Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

“Крывічы” ў Тургенеўцы

04.08.2015 1069

Вядомы беларускі гурт з Іркуцка быў жаданым госцем на свяце беларускай вёскі ў Прыбайкаллі

Жыхары далёка не кожнай беларускай вёскі могуць цяпер з дакладнасцю сказаць, калі ды пры якіх гістарычных абставінах яна заснавана. І ў гэтым сэнсе жыхарам вёскі Тургенеўкі, што ў Баяндаеўскім раёна Іркуцкай вобласці, пашанцавала. Ім добра вядома: утварылі іх паселішча ў 1909 годзе перасяленцы з Заходняга Палесся — цяпер, кажуць старажылы, гэта рэгіёны Брэсцкай вобласці. А якія канкрэтна? Ёсць і на гэты конт пэўныя меркаванні. Цікава, аднак, было б капнуць глыбей, параўнаць назвы вёсак, што зберагаюцца ў памяці старажылаў, у архіўных дакументах, з тымі, што і цяпер ёсць на Брэстчыне. А яшчэ б і адладзіць пабрацімскія сувязі паміж Тургенеўкай, Баяндаеўскім раёнам, што ў Прыбайкаллі, ды іх беларускімі… прародзічамі, ці што. 

Зрэшты, ансамбль аўтэнтыч­ных спеваў Моладзевага клуба “Крывічы” з Іркуцка ехаў напрыканцы чэрвеня ў Тургенеўку не для этнаграфічных даследаванняў, а на свята беларускай вёскі: яна адзначала 106-годдзе. Мы былі жаданымі гасцямі ў супляменнікаў, нас і сустракалі — як сваіх, родных. “Крывічы” рады паспяваць прыгожыя беларускія песні тым, хто — за тысячы кіламетраў ад гістарычнай радзімы — разумее нашу мову. 

У Тургенеўцы па гэты час, што радуе, жывы беларускі дух! Пры Доме культуры там ёсць Беларускі народны ансамбль “Варэнічкі” — ім кіруе Галіна Пятрова. А ў мясцовай школе створана Беларуская дзіцячая этнаграфічная студыя “Рушнічок”(кіраўніца Наталля Цюшкевіч). Акрамя таго, пераканаліся мы, у вёсцы шмат і іншых таленавітых людзей. Сумеснымі намаганнямі яны і праводзілі Дзень вёскі. 

Вельмі рады за супляменнікаў! Дзея адбывалася, як цяпер модна казаць, на пленэры, і з надвор’ем пашанцавала: было сонечна, цёпла. У канцэртнай праграме знайшлося месца не толькі песням ды танцам, але і прыгожаму тэатралізаванаму паказу. А закончылася свята ў Тургенеўцы ўжо традыцыйна: беларускімі карагодамі ды танцамі.

Аўтар: Алег Рудакоў, Іркуцкая вобласць