Рус | Бел

Ехаў горад на кірмаш...

01.07.2015      1039
Ехаў горад на кірмаш...

2110 кіламетраў — такую адлегласць пераадолелі сябры з Брэстчыны, якія прывезлі ў Самару шырокі асартымент тавараў. Прычым не толькі з Брэста і вобласці, але і з Мінска, Мазыра ды іншых гарадоў Беларусі. Ініцыятыву пра выставу-продаж тавараў беларускіх вытворцаў падала Ірына Глуская, кіраўніца самарскай суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Яе падтрымала Брэсцкае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, адміністрацыя і дума гарадской акругі Самара.

Жыхарам Самары спадабаўся мёд, атрыманы з перасоўнага пчальніка, і таму каштоўны прадукт — аж на 25 адценняў: ад кіпенна-белага з іван-чаю да дзягцярна-чорнага чарнічнага. Ацанілі ў Паволжы мясныя дэлікатэсы, зробленыя па старадаўніх рэцэптах, пернікі з начынкамі — альтэрнатыва тульскім, бабруйскія зефір і халву, сыры і малочную прадукцыю розных вытворцаў. Асаблівым попытам карыстаўся і беларускі хлеб. Былі шырока прадстаўлены тканіны, адзенне. У прыватнасці, пакарыў самарцаў беларускі трыкатаж. Дарэчы, праходзіў кірмаш на вуліцы Перамогі, у скверы “Радзіма”, а гэта насупраць Дома дружбы народаў з офісам беларускай суполкі.

“Беларусь я лічу сваёй другою Радзімай, — казаў на адкрыцці выставы-кірмашу старшыня гардумы Аляксандр Фяцісаў. — Гэта цудоўная зямля, дзе жывуць вельмі працавітыя і таленавітыя людзі, і нашы народы вельмі многае лучыць. Важна, каб сёння ўмацоўваліся і нашы гандлёва-эканамічныя адносіны”. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі іншыя вядомыя людзі Самары, прадстаўнікі Брэсцкага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Валянцін Ярошчык і Сяргей Дзяркач, кіраўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў Самарскай вобласці. Ірына Глуская падзякавала спікеру гардумы за садзеянне ў арганізацыі праекта на самарскай зямлі, адзначыўшы: гэта значны крок ва ўмацаванні брацкіх стасункаў паміж народамі Расіі ды Беларусі, гандлёва-эканамічных стасункаў паміж рэгіёнамі.

Два тыдні кірмашовы гарадок — палаткі з чырвона-зялёным арнаментам, беларускімі сцягамі, а яшчэ і беларускімі песнямі, якія выконваў вядомы гурт “Каданс” — запрашаў самарцаў. Многія набывалі беларускую прадукцыю. А Ірына Глуская, іншыя актывісты суполкі абмеркавалі з брэсцкімі сябрамі магчымыя шляхі далейшага супрацоўніцтва.

Між тым парк транспарту Самары папоўніўся сёлета новымі тралейбусамі беларускай вытворчасці. У мясцовае Трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне прыйшло 19 машын — першая буйная пастаўка тралейбусаў з Беларусі за апошнія гады. Ключы ад іх вадзіцелі атрымалі з рук губернатара вобласці Мікалая Мяркушкіна і кіраўніка гарадміністрацыі Алега Фурсава. Тралейбусы ўжо выйшлі на маршруты. Такія значныя падзеі — радасць для мясцовых беларусаў. “Сёлета нашай суполцы — 15 гадоў, — гаворыць Ірына Глуская. — З першых дзён яе заснавання мы працуем на станоўчы імідж Беларусі ў вобласці, на прасоўванне беларускіх тавараў на рынак рэгіёну. Вельмі рады, што вобласць становіцца прывабнай для беларускіх вытворцаў. Па вуліцах Самары ходзяць тралейбусы беларускай вытворчасці. Прыемна! Можна сказаць: самарскія беларусы, нарэшце, абзавяліся “сваім” транспартам.”

Навукоўцы сцвярджаюць: у сучасным свеце ёсць тэндэнцыі, якія паказваюць на глыбокія змены ў адносінах паміж культурай і эканомікай: яны збліжаюцца. І самарскія беларусы, арганізаваўшы выставу-кірмаш тавараў беларускіх вытворцаў, прыгожа пацвердзілі гэты тэзіс.

Аўтар: Мікалай Бойка

Каментар да фатаграфіі

Урачыстае адкрыццё беларускага кірмашу ў Самары

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар