Пачулі родныя галасы
Як толькі ў сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Комі з’явіліся паведамленні аб прыездзе на гастролі ў Сыктыўкар дуэта Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, у офіс Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” пачалі прыходзіць сябры-беларусы: можа, ёсць квіткі? Канцэрт планавалі правесці ў філармоніі, там больш на 600 месцаў. Старшыня аўтаноміі Аркадзь Крупенька здолеў дамовіцца, і беларусам выдзелілі 100 квіткоў па больш нізкай цане — для актывістаў НКА.
А плынь хадакоў у офіс да самага канцэрту не спынялася ні на адзін дзень. І вось — доўгачаканы вечар. У зале філармоніі — аншлаг! Давялося нават да кожнага рада ставіць дадатковыя крэслы. Калі прагучала першая песня “Такой счастливый случай”, зала выбухнула апладысментамі. Прызнаюся, ня часта ў нашай філармоніі бачыў я такое захапленне гледачоў. Людзі не шкадавалі далоняў. А калі вядучы абвясціў, што ў зале прысутнічае шмат членаў беларускай аўтаноміі на чале з яе старшынёй Аркадзем Крупенькам, зала зноў бурна вітала супляменнікаў вядомых артыстаў. Тым больш што “на разагрэве” выступалі артысткі народнага хору беларусаў “Купалінка” з Сыктыўкара. І таксама паспяхова!
Потым знакаміты дуэт выканаў яшчэ некалькі вядомых хітоў з савецкага часу: “Белы снег”, “Я у бабушки живу”, “Малиновка” ды іншыя. Не ведаю, ці сустракалі артысты дзе-небудзь яшчэ такі гарачы прыём, як у Сыктыўкары. Іх доўга не адпускалі са сцэны. Артысты ахвотна фатаграфаваліся з гледачамі, ад імя якіх Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька падарыў дуэту велізарны букет кветак і кнігу пра беларусаў у Комі “След на Паўночнай зямлі” (складальнікі Аркадзь Крупенька і аўтар гэтых радкоў).
Артысты адказвалі на пытанні гледачоў, расказвалі пра сваё творчае жыццё і планы. Як вядома, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч былі ўдзельнікамі вядомага ансамбля “Верасы”. У той час Ядвіга стала жонкай Аляксандра. Разам яны пабывалі на гастролях у розных краінах: Балгарыя, Чэхаславакія, Германія, Югаславія, Польшча, Венгрыя, Фінляндыя, Канада, Ізраіль... І ўсюды ім спадарожнічаў поспех.
Мы і цяпер успамінаем гэты выдатны канцэрт. Марым, каб любімы дуэт ды іншыя беларускія артысты часцей бывалі на паўночнай зямлі, дзе жыве шмат беларусаў.
Каментар да фатаграфіі
Артысты сярод актыву беларускай дыяспары Рэспублікі Комі