Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Жывая класіка

09.09.2015 1206
Жывая класіка

Акцыя пад назвай “Усе чытаюць Багдановіча!”, якая праходзіла ў Яраслаўскім мемарыяльным доме-музеі Максіма Багдановіча, прынесла цікавы плён.

Імёны многіх знакамітых пісьменнікаў у нас на слыху — але ці чытаем мы іх творы? Вось акцыя наша ў музеі, што працуе ў расійскім горадзе Яраслаўлі, і задумвалася для таго, каб абудзіць цікавасць да творчасці Максіма Багдановіча. Як вядома, жыццё яго было цесна звязана з нашым горадам. Удзельнікам акцыі мы прапанавалі запісаць відэа з чытаннем вершаў класіка беларускай літаратуры і даслаць яго на электронную пошту музея.

Такі незвычайны фармат папулярызацыі творчасці паэта выклікаў шырокі водгук у моладзі. Як вядома, цяпер хлопцы і дзяўчаты актыўна выкладваюць відэаролікі са сваім удзелам у інтэрнэце. І трэба, падумалі мы, толькі скіраваць гэтую вялікую энергію ў стваральнае рэчышча. Арганізатары атрымалі каля 50-ці такіх відэа ад жыхароў Яраслаўля. Прычым, прааналізавалі мы дасланыя матэрыялы, самаму малодшаму ўдзельніку акцыі Рыгору Лабюку ўсяго 6 гадоў, а самай старэйшай Ліліі Праскурынай — 75 .

Сярод дасланых відэаро­лікаў мы знайшлі і цэлыя тэатральныя пастаноўкі. Гэтак, напрыклад, вучаніцы 3 класа 16-й школы Яраслаўля Паліна і Алены Мадзенавы чытаюць верш “Ноч”. Прыемным сюрпрызам для нас, музейных работнікаў, стала відэа Вусала Насірава: ён прачытаў верш Багдановіча “Дзед” з перакладам на азербайджанскую, родную яму мову.

Самыя арыгінальныя ролікі апублікаваныя ў сацыяльных сетках на старонках В Контакте і Facbook музея Максіма Багдановіча і нашых партнёраў — Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. І ніводзін з удзельнікаў акцыі не застаўся незаўважаным: усе атрымалі ад нас дыпломы на рускай і беларускай мовах, памятныя сувеніры.

Аўтар: Наталля Прохарава, супрацоўніца Дома-музея Максіма Багдановіча, г. Яраслаўль