Рус | Бел

На Волзе шануюць Купалу

23.09.2015      1090
На Волзе шануюць Купалу

Пад час святкавання 40-годдзя з часу адкрыцця музея Песняра ў сяле Пячышчы пад Казанню выкрышталізавалася прыгожая ідэя: паставіць на беразе Волгі металічны помнік знакамітаму пісьменніку-беларусу.

Кіраўнік Беларускай суполкі Татарстана “Спадчына” Сяргей Марудэнка — пэўна, адзін з тых, хто мае да гэтай задумы непасрэднае дачыненне. Мы гутарылі з ім на з’ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, які праходзіў у Маскве ў 20-х чыслах траўня. І зямляк жыў тады клопатамі пра будучае свята. Чакалася на Волзе дэлегацыя з Беларусі, з Купалаўскага музею, на чале з яго дырэктаркай Аленай Ляшковіч. І ў гаспадарлівага, энергічнага гендырэктара Эксперыментальна-вытворчага завода са складанай абрэвіятурай “ВКНИИВОЛТ” было шмат ідэй, скіраваных на пашырэнне “беларускай прысутнасці” ў Татарстане. Ну а пра Пячышчы і створаны там Музей Купалы ён расказваў з такім захапленнем! Згадваў пра высокіх гасцей з Беларусі, якія там пабывалі. Адзін дык увогуле, хоць часу бракавала, завінуўся паехаць туды на ноч гледзячы, і прыйшлося ж Сяргею Паўлавічу такія шматхадовыя камбінацыі правярнуць. Ды ўсё цудоўна атрымалася! А другі, хоць на цеплаходзе па Волзе катаўся, губу скрывіў, “у госці да Купалы” не паехаў. І ў хуткім часе — ну ёсць жа Бог на свеце, кажа зямляк — пачаліся ў яго праблемы са здароўем. Бо да святыні, дададзім, стаўленне павінна быць адпаведным. А што Купала ёсць святыня для беларусаў — хто ж будзе адмаўляць?..

Чаму ж падаецца мне, што менавіта Сяргей Паўлавіч і падаў ідэю помніка Янку Купале ў Пячышчах? Бо не сакрэт: на яго заводзе якраз і адліваюць унікальныя помнікі, якія стаяць ужо ў розных гарадах Расіі ды і за яе межамі. Дарэчы, ужо год, з 5 верасня 2014-га (Віншуем, паважаны зямляк!) Сяргей Марудэнка мае статус Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Татарстан, да таго ж ён — член камісіі Грамадскай палаты Татарстана па пытаннях эканамічнага развіцця. Што азначае: ягоная прапанова — то не проста прыгожыя словы, а прадуманае, узважанае рашэнне.

І, дарэчы, грамадскі рух расійскіх беларусаў у бок Пячышчаў ужо адчуваецца. У праватнасці, Алена Ляшковіч расказала: будучы ў Мінску, з ёй сустракаўся ў Купалаўскім музеі Сяргей Кандыбовіч. Ён, як вядома, узначальвае ФНКА “Беларусы Расіі”. Помнік Янку Купале ў Пячышчах, па яе словах, беларусы Расіі маюць намер адкрыць да 135-годдзя Песняра — у 2017-м. “Гэты помнік самі беларусы Татарстана прапанавалі зрабіць, калі я была на пачатку чэрвеня на ўрачыстасцях у Пячышчах, — далікатна абыходзіць згадку пра аўтара ідэі Алена Ляшковіч. — І мы падключыліся да справы. У прыватнасці, вядомы скульптар Павел Вайніцкі ўжо робіць эскіз, прычым амаль бясплатна. А на заводзе, якім кіруе Сяргей Марудэнка, помнік адальюць па сабешкошце: у знак павагі да Янкі Купалы і да Беларусі. З Сяргеем Кандыбовічам пад час нядаўняй сустрэчы дамовіліся: падрыхтуем інфармацыю пра будучы праект — устаноўку помніка Янку Купале — і размесцім яе на сайце ФНКА “Беларусы Расіі” для абмеркавання. Пасля будзем шукаць спонсараў ці адкрываць дабрачынны рахунак для ажыццяўлення праекта”.

Купалаўцы на чале з Аленай Ляшковіч завезлі калегам у Татарстан — Музеем Купалы там кіруе Рыма Абызава — новую выставу: адкрылі яе і падаравалі музею. Пра тое, як праходзіла свята, ёсць тэкст на інтэрнэт-партале “Новости Казани”. “Гэты мілы куток беларускай культуры добра знаёмы не толькі жыхарам раёна: з усёй рэспублікі едуць сюды, каб пазнаёміцца ​​з творчасцю Купалы. А хто прыязджае да нас з візітам з сяброўскай краіны, то сваім абавязкам лічыць ушанаваць памяць волата беларускай культуры,” — чытаем у ім. На ўрачыстасці была, вітала гасцей гендырэктар Нацыянальнага музея Татарстана Гульчачак Назіпава, якая называе музей ў Пячышчах “пярлінай татарстанскай культуры”. У апошнія гады, дарэчы, жадаючых пабываць там становіцца ўсё больш, а гэта азначае: музей патрэбен раёну, Татарстану, ўсёй Расіі. На свяце гаварылі і пра неацэнную ролю музея ў захаванні дружалюбных стасункаў паміж краінамі, кантактаў між прадстаўнікамі розных культур.

Цёпла віталі ў Татарстане гасцей з Беларусі. Чытаем: “Як песня гучала прывітанне з вуснаў доўгачаканай на верхнеўслонскай зямлі госці — дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску Алены Ляшковіч. Здавалася, свет змяніўся і на тварах прысутных зайгралі ўсмешкі, калі яна загаварыла на беларускай мове. Як жа прыгожа яна гучыць, і зусім не патрабуе перакладу! Адным мова нагадала аб прасторах роднай Беларусі, іншыя пачулі гаворку братняга народа, атрымалі асалоду ад меладычнасці мовы. Алена Раманаўна прыехала не з пустымі рукамі. Для пачатку яна ўручыла Падзячны ліст за подпісам Міністра культуры Беларусі Рыме Абызавай, затым — верным памочнікам музея: начальніку вытворчасці Пячышчанскага млынкамбіната Даміру Фахрутдзінаву, калектыву “Калинушка” і аўтару гэтых радкоў. Але самы галоўны яе падарунак — гэта, вядома, перасоўная выстава “Клiчу вас я на Пабеду ...”, у якой падрабязна прадстаўлены жыццё і творчасць Песняра, у тым ліку і пячышчанскі яго перыяд. Пазней адбылося адкрыццё выставы, і госця з Беларусі Вольга Пархімовіч (Яна — загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы Купалаўскага музея. — Аўт.) на роднай мове правяла экскурсію”.

Прымаючы каштоўны падарунак, Рыма Абызава заўважыла: цяпер можна выязджаць з выставаю і за межы музея ды шырэй знаёміць расіян з творчасцю Янкі Купалы.

Даведка ГР.

Музей Янкі Купалы ў Татарскай АССР быў створаны ў маі 1975 года ў сяле Пячышчы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны Пясняр жыў з жонкаю ў эвакуацыі. Да 1982 года музей працаваў на грамадскіх пачатках. У снежні 2000-га музейная экспазіцыя была абноўлена. Цяпер музей у Пячышчах расказвае не толькі пра паэта, але і пра гісторыю вёскі, камбіната хлебапрадуктаў, якому ўжо больш за сто гадоў.

Голас Радзімы № 36 (3444), чацвер, 24 верасня, 2015

Аўтар: Іван Іванаў

Яшчэ фота

На Волзе шануюць Купалу
На Волзе шануюць Купалу

Каментары да фатаграфій

  1. Мясціна на беразе Волгі, дзе створаны Музей Купалы
  2. Супрацоўніца Купалаўскага музея Вольга Пархімовіч знаёміць з падоранай выставай

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар