да тых падзей, што адбываюцца ў краіне, а Беларусь павінна праяўляць клопат пра суайчыннікаў, якія апынуліся за мяжой”. Гэтыя пытанні традыцыйна закранаюцца ў ходзе сустрэч беларускага лідара з губернатарамі суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Так, Аляксандр Лукашэнка на перамовах з кіраўніком Рэспублікі Карэлія Аляксандрам Худзілайненам адзначыў, што “ўсе кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў заяўляюць пра тое, што беларусы не ствараюць ніякіх праблем або напружання”. “Мяне заўсёды радуе, што нашы беларусы ўтвараюць добрую атмасферу там, дзе жывуць. Яны добрыя, спагадлівыя, прыстойныя”, — дадаў Кіраўнік Беларусі.
Яскравае сведчанне зацікаўленасці дзяржавы ва ўмацаванні і развіцці сувязяў з суайчыннікамі за мяжой — рэалізацыя Закона “Пра беларусаў замежжа”, а таксама пяцігадовыя рэспубліканскія праграмы “Беларусы ў свеце” (цяпер рыхтуецца чарговая на 2016-2020 гады). Увага беларускай дзяржавы да дыяспары ўзмацняецца. Нагадаю, у сакавіку 2015-га пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі створаны Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа. У склад яго ўвайшлі 6 кіраўнікоў грамадскіх суполак беларусаў, якія дзейнічаюць у Расіі. Прыемна, што беларусы Расіі — не толькі самая вялікая, але і найбольш актыўная частка супляменнікаў, якія жывуць за межамі Беларусі.
За апошняе дзесяцігоддзе склаўся касцяк актыўных суполак беларусаў Расіі. Большасць з іх мае высокі аўтарытэт не толькі сярод грамадскасці, але і ў дзяржструктур. Яшчэ важны аспект. Асаблівая ўвага Пасольствам надаецца наладжванню і пашырэнню эканамічнага супрацоўніцтва дзелавых колаў дыяспары з арганізацыямі і прадпрыемствамі Беларусі. Прасоўванне эканамічных інтарэсаў краіны — найпершая задачай нашай дыпламатыі. Перакананы: магчымасці на гэтым шляху далёка не вычарпаны. Значныя рэзервы бачым у развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, дзе значную ролю іграюць супляменнікі. Плануючы паездкі ў рэгіёны, я імкнуся прадугледзець магчымасць сустрэчы з актывам дыяспары на месцах. І бачу, наколькі значны ваш уклад у развіццё беларуска-расійскіх эканамічных адносін. Цяпер, напрыклад, канструктыўна і ўзаемавыгадна супрацоўнічае Беларусь з супляменнікамі-прадпрымальнікамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Ніжняга Ноўгарада, з Маскоўскай, Цюменьскай абласцей. У гэтай зале нямала гаспадарнікаў, якія са мной пагодзяцца: эканоміка не даруе ўпушчанага часу. Спыняцца на дасягнутым не варта. І мы павінны сумесна шукаць новыя шляхі для пашырэння ўзаемавыгаднага партнёрства. Чаго хаваць: Беларусь сёння востра зацікаўлена ў прасоўванні сваіх тавараў і паслуг на расійскі рынак. Пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва плануецца прадметна абмеркаваць на Другім форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі сёлета ў верасні ў Вялікім Ноўгарадзе.
Мне прыемна, што вы не забываеце свае родавыя карані, не губляеце сувязяў з Бацькаўшчынай. Прафесійныя і самадзейныя ансамблі, танцавальныя і харавыя гурты дыяспары — лепшыя паслы беларускай культуры, яны ўмацоўваюць пазітыўны вобраз нашай краіны ў Расіі. Летась прадстаўнікі беларусаў Расіі актыўна ўдзельнічалі ў другім Фэсце мастацтваў беларусаў свету, які прайшоў у Мінску. Выступы расіян пакінулі яркія ўражанні ў шматлікіх гледачоў.
Для захавання і пашырэння беларускай культуры ў Расіі ствараецца Дзелавы і культурны комплекс Пасольства, у якім мы з вамі знаходзімся. Адкрыццё плануецца ў чэрвені. Асноўная мэта стварэння комплексу — актыўнае садзеянне развіццю ўсебаковага і ўзаемавыгаднага беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Плануем дзейнасць ДКК развіваць па трох асноўных кірунках. Па-першае, гэта — пляцоўка-прэзентацыя інвестыцыйнага і экспартнага патэнцыялу Беларусі і Расіі. Па-другое, платформа для дзелавых сустрэч і перамоў. Па-трэцяе, ДКК стане своеасаблівым “мостам навукі і культуры” паміж нашымі краінамі. І тут да месца будзе пра пасольскі комплекс сказаць: гэта наш з вамі, агульны ДКК. Мяркую, агледзеўшы яго, вы пераканаліся, што ён па тэхналагічных параметрах, аснашчэнні адпавядае ўсім сучасным патрабаванням для правядзення розных мерапрыемстваў: ад дзяржаўных урачыстасцяў, дзелавых кансультацый і перагавораў да арганізацый пастановак, канцэртных выступленняў, міжнародных выстаў, сімпозіумаў і прэс-канферэнцый. У нас з вамі з’явілася маштабная пляцоўка для эфектыўнага прасоўвання ўжо існуючых, а таксама для распрацоўкі новых напрамкаў узаемавыгаднага партнёрства.
Завяршаючы выступленне, хачу яшчэ раз выказаць вам словы сардэчнай удзячнасці за вашу веру ў Беларусь, за тую, без перабольшання, велізарную разнапланавую працу, якую праводзіце вы для далейшага збліжэння беларусаў і расіян. Упэўнены: вынікі з’езду дадуць новы якасны імпульс для дзейнасці грамадскіх суполак беларусаў у Расіі. Шчыра жадаю новаму старшыні аўтаноміі і савету поспехаў у працы на карысць нашых брацкіх народаў.