24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датГерой Расіі Алег Навіцкі быў летась у ліку ганаровых гасцей на з’ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Ён і даў нам каштоўную “наводку” пра беларускія родавыя карані свайго “зорнага брата” Алега Арцем’ева.
Ужо двойчы пісала наша газета пра Алега Навіцкага, хоць раней асабістых сустрэч з касманаўтам-земляком аўтары не мелі. У прыватнасці, на пачатку 2013-га выйшаў тэкст Галіны Івуць “Высокая арбіта” з падзагалоўкам: “Ужо сто дзён у космасе працуе наш суайчыннік, ураджэнец горада Чэрвеня Алег Навіцкі. Варта нагадаць пра яго шлях да зорак” (ГР, 31.01.2013). Неўзабаве быў артыкул “Валянціна Навіцкая: “Мне здаецца, я сама лётала ў космас”: журналістка Іна Ганчаровіч зрабіла “аповед пра тое, якая гэта няпростая справа: чакаць сына” (ГР, 11.04.2013). Тэксты ёсць у архіве газеты ў інтэрнэце.
Услед за беларусамі Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам, якія асвойвалі космас у савецкі час, і маладзейшы Алег Навіцкі заняў ганаровае месца ў гісторыі Беларусі касмічнай. Нарадзіўся ён, нагадаем, у 1971-м у Чэрвені (да 1923-га: мястэчка Ігумен), гэта крыху больш за 60 км ад Мінска. Там закончыў школу і ў 1988-м адтуль “паляцеў у свет”: вывучыўся на ваеннага лётчыка, з часам стаў касманаўтам і ўрэшце правёў на Міжнароднай касмічнай станцыі больш за 140 сутак. Экіпаж МКС, як пісалі СМІ, на чале с беларусам Алегам Навіцкім вярнуўся на Зямлю 16 сакавіка 2013 года.
Мы ж у красавіцкую пару, калі штогод актывізуецца “тэма космасу”, мусім нагадаць: у сілу розных абставінаў нашы мужныя супляменнікі нараджаліся, стартавалі да зорак і з іншых месцаў планеты Зямля. Лёгка знайсці, напрыклад, беларускія родавыя карані ў знакамітай Валянціны Церашковай: яе бацька Уладзімір Аксёнавіч быў родам з вёскі Выйлава Бялыніцкага раёна Магілёўшчыны, а маці Алена Фёдараўна, у дзявоцтве Круглова — з вёскі Ерамееўшчыны Дубровенскага раёна Віцебшчыны. І сама ж першая ў свеце жанчына-касманаўтка прызнавалася: у дзяцінстве яна гаварыла па-беларуску. Спадзяемся, і цяпер матчыну мову не забылася! Пісалі мы і пра Героя Расіі Антона Шкаплерава: ён таксама беларус, хоць нарадзіўся ў Балаклаве пад Севастопалем.
Са згадкі пра некаторых вядомых супляменнікаў, якія “адзначылася” ў касмічнай гісторыі ў розны час, мы і пачалі невялічкую гутарку з Алегам Віктаравічам у кулуарах з’езда ФНКА “Беларусы Расіі”. Дарэчы, адзін са здымкаў касманаўта з тае сустрэчы быў у маіх ранейшых нататках “Грунтоўны выбар” (ГР, №21, 4.06.2015).
— Алег Віктаравіч, газета “Голас Радзімы” далучае ў “беларускі свет” і тых асоб, якія праз бацькоў, дзядоў маюць крэўную повязь з Беларуссю. Не засёды, як вядома, месца нараджэння вызначае нацыянальнасць чалавека. Скажам, у сем’ях беларускіх афіцэраў у савецкі час дзеці нараджаліся і ва ўсходняй Германіі, Грузіі, Арменіі — але ад таго не станавіліся немцамі, грузінамі ці армянамі… І народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль, як вядома, нарадзіўся ў Адэсе: так склаліся жыццёвыя абставіны. Вось газета наша і звяртае ўвагу на беларускія карані адметных людзей. А яны ёсць, як вядома, у рускіх пісьменнікаў Фёдара Дастаеўскага, Юрыя Алешы, Аляксандра Грына, у кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча... То можа вы сустракаеце ў атрадзе расійскіх касманаўтаў, сярод людзей, набліжаных да касмічнай галіны, і нашых суродзічаў?
— Адразу так цяжка сказаць... Але я ведаю, напрыклад, што ў Алега Арцем’ева, пэўна, ёсць нейкая сувязь з Беларуссю. Ён часам ездзіць у Віцебскую вобласць: можа, па беларускіх бабулях-дзядулях там ёсць карані…
— Дзякуй за падказку, пацікавімся...
(Забягу крыху наперад. Як зняў тэкст з дыктафона, то лёгка знайшоў праз інтэрнэт: Алег Арцем’еў хоць і нарадзіўся 28 снежня 1970 года ў Рызе, але ж у сям’і ваеннага інжынера Германа Аляксеевіча. І бацька ў яго, пэўна, беларус: “нарадзіўся ў пасёлку Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці”. Што ж прадвызначыла юнаку дарогу да зорак? Магчыма, і тое, што бацькі Героя Расіі (дарэчы, высокае званне яму прысвоена 15 лютага 2016 года) у 70-80-я гады жылі ў горадзе Ленінску (цяпер Байканур) Кзыл-Ардзінскай вобласці Казахскай ССР: там Герман Аляксеевіч праходзіў службу. А ў 1992-м яны пераехалі жыць у Віцебск. Бліжэй да родных мясцін галавы сям’і... Яшчэ ёсць звесткі, што маці касманаўта, Вольга Мікалаеўна, да пенсіі працавала на прадпрыемстве “Віцебскдрэў”, дзе і цяпер працуе малодшая сястра Алега — Таццяна. Алег Арцем’еў быў у космасе ў складзе экіпажа карабля “Союз ТМА-12М” (камандзір Аляксандр Скварцоў) з 26 сакавіка па 11 верасня 2014 года ў якасці бортінжынера. Пры тым ён здзейсніў два выхады ў адкрыты космас, агульнай працягласцю 12 гадзін 34 мінуты.)
— ...З ліку тых, хто ўваходзіць у запасныя экіпажы, можа, Алег Віктаравіч, беларусаў ведаеце? Бо, напэўна, не ўсе ж выходзяць “на арбіту славы”.
— Ну вядома, з усіх, адабраных у атрад касманаўтаў, дзесьці трэцяя частка ўсяго лётае. І я ведаю: ёсць касманаўты, якія яшчэ пры Савецкім Саюзе рыхтаваліся, але не зляталі.
— Інтарэс да вас, Алег, у Беларусі немалы. Вы, напрыклад, былі ў Мінску на Касмічным кангрэсе: праходзіў здымак у розных СМІ, ды і ў нашай газеце. Там і Пётр Клімук, і Уладзімір Кавалёнак... Потым вы з жонкаю-журналісткай Юліяй “засвяціліся” на Міжнароднай кніжнай выставе, калі прэзентавалася яе кніга “Алег Навіцкі. Голас сэрца. Дзённік жонкі касманаўта”. Дарэчы, яна, пэўна, першаю адкрыла такі цікавы публіцыстычны жанр! А якія ў вас цяпер сувязі з Беларуссю? На радзіму, у Чэрвень, часта ездзіце?
— Вельмі часта. Мама там жыве, я ў яе бываю. У сакавіку 2015-га адзначалі яе 65-годдзе. І 9 мая прыязджаў дадому. Хоць былі іншыя прапановы — але паехаў дадому, адзначалі Свята Перамогі. І на выхадныя часам магу з’явіцца. Па вясне люблю прыязджаць. Неяк зямлю пры доме ўскапаў, салідную градку. Цяпліцу самаробную з дзедам паставілі, ды і ў ёй глебу перакапаў.
— У вас, здаецца, яшчэ брат, сястра ў Беларусі жывуць?
— Яны ў сталіцы працуюць, паміж Чэрвенем і Мінскам матаюцца. Я самы старэйшы ў мамы, потым нарадзілася сястра мая Марына, потым брат Дзіма.
— Алег, а ваша дачка Яна хоць трохі ведае беларускую мову, ну хоць асобныя словы?
— Мусіць, не... Я з’ехаў, паступіў у ваеннае вучылішча яшчэ пры Савецкім Саюзе, у 88-м годзе. Сам я беларускую мову ведаю, гавару на ёй нядрэнна. Вершы памятаю са школы. Ну а дачка... Яна ж нарадзілася ў Будзёнаўску, гэта Стаўрапольскі край. Так, яна ў Беларусі бывае, чуе, як у Чэрвені гавораць. Але ў нас жа не гавораць на чыстай беларускай — на сумесі рускай і беларускай моваў. І Яна ўсё выдатна разумее — бо мовы блізкія. Я лічу: дзяліць беларусаў на тых, хто ўмее размаўляць на беларускай мове, і тых, хто не ўмее, не варта. Трэба шукаць тое, што нас аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае.
— Дзяленне грамадзян у краіне па мове — шлях у нікуды. Бо мова, як і вера, усё ж асабісты выбар кожнага. Але, пагадзіцеся, мы жывём у соцыуме. І ў чалавека культурнага моўны выбар вызначаецца духоўна-маральнаю матрыцай: люблю сваё і паважаю чужое. А бывае: чалавек жыве ў Беларусі з часоў Саюза, а да беларускай мовы не мае ні любові, ні павагі... Ні жадання яе разумець...
— Родную мову, безумоўна, кожны павінен ведаць. Але ж і руская мова — дзяржаўная ў Беларусі. Так што не трэба нам “па мове” дзяліцца на сваіх і чужых.
— Згодзен. Таму і прагаласавалі беларускія грамадзяне ў свой час за дзве дзяржаўныя мовы. Скажыце, а як вы апынуліся ў Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”?
— Мы маем зносіны з Сяргеем Кандыбовічам (на з’ездзе ён быў абраны старшынёй савета ФНКА “Беларусы Расіі”. — Аўт.). Я быў на адным мерапрыемстве, якое ладзілі беларусы Масквы, потым яшчэ запрашалі, ды не выпадала: я дзеючы касманаўт. У мяне дзень распісаны па гадзінах. Вось і сёння да канца тут быць не змагу — паеду. У мяне свой распарадак: падрыхтоўка, трэніроўкі розныя. Тут — праца грамадская, а ёсць і асноўная. Вось калі буду на пенсіі — тады паглядзім (усміхаецца).
— Ужо вядома, калі наступны ваш палёт на Міжнародную касмічную станцыю?
— Так, па плане Раскосмаса старт будзе 16 лістапада 2016 года. І ўжо ідзе шчыльная падрыхтоўка.
— У экспедыцыі, якой камандаваў беларус Антон Шкаплераў, здаецца, былі нейкія складанасці з вяртаннем...
— Так, праблемы там былі з грузавіком... Такія затрымкі здараліся і раней, у іншых экіпажаў.
— У Беларусі цяпер жартуюць: што такое сапраўдны інтэрнацыяналізм на высокім узроўні? Адказ: гэта калі беларус — камандзір экіпажа расійскага касмічнага карабля, а ў яго падначаленні на арбіце — касманаўты са Злучаных Штатаў Амерыкі ды Еўрасаюза...
— Хіба Шкаплераў беларус? Ён расіянін, член расійскага атрада касманаўтаў...
— Зразумела, ён расійскі касманаўт. А па нацыянальнасці ж беларус. Наша газета пра тое пісала, і “СБ. Беларусь сегодня” таксама. Быў сяброўскі шарж: Антон Шкаплераў з сябрамі на МКС у беларускім саламяным брылі... Дарэчы, гэта беларусы Севастопаля знайшлі спачатку інфармацыю ў газеце. Калі пасля палёта Шкаплераў, які родам з Балаклавы, сустракаўся са школьнікамі, у яго запыталі: рускі ён ці ўкраінец? Ён адказаў: я беларус. Антон, які нарадзіўся і вырас далёка ад Беларусі, усведамляе роднасць з беларускім народам. Бацькі яго, Мікалай Іванавіч і Тамара Віктараўна, — з Быхаўскага раёна, там і цяпер жывуць родзічы касманаўта. А ў Балаклаву Шкаплеравы прыехалі па месцы службы: Антонаў бацька быў падводнікам. Беларусы з севастопальскай суполкі знайшлі бацькоў касманаўта, пабывалі ў гасцях. І ў Беларусі ведаюць: у Антона Шкаплерава беларускія карані. Яго можна смела прымаць у суполку “Беларусы Расіі”, як і Валянціну Церашкову. Скажыце, Алег Віктаравіч, а вы ў родную школу нейкія матэрыялы перадавалі? Можа фатаграфіі, сшыткі свае вучнёўскія...
— Сёе-тое перадаваў. Гэта 2-я школа Чэрвеня, там я вучыўся ўсе 10 гадоў. Падтрымліваю адносіны з педкалектывам, са школьнікамі сустракаюся. Праўда, не часта: інакш ім будзе не надта цікава мяне слухаць. Праходзілі сустрэчы ў розных класах, у асноўным у старэйшых. Там ёсць Музей касманаўтыкі. У ім шмат ужо маіх фотаматэрыялаў, там ёсць мой шлемафон, камбінезон, пальчатка, якія пабывалі на арбіце.
— Дзённікі вашыя школьныя не захаваліся з адзнакамі? Падручнікі?
— Не памятаю... Звычайна ў нас усе школьныя дзённікі захоўваліся дома. А куды дзеліся? Трэба будзе ў мамы спытаць. І пашукаць...