24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датПра змену лідара ў ФНКА — Валерый Казакоў саступіў месца Сяргею Кандыбовічу — мы паведамілі ў мінулым нумары. Калегі з розных СМІ данеслі інфапласты падзеі з “вялікага айсберга” ФНКА. Наколькі вялікага? Паводле перапісаў, у Расіі — каля 500 тысяч беларусаў, Казакоў мяркуе — каля 5 мільёнаў. Што стаіць за пераменамі ў кіраўніцтве? Чаму пры вялікай любові да “свайго хлопца” Валерыя Мікалаевіча, пра якую гаварылі з трыбуны і ў кулуарах з’езда, выбралі іншага? Парадокс з разраду: любяць адных, а замуж бяруць іншых? Не акцэнтую, якіх любяць і бяруць-выбіраюць. Зрэшты, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Валерый Казакоў і не выяўляў вялікага жадання ўтрымацца на вяршыні ўлады ва ўплывовай грамадскай суполцы. Прынамсі, на з’ездзе не выяўляў.
Такіх лідараў, як Казакоў, не часта сустрэнеш… На трыбуне, у канцы справаздачы, і пакаяўся ў старшынёўскіх недапрацоўках і ўпушчэннях, і прасіў прабачэння ў тых, каго можа і пакрыўдзіў. Справаздачу расквеціў беларускімі спевамі! “Судакладчыцай” была фалькларыстка Ірына Капчынская. Зрэшты, калі б і заспявалі яны “справаздачны нумар” разам — я б не здзівіўся. То ж Казакоў! Эпоха…
А пакуль ідзе справаздача, звернем увагу на іншую рэальнасць. Назавем яе “Круг белорусов” — па назве тэксту, дасланага па элпошце і ў рэдакцыю, і, ведаю, тым, хто на з’ездзе рабіў выбар. Абзац з тэксту: “На самом деле обстановка в ФНКА очень беспокойная, не деловая, разбалансированная, не организованная, требует большой корректировки Устав, структура правления, налаживание тесных отношений с руководством Федеральных и региональных центров, чтобы получить понимание и поддержку наших региональных и местных НКО, общественных организаций и культурных Центров. Ответственным нового состава Совета ФНКА за эту работу предлагаем Кандыбо О. Ф. — президента “Московского клуба Белорусов”.
Казакоў сам прызнаўся: у нечым недапрацоўваў, з многімі кірункамі не справіўся. Аднак шмат і зрабіў! Згадаем хаця б салідны энцыклапедычны даведнік “Сузор’е беларускага памежжа”, што выйшаў з ягонай падтрымкай. “Хто не ўмее працаваць, той праводзіць нарады і з’езды,” — меркаванне Валерыя Казакова на гэты конт чытаем у яго “Абібоках”. Кароткія, дасціпныя “пярліны” ёсць у нэце — пашукайце. І “Круг белорусов” аддае Казакову належнае: “Как рядовой, активный белорус — он хорош!” Ці яшчэ: “Реально в заслугу Валерию Николаевичу можно поставить передачу РБ раритетов большой стоимости (цэлая праграма “Вяртанне”, больш за 140 рарытэтаў, казаў у справаздачы сам В. Казакоў. — Аўт.), то, что он не вмешивался в слаженную годами работу региональных организаций, кого-то даже навестил за пять лет, друзьям не отказывал в помощи, хороший писатель и чиновник”. І ўсё ж “ініцыятыўная група” (у канцы тэксту прозвішчы) дае такой з’яве, як Казакоў на чале ФНКА, нездавальняючую ацэнку: “…период с момента избрания Казакова и до сего дня можно оценить для ФНКА как безвременье”. Цікава пагартаць — і для планавання працы суполак ФНКА, і для разумення выбару лідара, і для гісторыі — прыкладзеныя да пісьма пратаколы з канца 2009-га. “Пасланне” з тае пары, калі ў суполцы лідарам быў ды раптам не стаў вядомы Францішак Каўрыга.
Але вось інтрыга: не змагла ўсё ж на з’ездзе заваяваць давер’е дэлегатаў і сіла пад назваю “Круг белорусов”!
Лічыцца “по умолчанию”, што стрыжань працы ў суполках замежжа — гэта любоў супляменнікаў да Бацькаўшчыны ці зямлі продкаў. Аднак, кажуць у Расіі, “любовь — не картошка, ее не выбросишь в окошко”. Гэта значыць, катэгорыя не канкрэтная, кажучы моваю бізнесу. І таму дзелавыя людзі, узяўшы ўладу, гатовы дапамагчы той любові стаць сілай рэальнай і канкрэтнай — як рахунак у банку. “Зачем спасибо, если есть деньги?” — не беларускі па духу жарт рэзнуў слых у дзень з’езду. Цяпер, можна не сумнявацца, і рахунак у банку, і офіс у ФНКА будуць: новы старшыня савета ФНКА Сяргей Кандыбовіч — чалавек справы. Яму — давер’е, і выбар — на яго карысць. Лагічна! І механізм яго прыходу да ўлады з ключавым словам “апарат” можна зразумець, прачытаўшы апавяданне Валерыя Казакова “Аўсяная каша” з кнігі “Асфальт и тени”. Выйшла яна ў 2003-м, раздавалася дэлегатам і гасцям з’езду. Няма сумненняў: Казакоў ведаў зыход галасавання. І можна парадавацца, што змена лідара прайшла хутка, “без лишних телодвижений”. “Сонечнаму Івану з падзякай. 22.05.2015, 14.15” — падпісаў мне кнігу аўтар. Ён толькі-толькі аддаў паўнамоцтвы Сяргею Кандыбовічу. Прычым прыгожа. Без крыўдаў! “Вельмі рады перадаць справы добраму чалавеку, у якога баліць душа за Беларушчыну,” — казаў ён пазней на сустрэчы ў Амбасадзе. Дзякуй і Вам, Валерый Мікалаевіч! Спадзяемся, Сяргей Львовіч апраўдае давер’е і былога старшыні, і дэлегатаў з’езду.