Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Пакрыўджаных не будзе

24.06.2015 1260
Пакрыўджаных не будзе

Падведзены вынікі конкурсу “Культура” сярод суполак беларусаў замежжа на лепшыя культурныя праекты.

Кіраўніца асацыяцыі “Bellarus” Таццяна Пумпулева, пра якую неаднойчы пісалі і ў “Голасе Радзімы”, гаварыла, што даслаць матэрыялы да конкурсу ёй падказалі ў Пасольстве Беларусі ў Рыме. І вельмі радавалася, стаўшы лаўрэатам. З Беларусі супляменнікі тады атрымалі падарункі: каштоўную метадычную літаратуру, дакументальныя фільмы пра краіну, сувеніры і самае галоўнае — беларускі нацыянальны жаночы касцюм. Усё такое неабходнае ў рабоце! З таго часу пачалося і актыўнае ўзаемадзеянне беларускай італьянкі з землякамі. У верасні хор, створаны пры асацыяцыі, удзельнічаў у Другім фестывалі мастацтваў беларусаў свету, Таццяна была ў Мінску і ў снежні — на вучобе-стажыроўцы для кіраўнікоў творчых калектываў беларусаў замежжа. Часта шле яна прывітанні па электроннай пошце, запрашае на старонкі асацыяцыі ў сацсетках, дзе шмат фота, тэкстаў пра жыццё супляменнікаў у Італіі. Удзельнічала асацыяцыя “Bellarus” і ў сёлетнім конкурсе — і таксама паспяхова. Сярод дасланых матэрыялаў я пабачыла мноства фотаздымкаў са святаў Масленіцы, 8 Сакавіка, Калядаў, Купалля, прэзентацый кніг і аўтарскіх выстаў неапальскіх беларусаў. 

Уражваюць грунтоўныя матэрыялы, якія даслалі таксама іншыя ўдзельнікі. Журы разглядала падрабязныя справаздачы пра дзейнасць за год у выглядзе газетных публікацый, відэа- і аўдыёзапісаў, фотаальбомаў і мультымедыйных прэзентацый. Іх даслалі супляменнікі з казахстанскіх Паўладара і Астаны, латвійскіх Даўгаўпілса, Екабпілса, Елгавы, расійскіх Валгаграда, Кургана, Томска, Новасібірска, Іркуцка, Тальяці, Цюмені, Растова-на-Доне... З Казані ў конкурсе ўдзельнічала суполка “Спадчына”, з Клайпеды — “Крыніца”. Асобным салідным пакетам паступілі матэрыялы ад Саюза беларусаў Латвіі. А з Эстоніі вылучыўся Цэнтр вучобы і развіцця EVA. 

Усяго ж у конкурсе-2015 было амаль 20 удзельнікаў. І вось наступны сказ, я мяркую, вызаве мора станоўчых эмоцый у актывістаў гэтых беларускіх суполках. “Дыпломамі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і таварыства “Радзіма”, а таксама каштоўнымі падарункамі мы ўзнагароджаем усіх сёлетніх канкурсантаў, — запэўніў дырэктар РЦНК Міхаіл Рыбакоў. — Звычайна падыход да вызначэння ўзроўню ўзнагарод дыферэнцаваны (у залежнасці ад грунтоўнасці конкурсных матэрыялаў), але сёлета ўсе дасланыя матэрыялы — цікавыя і разнастайныя”. Што ж, пакрыўжаных не будзе. Ды й мэта конкурсу, па словах кіраўніка Цэнтра, не размеркаванне суполак па нейкіх месцах, а жаданне заахвоціць супляменнікаў за межамі Беларусі актыўней займацца творчай справай: пашыраць беларускую культуру ў свеце. Гэта і магчымасць расказаць пра сябе і свае справы, падзяліцца досведам працы з іншымі. 

Нагадаем, конкурс “Культура” сярод грамадскіх суполак беларускіх супляменнікаў за мяжой на лепшыя дасягненні ў арганізацыі і рэалізацыі праектаў па папулярызацыі беларускай культуры ў краінах, дзе жывуць нашы супляменнікі, праводзіцца з 2012 года. Кожны з удзельнікаў мінулых этапаў конкурсу адзначаны дыпломамі ці падзячнымі лістамі арганізатараў, прызамі. Дарэчы, летась узнагароды большасць удзельнікаў атрымалі пад час правядзення другога Фэсту мастацтваў беларусаў свету ў Мінску, што таксама падкрэслівае важнасць культурніцкай дзейнасці нашых супляменнікаў за мяжой. А сёлетнія ўзнагароды некаторым лаўрэатам уручаліся і ў Маскве, на VI з’ездзе Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. 

Праект выклікае вялікую цікавасць сярод беларусаў замежжа. Для лепшага ж інфармавання суайчыннікаў “Голас Радзімы” стаў інфармацыйным спонсарам конкурсу “Культура”. Мы будзем і надалей расказваць пра ўдзельнікаў, прадстаўляць паводле дасланых матэрыялаў станоўчы досвед працы.

Аўтар: Кацярына Мядзведская

Яшчэ фота

Каментары да фатаграфій

  1. Дыплом — Аляксандру Сапегу.
  2. Любоў Адаскевіч і Ніна Кабанава з дыпломамі лаўрэатаў (першае фота)
  3. Фотаздымкі: Кацярына Мядзведская і Іван Ждановіч