24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датЗ Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Д. Чэрскага выраслі яшчэ дзве цікавыя і жыццяздольныя беларускія суполкі.
Мабыць, усе тут ведаюць, што я цяпер — не старшыня, не лідар Беларускай супольнасці ў Прыбайкаллі. Хоць заснаваў Рэгіянальнае грамадскае аб’яднанне “Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д.Чэрскага” (ІТБК) і 17 год кіраваў ім. А ў красавіку 2013-га на Х з’ездзе ІТБК саступіў пасаду Алене Сіпаковай. Летась напісаў заяву і ўвогуле выйшаў з ІТБК: каб у новага актыву не было жадання азірацца на мяне, і не было ілюзій, што працягваю ўплываць на рашэнні новага кіраўніцтва. Пры тым застаюся грамадска-актыўным удзельнікам Беларускага руха ў Прыбайкаллі: спяваю ў гурце “Крывічы”, праводжу майстар-класы па танцах, ладжу этнавандроўкі па мясцовых беларускіх вёсках і раблю іншую працу ў Маладзёвым клубе “Крывічы”.
Нагадаю: Іркуцкае гарадское маладзёвае аб’яднанне “Маладзёвы клуб Крывічы” (МК “Крывічы”) заснавана ў студзені 97-га. Спачатку — як маладзёвае крыло ІТБК, а маладыя лідары “выраслі” ды захацелі мець асобнае аб’яднанне. У 2009-м устаноўчы сход абраў старшынёй МК “Крывічы” Волю Галанаву, наступныя сходы Клуба (2012, 2015) пацвердзілі яе паўнамоцтвы. Акрамя ІТБК і МК “Крывічы”, у вобласці дзейнічае яшчэ адно самастойнае аб’яднанне: мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Чарамхова”, гэта ў Чарамхоўскім раёне. Суполка паўстала таксама з ІТБК: у 2002-м у горадзе Чарамхове ўзнікла аддзяленне таварыства, потым яго старшыня Васіль Ракіта ў 2008-м зарэгістраваў асобную суполку.
І вось некаторыя могуць казаць: маўляў, беларусы Прыбайкалля “разваліліся” з адной моцнай супольнасці аж у тры. З аднаго боку гэта так: існуе нават пэўная канкурэнцыя гэтых суполак. А з другога боку гэта — аб’ектыўная рэальнасць пры пашырэнні шэрагаў беларускіх актывістаў. Вось жа калі сыны, дочкі ў сям’і выростаюць, то ўтвараюць свае сем’і — так і тут... Грамадская актыўнасць беларусаў Прыбайкалля ўвесь час не толькі пашыраецца змястоўна, але прыходзяць і новыя лідары — і ім трэба даць магчымасць сябе праявіць. На карысць Справе! Яны гатовы шчыраваць на карысць Беларускага Руху ў рэгіёне.
Новыя лідары, што лагічна і аб’ектыўна, жадаюць пэўнай самастойнасці ды ўдасканалення сваёй працы. А пад словам “лідары” маю на ўвазе не толькі афіцыйна абраных Васіля Ракіту, Волю Галанаву і Алену Сіпакову, але і той актыў, які аб’яднаўся вакол іх — у кожнай суполцы з добры тузін яркіх асобаў. Таму я лічу: што ў вобласці з ІТБК выйшлі яшчэ дзве самастойныя беларускія суполкі — гэта паказчык росту Беларускага Руху ў Прыбайкаллі. Кожная з суполак шчыруе на свой густ на карысць адраджэння, развіцця і захавання Беларускай культуры і грамадскага пашырэння Беларускага патрыятызму.
Мяркую, цяпер і вам будзе лепш зразумела, чаму я, пабачыўшы, што пасеянае мной зерне добра-такі ўзрасло, вырашыў саступіць лідарскія паўнамоцтвы іншым. Пры тым знайшоў прытулак для праяўлення сваіх грамадскіх ініцыятыў. Цяпер я — шараговы жыхар Іркуцка і актыўны сябра МК “Крывічы”. І таму мае вітанні дэлегатам — толькі ўласныя. Але мне вельмі прыемна быць тут, пабачыцца са старымі сябрамі, пазнаёміцца з новымі. Сёння Свята Душы! Сёння тут сабралася эліта Беларускага Руху ў Расіі. Лепшыя з лепшых, лідары грамадскіх суполак з розных рэгіёнаў і гарадоў вялікай краіны. І я б хацеў да вас звярнуцца з вялікай просьбай, якую выказаў сёлетні юбіляр Францішак Багушэвіч: “Не пакідайце ж мовы нашай Беларускай, каб не ўмёрлі!”. А лепш і не скажаш, бо калі “Няма мовы — няма і Народа!”.
Што робіць нас адметнымі, унікальнымі ў вялікім свеце? Найперш — Мова. Другое — Народная традыцыя. Трэцяе —Гістарычная Спадчына! Усё іншае, на мой погляд, менш істотнае, у тым ліку месца жыхарства, нашыя асабістыя поспехі, рэгаліі, узнагароды. Нашая Беларускасць сабрала нас тут усіх, такіх розных, разам. І калі мы Беларусы, калі мы лідары, то павінны сваім прыкладам паказваць, што ведаем высокую каштоўнасць Мовы, дзякуючы якой беларусы маюць сваю Дзяржаву, дзякуючы Мове нас адрозніваюць у свеце. Таму, душой адчуўшы такую простую ісціну, найперш Мове Беларускай нам варта пакланяцца, і дзеля таго ажыўляць яе ўвесь час, карыстацца ёю з суродзічамі дзе б ні былі: з павагай і задавальненнем. Гэта — як хлеб для душы. Вы ж ведаеце, як часам хочацца адведаць свайго, беларускага!
Калі мы Беларусы, лідары, то кожны з нас павінен мець свой асабісты народны строй, вышываную кашулю і ладзіць у такім адзенні са сваімі суродзічамі Беларускія народныя святы: Каляды, Гуканне Вясны, Купалле, Дажынкі, Дзяды, а таксама іншыя. Пры тым хай гучаць нашы песні, хай умацоўваюць повязь пакаленняў і ацаляюць нас, сённяшніх, беларускія танцы, беларускія абрады.
Калі мы Беларусы, лідары, то давайце паглыбляцца ў гісторыю свайго роду, народа і праводзіць шэраг круглых сталоў, вечарын, канфэрэнцый — каб ведалі пра гонар і славу, гераічную Спадчыну Айчыны не толькі сябры суполак, але і расіяне, жыхары месцаў, дзе мы жывём. Пры тым варта ганарыцца нашымі гістарычнымі сімваламі. Не ва ўсіх іх быў просты лёс: ворагі заўсёды топчуць святое, калі хочуць скарыць народ. Вы ведаеце: герб “Пагоня”, напрыклад, ужо болей за 700 гадоў яднае беларусаў. І вось паглядзіце: сёння “Пагоня” — афіцыйны герб Віцебскай вобласці, як тое было доўгі час і раней.
Мова, традыцыі, Спадчына... Калі будзем усведамляць, на чым стаіць Беларускасць і працаваць у гэтых кірунках, то захаваемся як Народ, зможам перадаць Веды і Вопыт нашчадкам. Калі ж не — растворымся ў віры глабалізацыі. У Іркуцку брэнд “Беларусы Прыбайкалля” гучыць годна, і кожная з трох суполак шмат робіць дзеля яго пашырэння. Я ўпэўнены: цяпер актыўнасці Беларусаў там нічога не пагражае, у тым ліку і змена лідараў. У нас ужо засяліўся сапраўдны Дух Беларускага патрыятызму. Напрыканцы жадаю новаму кіраўніцтву ФНКА “Беларусы Расіі” плённай працы на карысць адраджэння, захавання і развіцця Беларускага Руха ў Расіі. Усё можна зрабіць. Усё ў нашых руках. Толькі варта памятаць свае карані, вывучаць Гісторыю і Мову свайго Народа і праводзіць мерапрыемствы ў плыні Беларускай Народнай Традыцыі. І тады будзе жыць вечна Беларускі Народ. І будзе жыць Беларусь.
Алег Рудакоў з супляменніцамі на з’ездзе ў Маскве