Рус | Бел

“Купалінка” і “Лицей”

“Купалінка” і “Лицей”

Дзень Расіі святкавалі ў Тальяці з беларускімі песнямі ды рускімі танцамі

Мне падабаюцца вядомыя радкі паэта Самуіла Маршака: 

Мы знаем: время растяжимо.
Оно зависит от того,
Какого рода содержимым
Вы наполняете его…”. 

Для нас, беларусаў Тальяці, кожны новы месяц напоўнены цікавымі творчымі праектамі: выступленні, канцэрты, удзел у святочных імпрэзах… І, вядома ж, хто працуе — таму і ўзнагароды прыйдуць, і грамадскае прызнанне. Мне ж вельмі прыемна было атрымаць на пачатку месяца Ганаровы знак мэра “За заслугі перад гарадской акругай Тальяці”. Чым “напоўнена” ўзнагарода? За ёй — 10 гадоў напружанай працы: мы зберагаем, пашыраем, перадаем маладым беларускія традыцыі, далучаем тысячы людзей да гісторыі, культуры, абрадаў сваіх супляменнікаў. Суполка — у пастаянным развіцці, у многіх гарадскіх, абласных і міжнародных імпрэзах удзельнічаюць творчыя гурты “Купалiнка” і “Зорачкi”. Вось і маем вынік: пасеянае дае добры ўраджай. 

Цяпер у маладых удзельніц гурта беларускай песні “Купалiнка” — пара экзаменаў у каледжах, іх паспяхова здаюць Аліна Паўлава і Вераніка Нікуліна. А самыя юныя ўдзельніцы гурта “Зорачкi” Марыя Шылкіна і Валерыя Пыціна адсвяткавалі свой першы выпускны: у дзіцячым садзе . Марыя пойдзе далей у гімназію і музычную школу, і яе сяброўка рыхтуе школьны ранец. 

Пры ўсёй летняй настроенасці на адпачынак мы — у выдатнай творчай форме. І 12 чэрвеня, калі адзначаўся Дзень Расіі, удзельнічалі ў шматнацыянальнай канцэртнай праграме “Россия — родина моя”. На пляцоўку ў Аўтазаводскім раёне, дзе выступалі гурты нацыянальна-культурных цэнтраў, прыйшло шмат людзей. Гучалі вершы пра Расію, выступала наша “Купалiнка”, як кажуць, у абноўленым фармаце. І песні ў нас новыя, саліравалі ж са мною разам Аліна Паўлава і Вераніка Нікуліна. Для такога складу ансамбля гэта ўжо трэцяе канцэртнае выступленне ў Парку Перамогі. Мы яшчэ выступалі на святочных канцэртах у Дзень абароны дзяцей і на Дні горада. 

“Россия — родина моя”... Так могуць сказаць мільёны людзей розных нацыянальнасцяў. Так гаворым і мы, беларусы Паволжа, бо нашы дзеці, унукі тут нарадзіліся. Увогуле ва ўсім свеце анідзе, бадай, няма такога, каб у краіне жылі людзі адной нацыянальнасці. Значыць, усім трэба вучыцца жыць з любоўю да свайго ды з павагаю да чужога. Дарэчы, і вядомы рускі паэт, з радкоў якога я пачала допіс — яўрэй па нацыянальнасці. А ёсць у яго родавыя карані ў Беларусі — пра тое была публікацыя “Карані роду Самуіла Маршака” ў газеце “Голас Радзімы” (9.08.2012). Мяркую, яркім пацвярджэннем таго, што менавіта беларусы ўмеюць гарманічна развівацца ў цяперашняй шматмоўнай культурнай плыні, можа быць нядаўні поспех беларускіх настаўнікаў рускай мовы на конкурсе ў Маскве. На Міжнародным Пушкінскім конкурсе настаўнікаў-русістаў, вынікі якога нядаўна падвялі, лаўрэатамі сталі ажно шэсць прадстаўнікоў Беларусі. Гэта, як пішуць журналісты, найлепшы вынік сярод удзельнікаў, бо напрыклад, з Казахстана ці Грузіі — па пяць пераможцаў, з Украіны — чатыры, з Узбекістана — тры. Гэта яскравы “меседж”, як цяпер кажуць, тым расійскім палітыкам, якія спрабуюць убіць клін паміж нашымі народамі: маўляў, Беларусь арыентуецца цяпер толькі на Захад. Мы гаворым на адной мове — што можа лепш сімвалізаваць нашае моцнае сяброўства! Пры тым, аднак, варта памятаць: і родную беларускую мову, культуру мы гатовы бараніць ад “размывання”, “выціскання” на задворкі жыцця з той жа рашучасцю, як і адстойваць незалежнасць Бацькаўшчыны. Бо, як вядома, гэта рэчы — узаемазвязаныя. 

Вось таму, дарэчы, мы вельмі цэнім рознага роду кантакты з Беларуссю: яны заўсёды даюць новы зарад энергіі для дзейнасці. На бліжэйшы час у “Нёмана” шмат цікавых планаў. Сярод іх — рэпетыцыі па вакале, харэаграфіі, сцэнічнай мове: імкнемся ўдасканальваць майстэрства. А ў ліпені паедзем у Беларусь: сябры і партнёры з Ваўкавыска запрасілі на святкаванне 1010-годдзя горада. Прычым акрамя “Купалінкі” збіраюцца ў цікавую вандроўку ўдзельнікі гурта “Зорачкi”, упершыню едзе з намі і харэаграфічны гурт “Лицей” з ліцэя мастацтваў. І гэта здорава, што даўняе сяброўства творчых беларускіх гуртоў суполкі з ліцэем мастацтваў урэшце перарасло ў творчы саюз. Мяркую, ён таксама вельмі сімвалічны! Бо калі гучаць беларускія народныя песні з удзелам, з падтрымкай расійскага харэаграфічнага ансамбля — гэта пры добрай рэжысуры можа стаць тэатралізаваным прадстаўленнем.

Аўтар: Людміла Дзёміна, старшыня праўлення суполкі “Нёман”, г. Тальяці

Каментар да фатаграфіі

І Дзень Расіі супляменнікі з Тальяці адзначаюць з беларускай сімволікай

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар