Рус | Бел

Пад высокім Сонцам

29.07.2015      1059
Пад высокім Сонцам

Беларусы Цюмені адзначалі знакавыя летнія святы, як і ў Беларусі.

Cімвалічна, што і Дзень Неза­лежнасці Беларусі, і Дзень Вызвалення яе ад нямецка-фашысцкіх за­хоп­нікаў, і народнае свята Купалле прыпадаюць на адну пару. Урачысты сход Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Саюз-інтэграцыя брацкіх народаў” прайшоў у нас 3 ліпеня, прысвячаўся Дню Незалежнасці і 71-й гадавіне Вызвалення Беларусі. Збіралі супляменннікаў і тых, хто прыязна ставіцца да Беларусі як актывісты названай суполкі, так і члены Нацыянальна-культурнага таварыства “Аўтаномія Беларусь”, а таксама супрацоўнікі аддзела беларускай культуры (ім кіруе Юлія Чарапанава) Палаца нацыянальных культур “Cтроитель”.

Хоць даўно закончана вайна і ўжо больш за 70 гадоў мірнаю працаю беларусы адстойваюць сваё права на годнае жыццё, але народная памяць пра даўнія выпрабаванні, пакуты жыве. І мы згадвалі старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Словы ўдзячнасці ветэранам за подзвігі ў імя жыцця выказалі прадстаўнікі Цюменьскай абласной Думы, Грамадскай палаты вобласці, іншыя вядомыя асобы. А Павел Васільевіч Мікіціч, партызан, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў: Перамога дасталася нам вельмі дарагою цаною, пра тое варта заўсёды памятаць. 

Пасля віншавалі ўсіх са святам творчыя гурты: сямейны вакальны ансамбль “Спадчына”, ансамбль беларускай музыкі і песні “Палессе”, народны ансамбль рускай песні “Сударушка” ды ансамбль украінскай песні “Зори цвит”, ансамбль казачай песні “СветлоЯр”. Свята ўдалося на славу! 

А праз тры дні, 6 чэрвеня, у цюменьскім гарадскім раёне Пляханава ладзілася гульнявая абрадавая праграма, прысвечаная славянскаму святу Івана Купалы: так яго называюць у рэгіёне. Разам рухалі справу актывісты суполкі “Аўтаномія Беларусь”, артысты гуртоў “Спадчына” і “Лянок”. Дзень выдаўся сонечны, без ападкаў — насуперак прагнозам. Сёлета на свяце мы ўслаўлялі Ваду і ўсё, што з ёю спалучана. Як вядома, і ў слове Купалле ёсць корань ад слова купацца. Пачалі з размінкі, загадак пра ваду. Былі і камандныя гульні з вадою — і дзецям, і дарослым цікава! Па традыцыі правялі рытуал памінання дзядоў-продкаў: на ваду спусцілі вялікі вянок з запаленымі свечкамі. І ўсе адчулі сябе ўдзельнікамі дзеі. 

Жыхароў і гасцей мікрараёна Пляханава радаваў сямейны гурт “Спадчына” і ансамбль “Лянок”. На паляне каля возера вадзілі карагоды, танцавалі. Дзяўчаты, дарэчы, былі ў прыгожых вянках з траў і кветак. Пазней яны пускалі іх на ваду, загадваючы жаданні. Нават самыя маленькія будучыя нявесты з цікавасцю, гледзячы на ​​старэйшых, заплюшчвалі вочкі, шапталі свае жаданні.

Не пакінулі мы на Купалле без увагі і вогненную стыхію. Запалілі вялікае вогнішча, суправаджаючы абрад спевамі, карагодамі. І для ачышчэння душы і цела скакалі потым праз агонь. Так што разагналі мы ад Пляханава ўсе цёмныя сілы ды зноў радуемся высокаму жыццядайнаму Сонцу.

Аўтар: Вера Піскун, г. Цюмень

Каментар да фатаграфіі

У Купальскім абрадзе ў Цюмені прыгожа спалучаліся традыцыі ды сучаснасць

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар