Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Не старэе Перамога

27.05.2015 1106
Не старэе Перамога

Традыцыйныя вясновыя святы, што ладзіў Новасібірскі цэнтр беларускай культуры, прысвячаліся слаўнаму юбілею.

Перадаць духоўныя каштоўнасці свайго народа юным грамадзянам — і ў тым высокі сэнс беларускай працы ў замежжы. Ёсць, безумоўна, іншыя мэты, але ж калі не будзе пераемнасці традыцый, памяці пра гісторыю, калі выракуцца дзеці і ўнукі мовы продкаў — што пасля нас застанецца?.. Пад знакам 70-годдзя Перамогі праходзяць сёлета фэсты, імпрэзы ў Новасібірскім цэнтры беларускай культуры. Боль, смутак вайны — і гэта наша спадчына, у ёй — карані нашай міралюбнасці. Перажыўшы жахі вайны, мы ведаем цану міру. І таму замірае зала, калі гучаць са сцэны радкі: “Где призывные звоны Хатыни/ На душе оставляют печаль,/ Где земля от боев не остыла,/ Я молюсь в поднебесную даль...” А вось як звярталася да ўдзельнікаў міжрэгіянальнага дзіцячага фэсту-конкурсу беларускай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!” вядучая Анастасія Трубянкова: “Дарагія сябры, дарослыя і дзеці! Падумайце пра нешта добрае, прыкладзіце далоні да свайго сэрца — і пажадайце адзін аднаму ўсяго самага добрага. Бо дабрыня — гэта сонца, якое сагравае душу чалавека”.

Юбілей Перамогі надае асаблівую ўрачыстасць падобным святам. А ў залах былі і ўдзельнікі вайны, і людзі з абпаленым вайной дзяцінствам. Адны памятаюць гады акупацыі, іншыя ведаюць пра жахі вайны ад бацькоў, некаторыя прайшлі канцлагеры. І таму ўсе святы ў нас — “са слязамі на вачах”. А калі гучаць шчымлівыя песні і вершы на рускай і беларускай мовах, у тым ліку і ў дзіцячым выкананні, цёпла і тужліва становіцца на душы. На святах, дзе збіраліся прадстаўнікі розных народнасцяў Новасібірска і вобласці, і на сваіх, беларускіх, мы ўспаміналі, паміналі тых, хто не вярнуўся з вайны і хто сышоў у Вечнасць у мірны час. Нашы супляменнікі былі 9 Мая на трыбунах, калі праходзіў вайсковы парад, ускладалі кветкі да помнікаў і абеліскаў, ішлі ў шэрагах “Бяссмертнага палка” з партрэтамі бацькоў, дзядоў-франтавікоў і тых, хто набліжаў Перамогу ў тыле. Разам з ветэранамі ішлі і ўнукі Перамогі, як іх называюць, таксама з георгіеўскімі стужкамі на грудзях. Разам спявалі ваенныя песні. І дай Бог, каб у моцнай яшчэ юнай памяці захавалі маладыя шанаванне і павагу да тых, хто падарыў ім Жыццё.


Аўтар: Людміла Бяляўская, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры

Каментар да фатаграфіі

Спявачка Анастасія Трубянкова на адным са святочных мерапрыемстваў у Новасібірску