24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датЗ актыўным удзелам самадзейных артыстаў з беларускай суполкі адзначалі ў Тальяці Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі
У Тальяці хораша адзначалі Свята яднання, прычым у цэнтры падзеі былі сябры беларускай суполкі “Нёман”, самадзейныя артысты з гурта “Купалінка”. У Палацы культуры “ТОЛЬЯТТИАЗОТ” сабралася поўная зала прыхільнікаў беларускай культуры — больш за паўтысячы гледачоў! Святочны канцэрт уключаў нумары як расійскія, так і беларускія. І ўсё прайшло на вельмі добрым узроўні.
Дзяўчаты нашы, з новага набору ў вакальным гурце “Купалінка”, усё больш упэўнена трымаюцца на сцэне. Прыемна бачыць, як падвышаецца з кожным разам іх майстэрства. І ўжо шмат салістак. А на канцэрце прыгожа выступілі, напрыклад, Анастасія Крыніцкая з песняй “Крапіва-лебяда”, Вольга Мачалава (“Сцежачка”), Вераніка Нікуліна (“Белая касыначка”). І пад час канцэрта лавіла я сябе на думцы: як добра, што ідзе амаладжэнне калектыву. З намі ўдзельнічалі ў канцэрце і прадстаўнікі Рускага культурнага цэнтра, якім кіруе Уладзімір Патакаў. Ён, у прыватнасці, дапамог нам стварыць на сцэне прыгожы відэарад. Я давала сябрам свае матэрыялы, нешта і яны дадалі. Усё выдатна атрымалася.
Акрамя нашай “Купалінкі”, выступалі на святочным канцэрце дзіцячы хор “Сонейка” з Дзіцячай школы мастацтваў імя Балакірава, нашы пастаянныя партнёры: харэаграфічны гурт “Лицей” з Ліцэя мастацтваў (харэографы-кіраўніцы ў ім Алена Майсеева і Алена Мечава ), народны гурт “Кредо” (кіраўніца Алена Балгасава), а са Стаўрапольскага раёна прыехаў харэаграфічны ансамбль “Радуга” (кіраўніца Наталля Ігнацьева).
Ад Самарскай губернскай Думы кожны з калектываў-удзельнікаў канцэрта атрымаў у падарунак вялізны святочны торт! Віншаваў усіх са святам і дэпутат тальяцінскай гарадской Думы, старшыня пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях Аляксандр Радзівонаў. Згадаў, дарэчы, і пра аўтапрабег у траўні мінулага года з Паволжа да Брэста: такія акцыі, казаў, спрыяюць умацаванню расійска-беларускага сяброўства. Што ж, будзем думаць пра новыя, не менш цікавыя і крэатыўныя праекты.
Дае мне сілы для працы і тое, што пасля канцэртаў людзі падыходзяць, дзякуюць. Шмат добрых слоў пачула, напрыклад, у гэты раз ад дырэктара Дзіцячай школы мастацтваў імя Балакірава, ад начальніка ўпраўлення культуры Стаўрапольскага раёна. Так што, напэўна, самы час у Тальяці ўжо ствараць і Клуб сяброў Беларусі.